Сяргей Пятрулевіч быў дыспетчарам камунальнай гаспадаркі ў Ваўкавыску. Увосень 2021 года ён з’ехаў у Польшчу. Потым на яго завялі крымінальную справу з палітычных матываў. Увесну 2023 года ён звярнуўся ў Камісію па вяртанні і ў выніку вярнуўся ў Беларусь 15 жніўня. Справу на яго так і не закрылі, але суда ён чакае на волі - пад падпіскай аб нявыездзе. «Пакаянае» інтэрв'ю паказаў тэлеканал АНТ.

Сяргею Петрулевічу 51 год, ён адпрацаваў у Ваўкавыскай камунальнай гаспадарцы 12 гадоў. Пасля выбараў 2020 года, калі ў краіне пачаліся масавыя рэпрэсіі, атрымаў 10 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» — рэпосты.

З’ехаў у Польшчу — завялі справу

Увосень 2021 года Сяргей з’ехаў у Беласток. У сюжэце тэлеканала ён кажа, што паехаў на заробкі, бо пачуў, што ў Польшчы можна добра зарабіць. Паводле інфармацыі АНТ, ён даведаўся аб крымінальнай справе супраць яго ўжо за мяжой. Справу распачалі паводле двух артыкулаў: арт. 369 КК за нібыта абразу супрацоўніка міліцыі і арт.
188 КК за нібыта паклёп у дачыненні да прадстаўніка ўчастковай выбарчай камісіі. У Беларусі ў яго засталіся жонка, сын-падлетак і маці.

У Польшчы, каб нешта зарабіць, трэба «працаваць вельмі цяжка» і «там ты нікому не патрэбны», распавёў Сяргей у інтэрв'ю ОНТ. Таксама ён паскардзіўся на высокія кошты ў Польшчы. Ён, нібыта, хацеў адразу вяртацца — але даведаўся аб крымінальнай справе.

Змякчылі меру стрымання, але справу не закрылі

Спачатку Сяргей жыў у хостэле, потым зняў пакой. «Перабіваўся выпадковымі заробкамі, у асноўным дапаможным працоўным», распавялі ў сюжэце АНТ. «Паводле спецыяльнасці там уладкавацца немагчыма — трэба веданне мовы […] На харчаванне мне хапала. Каб недзе там адкласці, сабраць грошай, адправіць дадому — пра гэта гаворка не ішла», — кажа Сяргей у сюжэце. Скардзіцца і на дарагую платную медыцыну, і на чэргі да дактароў.

Сяргей Петрулевіч вярнуўся ў Ваўкавыск, звярнуўшыся ў камісію Шведа
Сяргей Пеятрулевіч у Ваўкавыску. Скрыншот Hrodna.life з відэа тэлеканала АНТ

Вясной 2023 года Петрулевіч звярнуўся ў камісію па вяртанні тых, хто з’ехаў. Там вырашылі змякчыць меру стрымання, але крымінальную справу не закрылі. Падчас перасячэння мяжы яго не затрымалі і не адправілі ў следчы ізалятар. Суда ён чакае пад падпіскай аб нявыездзе. Справа зараз на «дадатковым разглядзе ў Следчым камітэце».

Цяпер Сяргей Петрулевіч афармляе дакументы, каб працаваць вартаўніком у адной са школ Ваўкавыска.

Хто рабіў сюжэт пра Петрулевіча?

Аўтарка сюжэту на АНТ — гродзенка Надзея Завіноўская. Яна была адным з першых аўтараў «Твайго стылю», які пазней стаў Hrodna.life і быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Потым працавала ў газеце «Вячэрні Гродна» і ў тэлерадыёкампаніі «Гродна», дзе даслужылася да пасады загадчыцы аддзела радыёвяшчання — фактычна кіраўніка «Радыё Гродна». Але потым нешта пайшло не так — і ёй прыйшлося пайсці на ОНТ.

Сотрудница ОНТ Надежда Завиновская (справа) и руководитель Гродненского облисполкома Владимир Караник. Фото: instagram.com/nadzejka.tut
Надзея Завіноўская (справа) і кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Фота: instagram.com/nadzejka.tut

На АНТ Завіноўская займаецца прапагандай: напрыклад, у кастрычніку 2020 года рыхтавала сюжэт пра тое, як беларусы нібыта масава падтрымліваюць супрацоўнікаў міліцыі, а ў студзені 2023 г. — рэпартаж з суда над Анджэем Пачобутам.

Час выхаду сюжэту пра Петрулевіча падаецца не выпадковым. З 7 верасня ў консульствах Беларусі за мяжой немагчыма абмяняць пашпарт, які скончыўся. Гэта можа неўзабаве прынесці шмат праблем беларусам-эмігрантам, якія з палітычных прычын баяцца вяртацца ў Беларусь. На гэта і разлічаны сюжэт АНТ, які запэўнівае, што ехаць у Беларусь — нібыта бяспечна.

Чытайце таксама: «Адмова ў консульскіх паслугах закране сотні тысяч беларусаў». Што нясе новы ўказ аб дыппрадстаўніцтвах, і што рабіць?

Што гэта наогул за сюжэты такія — «пакаяныя»?

Петрулевіч у відэа некалькі разоў паўтарае, што раскайваецца, просіць прабачэння і спадзяецца, што яму даруюць. Іншых, хто з’ехаў за мяжу з палітычных матываў, ён заклікае вяртацца. Маўляў, там яны нікому не патрэбны, а ў Беларусі іх заўсёды прымуць. «Пры першай жа магчымасці, едзьце дадому», — кажа Сяргей.

Відэа, дзе людзей прымушаюць каяцца за нібыта здзейсненыя імі правапарушэнні, сталі з’яўляцца ў Telegram-каналах сілавікоў і іншых праўладных каналах пасля падаўлення пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Беларусі пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе. Такія відэа звычайна здымаюць на зялёным экране, каб можна было накласці фонам якую-небудзь карцінку, а тэкст прызнанняў ці выбачэнняў, які чытаюць затрыманыя, гучыць вымучана і не вельмі шчыра. Затрыманыя бяруць удзел у такіх здымках, бо баяцца лішні раз злаваць сілавікоў, або ім пагражаюць.

Чытайце таксама: Мои данные появились в канале «Поступи по совести». Что делать?

Пазней «пакаяныя» відэа сталі распаўсюджваць і ў іншых каналах. Напрыклад, студэнта юрфака БДУ прымусілі пакаяцца за крытыку адміністрацыі факультэта і БРСМ — відэа размясцілі ў сацсетках універсітэта. «Пакаяныя» відэа з’яўляліся і ў дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.

Юрысты лічаць, што практыка запісу такіх відэа — гэта парушэнне фундаментальных правоў чалавека.

Што такое камісія па вяртанні?

Камісію для працы з «ахвотнымі вярнуцца на Радзіму» беларусамі Аляксандр Лукашэнка стварыў у лютым 2023 года. Камісія разглядае звароты беларусаў-палітэмігрантаў, якія знаходзяцца за мяжой, і якія, на думку беларускага рэжыму, учынілі нейкае правапарушэнне і хочуць вярнуцца ў Беларусь.

Узначаліў камісію генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, таксама ў яе ўвайшлі дэпутаты, прапагандыст Рыгор Азаронак, кіраўнік Следчага камітэта Зміцер Гара, кіраўнік МУС Іван Кубракоў, старшыня КДБ Іван Церцель і іншыя пралукашэнкаўскія чыноўнікі.

За першыя месяцы працы ў камісію паступіла ўсяго пару дзясяткаў зваротаў, за ўвесь час — каля сотні. Пры гэтым «Кіберпартызаны» сцвярджаюць, што насамрэч зваротаў за пяць месяцаў было ўсяго 16. Ухвалілі, наколькі вядома, два звароты: маці Рамана Пратасевіча і мінчука Філіпа Давыдава.

Апошні, як і Сяргей Пятрулевіч, быў вымушаны зняцца ў прапагандысцкім сюжэце беларускага тэлебачання. Там ён прызнаўся, што ў жніўні 2020 года нібыта здзейсніў «цяжкае злачынства» — ударыў міліцэйскую машыну.

«Я не шанаваў простыя рэчы, што ў Беларусі чыстыя вуліцы, мірнае неба над галавой, добрыя, ветлівыя грамадзяне, найлепшыя людзі - беларусы, не шанаваў, што жыў дома, дзе можна схадзіць у душ, папіць вады, калі захочаш, паесці, — распавёў Давыдаў у эфіры „Беларусь 1“. — Сёння прэзідэнт стварыў усе механізмы, каб грамадзяне маглі вярнуцца ў сваю краіну, жыць і займацца сваімі справамі. Я зацікаўлены, каб нашыя грамадзяне вярталіся ў Беларусь, каб яны паглядзелі маё інтэрв'ю і зрабілі сабе высновы і зразумелі, што нідзе за мяжой для іх лепш не будзе, толькі дадому. І прэзідэнт казаў: на каленях паўзіце. Сёння мой прыклад — нават на каленях паўзці не трэба. Я звярнуўся ў камісію і шпацырую па горадзе».

На мяжы ўсё роўна затрымліваюць

Беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну з-за мяжы, могуць затрымаць проста на мяжы ці праз некаторы час. Напрыклад, у Гродне затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў больш за 1000 паведамленняў з абразамі ў чатах і каналах. Па адміністратыўных справах затрымліваюць і пры выездзе з краіны, і пры вяртанні. Пасажыраў рэйсавых аўтобусаў могуць праверыць і пры наяўнасці ў тэлефоне «экстрэмізму» — затрымаць.