Палітвязень Глеб Койпіш выйшаў на волю пасля двух гадоў «хіміі» — і яшчэ два палітвязні. 20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» была затрыманая жанчына — яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу будуць судзіць па новай крымінальнай справе — за непадпарадкаванне адміністрацыі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 19 па 25 чэрвеня.

Уладзімір Гемза з Ліды прызнаны палітзняволеным

Яго асудзілі на два гады калоніі за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) у каментарах.

Владимир Гемза. Фото Telegram-канал Суды задержания в Лиде
Уладзімір Гемза. Фота: Telegram-канал «Суды, задержания в Лиде»

Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу будуць судзіць па новай крымінальнай справе — за непадпарадкаванне адміністрацыі

Былога сілавіка Уладзіміра Кнігу асудзілі на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Пазней палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму, паведамляе «Вясна».

У Жодзіне 29 чэрвеня над ім адбудзецца суд паводле арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Справу будзе разглядаць суддзя Іван Грынкевіч — ён жа нядаўна асудзіў па гэтым артыкуле і Сяргея Ціханоўскага.

Обвиняемый Владимир Книга
Уладзімір Кніга ў судзе. Фота: Hrodna.life

За абразы на адрас судовага выканаўцы жыхару Гродзеншчыны прызначылі штраф

У красавіку жыхар Слонімскага раёна напісаў на службовы нумар у Viber начальніку аддзела прымусовага выканання раёна. У яго паведамленні былі абразы ў непрыстойнай форме. Мужчына быў даўжніком. Судовы выканаўца звязваўся з ім па тэлефоне і нагадваў аб пагашэння запазычанасці. У выніку ён звярнуўся ў АУС, і справа пайшла ў суд, паведамляе «Гродзенская праўда».

Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Па якім артыкуле — адміністрацыйнай або крымінальнай — распачалі справу, невядома.

Былога супрацоўніка міліцыі асудзілі на тры гады «хіміі» за паклёп на Лукашэнку

У судзе Лідскага раёна 1 чэрвеня вынесены прысуд 53-гадоваму Юрыю Царэвічу, абвінавачанаму ў паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі па ч.2 арт. 367 КК. Гэты пост ён размясціў у «Одноклассниках» і Telegram-каналах «Крыніца-Chat» і «Іхтыяндры Гродна».

Суддзя Аляксандр Мішураў прызначыў Царэвічу тры гады «хіміі». Яму змянілі заключэнне пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах, паведамляе «Вясна».

Юрый Царэвіч да сыходу на пенсію працаваў у Лідскім аддзеле аховы супрацоўнікам міліцыі. Быў вымушаны звольніцца з аховы пасля таго, як зьявілася інфармацыя пра тое, што пачалося следзтва над ім. Юрыя арыштавалі на працы, ён працаваў ахоўнікам у краме «Еўраопт».

Таксама Юрый — выдатны спартсмен, майстар спорту па стральбе, мае траіх дзяцей.

Раней Царэвіча судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Юрий Царевич
Юрый Царэвіч. Фота: «Вясна»

Журналіста Андрэя Пачобута перавялі ў наваполацкую калонію

Там ён будзе адбываць пакаранне — восем гадоў пазбаўлення волі па арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці», паведамляе «Вясна».

Анджей Почобут в суде. Фото БелТА
Анджэй Пачобут у судзе. Фота: БелТА

Віталь Чарнавусаў з Ліды асуджаны па абвінавачванні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці

Па арт. 361−2 КК яго асудзілі да пяці гадоў калоніі і штрафу ў 15 000 рублёў за ахвяраванні фонду, які падтрымлівае ахвяр адвольных палітычна матываваных рэпрэсій.

Яго прызналі палітвязнем 21 чэрвеня.

У Мастах прайшлі ператрусы ў доме кіраўніка фонду «Беларускі фонд у Варшаве» Алеся Зарэмбюка

Грамадскі і палітычны актывіст шмат гадоў жыве ў Польшчы.

«Сёння па месцы майго жыхарства і прапіскі ў Мастах прайшлі два ператрусы. Прадстаўнікі Следчага камітэта з Гродна дапыталі тату, цяпер дапытваюць у царкве маму (мама — настаўніца — вядзе ў царкве заняткі з дзеткамі). Супраць мяне распачалі тры крымінальныя справы», — напісаў ён 21 чэрвеня ў Facebook, піша Беларускае радыё Рацыя.

Алесь Зарембюк.
Алесь Зарэмбюк. Фота: з адкрытых крыніц

У Гродне за масавыя беспарадкі асудзілі медыка

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 22 чэрвеня вынеслі прысуд 24-гадоваму медыку Артуру Хлусу. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 КК) і асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Яго затрымалі 22 кастрычніка 2022 года за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і за ўдзел у пратэстах і да суда змясцілі ў СІЗА гродзенскай турмы № 1. Разгляд справы пачаўся 27 лютага 2023 года. Суддзя з Дзмітрыя Кедаля змяніўся на Маргарыту Ланцэвіч.

Палітвязень Артур Хлус да затрымання працаваў фельчарам гродзенскай брыгады хуткай дапамогі і з’яўляўся студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Артур родам з Пінска. Вучыўся ў Слонімскім медыцынскім каледжы, скончыў з чырвоным дыпломам і па заканчэнні быў размеркаваны ў Гродна.

19 траўня 2023 года КДБ дадаў палітвязня ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Артур Хлус. Фото Вясна
Артур Хлус. Фота: «Вясна»

Затрыманне ў Мастах

Жыхара Мастоў затрымалі за «недабразычлівыя» каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі ў Youtube і Telegram. Паводле версіі сілавікоў, ён таксама прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога».

Мужчыну затрымалі ў адных трусах.

Задержанный в Мостах
Затрыманы ў Мастах. Скрыншот Hrodna.life

Затрыманне на беларуска-літоўскай мяжы

20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» была затрыманая жанчына — яе знялі з рэйсавага аўтобуса. Яе далейшы лёс невядомы, паведамляе «Вясна».

Вядома, што ў траўні ў Астраўцы адбылося некалькі судоў над затрыманымі на беларуска-літоўскай мяжы. Вядома пра два штрафы ў 1110 рублёў і 5 дзён арышту за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

Палітвязень Кірыл Суслін цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю

Хлопца затрымалі за каментары па «справе Зельцара», а абвінавацілі па арт.342 КК. 6 лютага 2023 года яго прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Вядома, што Кірылу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыў сябе вінаватым.

Свой тэрмін Суслін адбываў у шклоўскай ПК № 17, паведамляе «Вясна».

Кирилл Суслин
Кірыл Суслін. Фота: «Вясна»

Гродзенец Андрэй Сцепаненка выйшаў на волю

У красавіку 2022 года гродзенца асудзілі на паўтара года калоніі за каментар у чаце выпускнікоў, дзе было 10 чалавек. Супрацоўнік РАУС пры затрыманні адкрыў чат выпускнікоў-ліцэістаў і ўбачыў там каментар, які палічылі абразай прэзідэнта (арт. 368 КК)

Ён адбываў тэрмін у бабруйскай калоніі. Яго неаднаразова змяшчалі ў СІЗА.

Андрей Степаненко.
Андрэй Сцепаненка. Фота: Instagram героя

Затрыманне ў Гродне

Гродзенца затрымалі за «шэраг экстрэмісцкіх каналаў» у Telegram і Instagram і каментары ў адрас сілавікоў. На яго выйшлі пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы, дзе ён падтрымаў Украіну.

Задержанный в Гродно в июне. Скриншот Hrodna.life
Затрыманы ў Гродне. Скрыншот Hrodna.life

Новыя «экстрэмісты»

Царэвіч Юрый Віктаравіч з Ліды, Пачобут Андрэй Станіслававіч і Баравік Аляксандр Фёдаравіч з Гродна 23 чэрвеня ўнесены ў «спіс экстрэмістаў».

Двух гродзенцаў асудзілі за ўдзел у пратэстах

23 чэрвеня 2023 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд двум гродзенцам паводле ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Суддзя — Уладзімір Пазняк.

  • Савашынская Ірына Мікалаеўна — 2 гады «хатняй хіміі»;
  • Паўленка Аляксей Мікалаевіч — 1,5 года «хіміі».

Палітвязняў адпусцілі ў зале суда, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Музыкі гурта Irdorath Уладзімір і Надзея Калач з’ехалі з Беларусі і знаходзяцца ў бяспецы

Надзею і Уладзіміра прысудзілі да двух гадоў калоніі. Іх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі (арт. 342 КК). У красавіку яны выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, паведамляе «Вясна».

Надежда и Владимир Калач
Надзея і Уладзімір Калач. Фота: facebook.com/Irdorath.by

Палітвязень Глеб Койпіш выйшаў на волю

Стваральнік фірмы «Іквадарт» Глеб Койпіш быў асуджаны на два гады «хіміі» паводле арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ён адбываў прысуд у ПУАТ № 21 Мазыра, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

За гэты час некалькі разоў яго судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. У траўні Глебу ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў следчы ізалятар. Мужчыну ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».

Глебу прапаноўвалі з’ехаць ад пераследу, але ён вырашыў застацца ў Беларусі.

Глеб Койпиш
Глеб Койпіш. Фота: Hrodna.life

Палітзняволенаму журналісту Дзянісу Івашыну ўзмацнілі рэжым: яго адправілі ў турму

Дзяніс Івашын з 19 чэрвеня 2023 года знаходзіцца ў турме № 8 Жодзіна. Інфармацыю паведамілі ў лісце на імя яго мамы Людмілы Івашынай-Добінай. Ліст прыйшоў ад начальніка спецаддзела ўстановы маёра ўнутранай службы Царкоўнага. У лісце на імя маці няправільна пазначылі імя па бацьку Дзяніса. Яго назвалі «Сяргеевічам», а не «Яўгенавічам».

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын. Фота: профіль героя ў Facebook

Гродзенскую актывістку Анжаліку Арэхва не выпусцілі з Беларусі

Актывістку не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліку Арэхву 23 чэрвеня не выпусцілі з Беларусі. Пра прычыны ёй не паведамілі і параілі звярнуцца ў мясцовы РАУС.

Анжаліка Арэхва
Анжаліка Арэхва. Фота: Facebook

У Гродне падпалілі патрульную машыну каля аддзялення, проста пад камерамі

У Гродне затрымалі жанчыну, якая, па звестках УУС, падпаліла міліцэйскі аўтамабіль. Для падпалу яна абрала стаянку перад аддзяленнем міліцыі, на якой былі ўсталяваныя камеры.

абгарэлы патрульны аўтамабіль
У Гродне на стаянцы каля аддзялення міліцыі падпалілі патрульную машыну. Скрыншот Hrodna.life

Бондарава запісала «пакаяннае» відэа з самой сабой. Навошта?

Праўладная актывістка з Гродна Вольга Бондарава апублікавала ў сябе ў канале «афіцыйную заяву». У ёй яна просіць прабачэнне ва «ўсіх, каго магла пакрыўдзіць неасцярожным словам». Раней Бондарава ўступіла ў канфлікт з кіраўніком абласной міліцыі Дзмітрыем Рэзянковым.

Беларусаў пачалі распранаць на мяжы — у рамках асабістага дагляду

Пра як мінімум адзін выпадак поўнага асабістага догляду ў пункце пропуску «Беняконі» распавялі ў адным з чатаў. Гэта значыць, чалавека распранулі прама да майткоў. Акрамя гэтага, агледзелі тэлефон і правялі «гутарку».