Актывістку не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліку Арэхву 23 чэрвеня не выпусцілі з Беларусі. Пра прычыны ёй не паведамілі і параілі звярнуцца ў мясцовы РАУС.

«Мяне сёння не выпусцілі з Беларусі. Пра прычыну было загадана даведацца ў РАУС. Такая беларуская рэальнасць 2023 г.», — напісала Анжаліка ў Facebook.

Анжаліцы Арэхве адмовілі ў выездзе з Беларусі.
Анжаліцы Арэхве адмовілі ў выездзе з Беларусі. Фота: Facebook гераіні

Анжаліка Арэхва была намесніцай кіраўніка Рады непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Раней — узначальвала Саюз палякаў, была дырэктаркай і выкладчыцай у польскай школе. Былы муж Анжалікі Арэхвы — былы палітвязень, гродзенскі музыка Ігар Банцар.

У 2022 годзе яе выклікалі ў міліцыю і судзілі па арт.19.11 ч. 2 КаАП «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі».