Кожную суботу ў Беларускім доме ў Вільні гродзенцы збіраюцца пісаць лісты ў беларускія вязніцы. Іх адрасаты — зняволенныя гродзенцы і жыхары вобласці. Таксама пішуць тым, хто адбывае пакаранне на Гродзеншчыне. За дзве сустрэчы лістапада гродзенцы адправілі ў вязніцы Беларусі больш за 30 лістоў. «Гэтым мы дапамагаем ім не адчуваць сябе адарванымі ад жыцця, ад інфармацыі. Для нас важна падтрымаць людзей сваімі лістамі, паказаць на справе тую салідарнасць, што праявілася паўтары гады таму», — кажа аб сустрэчах адна з удзельніц, Вольга Вялічка.

«Ты не адзін»

У кожнага з тых, хто піша лісты палітзняволеным, свая тактыка і стратэгія складання зместу. «Проста брала песню Шаўчука „Ты не адзін“ і запісвала словы. Там і пра дождж, і пра тое, што ёсць людзі, гатовыя цябе падтрымаць», — расказала Hrodna.life Кацярына Туманава.

лісты палітзняволеным
Фрагмент ліста, адпраўленага зняволеным гродзенцам

«Бывае цяжка намацаць тэму, асабліва, калі пішаш незнаёмаму чалавеку. Найцяжэй зразумець, што прапусціць і не прапусціць цэнзар, — распавёў Hrodna.life Вадзім Саранчукоў. — Для чалавека ў зняволенні любая інфармацыя з волі вельмі важная. Заўжды можна напісаць пра надвор’е, пра сяброў, запытаць пра здароўе. Любое цёплае слова падтрымкі - вялікая справа. З калегамі па партыі мы таксама часта пішам Рыгору Кастусёву. Ведаю дакладна, што большасць лістоў не даходзіць. На жаль, гэта рэчаіснасць, у якой жывуць нашы людзі, нашы беларусы, што знаходзяцца ў вязніцах».

лісты палітзняволеным
Вадзім Саранчукоў (справа) за ліставаннем

«Напісала зняволеным па справе Аўтоховіча, што сядзяць зараз у гродзенскай турме. Пісала, што мы думаем пра іх кожны дзень, што робім імпрэзы, прысвечаныя беларускім падзеям, і што мы не збіраемся спыняцца, што мы верым. Каб яны таксама верылі», — распавяла Hrodna.life Наталля Лявонава.

Чытайце таксама:

«Пісалі нават з Галівуда»

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, Дзмітрый Фурманаў, сам толькі нядаўна выйшаў з-за кратаў. Яго затрымалі па справе Ціханоўскага вясною 2020, перад выбарамі.

Чытайце таксама: «Возможно, сейчас бы сидел». Бывший политзаключенный Дмитрий Фурманов уехал из Беларуси

«Найбольш чакаў лістоў ад бацькоў і ад сваёй дзяўчыны Волі. Проста, каб даведацца, што ў іх ўсё ў парадку». Гродзенец правёў у турме год з паловай. За гэты час ён атрымаў больш за тысячу лістоў. «З улікам цэнзуры можна смела памнажаць на два, — распавёў Дзмітрый Hrodna.life. — Пісалі беларусы з усяго свету, нават з Галівуда».

лісты палітзняволеным
Сустрэчы гродзенцаў адбываюцца кожную суботу ад пачатку лістапада

«Адмыслова пісала тым, каго асабіста не ведаю, — расказала Hrodna.life Вольга Вялічка. — Тым людзям, што вымушаны знаходзіцца ў зняволенні на гродзенскай зямлі. Мы б ніколі ў жыцці з імі не пазнаёміліся і не ліставаліся б. Але вельмі спадзяюся, што праз лісты яны нават у зняволенні адчуюць цеплыню гродзенскай зямлі і прыязнасць гродзенцаў. Я спрабавала гэта перадаць. Для мяне яны сапраўдныя героі. Не з кніжак, не чужых апавяданняў, а з рэальнага жыцця».

Напісаць, каб праявіць салідарнасць

«Першы ліст я напісаў да Ігара Банцэра, — распавёў Hrodna.life Сяргей Вялічка. — Не зважаючы на тое, што ў нас ад першай сустрэчы не вельмі складваліся стасункі». На думку Сяргея, зараз падтрымка больша важная за асабістыя дробныя крыўды.

«Трохі пра навіны, трохі пра надвор'е». Гродзенцы Вільні збіраюцца разам і пішуць лісты зняволеным
Гродзенцы пішуць лісты палітзняволеным

«Зразумела, што людзям за кратамі патрэбна падтрымка. У нас ёсць магчымасць гэта зрабіць. Гэта — наш унёсак у агульную справу. Напісаў усім, каб не страчвалі надзеі, верылі ў свае сілы і ведалі, што ёсць людзі, каторыя падтрымаюць. А яшчэ ёсць зваротны адрас, куды таксама можна напісаць».

лісты палітзняволеным
За дзве сустрэчы, што прайшлі ад пачатку лістапада, гродзенцы напісалі больш за 30 лістоў