Мігранты, якіх налічвалася каля 4000 чалавек, 15 лістапада каля 12:30 пакінулі стыхійны лагер. Яны накіраваліся ў пункт пропуску «Брузгі - Кузніца». Натоўп зламаў агароджу з боку памежнага перахода «Брузгі» і падыйшоў пад самы ўваход на тэрыторыю Польшчы. Дарога там загароджана калючым дротам, польскія сілавікі падагналі вадамёт, у небе лётае баявы верталёт. Усе падзеі, якія адбываліся на мяжы, трансляваліся ў жывым эфіры на некалькіх YouTube каналах. Таксама фота і відэа з месца падзей мігранты публікавалі ў сваіх чатах.

У 12:58 мігранты расчысцілі пляцоўку ад першага з двух шэрагаў калючай агароджы і знаходзяцца наўпрост насупраць польскіх вайскоўцаў. Колькасць мігрантаў на памежным пункце паступова павялічваецца. Паволе стану на 14.00 іх было больш за 2000.

У 14:20 з польскага боку праз мегафоны было чуваць зварот на рускай мове да беларускіх афіцыйных асобаў і сілавікоў.

«Нішто не апраўдае таго, што пакутуюць жанчыны і дзеці. Дазвольце ім адсюль сыйсці!

Суседзі! Беларусы! Вельмі вас просім: апамятайцеся! Няўжо вы пасля ўсяго гэтага вы зможаце паглядзець у вочы сваім жонакам і дзецям?", — казалі праз мегафоны.

У 14:40 прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз паведаміў: «Намі ўзмацніліся візавыя правілы ў адносінах грамадзянаў шэрагу дзяржаў, уведзены дадатковы ўяздны міграцыйны кантроль, узмоцнены нагляд за дзейнасцю турыстычных аператараў, дзясяткі з якіх ужо пазбаўлены ліцэнзій. Рэалізаваны і комплекс іншых мераў».


У 14:50 мігранты пачалі ставіць намёты і раскладаць спальныя мяхі наўпрост на дарозе, на памежным пераходзе паміж пунктамі пропуску «Брузгі» і «Кузніца». Некаторыя мігранты ламаюць дрэвы і распальваюць вогнішчы побач з пунктам пропуску. Тым часам да кінутага лагера беларускія службоўцы прывезлі дровы.

Што кажуць беларускія памежнікі

«Раніцай у панядзелак 15 лістапада бежанцы, спадзяючыся на станоўчы вынік сітуацыі, сабралі цёплыя рэчы, намёты, спальныя мяхі. Ужо ў поўдзень яны самаарганізаваліся ў вялікую калону і пачалі рух у кірунку пункта пропуску Брузгі. Бежанцы падкрэсліваюць свае выключна мірныя намеры і гатовыя да развіцця любой сітуацыі. У галаве калоны — жанчыны з маленькімі дзецьмі. Беларускія памежнікі працягваюць забяспечваць бяспеку і парадак як у самі стыхійным лагеры, так і па ходзе руху калоны бежанцаў», напісаў Памежны камітэт Беларусі.

Колькі доўжыцца крызіс на мяжы

Абвастрэнне сітуацыі з мігрантамі, якія спрабуюць незаконна перасекчы польскую, літоўскую і латышскую межы з боку Беларусі, доўжыцца некалькі месяцаў. Звяртаючыся да парламента 26 траўня, Аляксандр Лукашэнка казаў пра паслабленне кантролю на мяжы і прама заявіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх есці і лавіць». Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс назваў гэта адкрытай пагрозай. Плынь мігрантаў з Блізкага Усходу павялічылася ў траўні. Польскія і літоўскія памежнікі штодня фіксавалі сотні спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Памежная служба Беларусі ніяк не рэагавала і не спыняла парушальнікаў.

З пачатку года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы. З іх больш за 3,5 тыс. чалавек у жніўні, амаль 7,7 тыс. у верасні і амаль 17,3 тыс. чалавек у кастрычніку. Пачынаючы з 2 верасня ў 183 населеных пунктах Падляскага і Люблінскага ваяводства, прылеглых да мяжы з Беларуссю, дзейнічае надзвычайнае становішча. Гэта значыць, туды не маюць доступу журналісты ці актывісты грамадскіх арганізацый, што займаюцца праблемамі мігрантаў.

Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі рушыла ў напрамку памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца». Замежнікаў суправаджалі людзі ў ваеннай форме са зброяй. Паводле розных ацэнак у групе знаходзілася ад 2000 да 4000 чалавек, у тым ліку дзеці і цяжарныя. Не дайшоўшы да пераходу, мігранты павярнулі ў лес і сталі там лагерам. Яны патрабуюць, каб Польшча прапусціла іх праз мяжу ў Нямеччыну. З польскага боку мяжу ахоўваюць войскі, паліцыя, памежнікі і спецслужбы — агулам больш за 13 тыс. сілавікоў. У адказ на прысутнасць мігрантаў, 9 лістапада з 7.00 Польшча закрыла памежны пераход «Кузніца».

У найбліжэйшыя месяцы Беларусь планавала арганізаваць дадатковыя палёты з Блізкага Усходу. Гэта датычыцца і рэгіянальных аэрапортаў, перш за ўсё Гродна. Але з 12 лістапада грамадзянаў Ірака, Сірыі і Емена перасталі прымаць на авіярэйсы з Турцыі ў Беларусь. Такое рашэнне звязана з загадам турэцкіх уладаў. Таксама ў Беларусь спынілі палёты буйныя іракскія і сірыйскія авіялініі. Верагодна, гэта звязана з тым, што Еўрасаюх разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць кампаній.

Чытайце таксама:
Две большие группы мигрантов прорвались в Польшу. На соседнем погранпереходе — огромная очередь

«Скоропорт на Бобры». Что происходит с грузовыми и пассажирскими перевозками после закрытия Кузницы