Аліна Нагорная напісала кнігу пра тое, як беларускамоўным беларусам даводзіцца выжываць у Беларусі. Як выявілася, не так і лёгка: выданне змяшчае больш за 100 гісторый пра дыскрымінацыю беларусаў на падставе ўжывання імі дзяржаўнай мовы. Назва выдання — «Мова 404"*. Як пераканаць чыноўнікаў прытрымлівацца закону і што найперш — мова ці змены ў краіне, аўтарка распавяла Hrodna.life.

* 404 (Not Found) — код памылкі, калі вэб-сервер не можа знайсці запытаную старонку на сайце.

Адкуль героі

Гісторыі ў кнізе не ананімныя. Там адзначаны прозвішчы герояў, узрост, род заняткаў. Сярод іх — студэнты, лекары, прадаўцы, пісьменнікі. Яны жыхары розных гарадоў і вёсак Беларусі, некаторыя на момант стварэння кнігі ўжо жылі за мяжой, але сутыкаліся з моўнай дыскрымінацыяй, калі прыязджалі ў Беларусь. Іх гісторыі - пра звычайныя бытавыя сітуацыі або сутыкненне з прадстаўнікамі ўлады. «Я збірала гісторыі людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Гэта быў адзіны крытэр», — тлумачыць Аліна Нагорная. Заканамернасцяў па гарадах яна не заўважыла.

Аўтарка кнігі пра дыскрымінацыю беларускамоўных: “Немагчыма вырашыць праблему, якой не бачна”
Аліна Нагорная, аўтарка кнігі «Мова 404»

Гісторыі збірала праз Facebook

«Я проста напісала пост у Facebook, што збіраю гісторыі дыскрымінацыі. Пасля яшчэ адзін, дзе патлумачыла, што такое моўная дыскрымінацыя. Напрыклад, у краме ты хочаш прачытаць па-беларуску склад малака, а яго няма, ёсць толькі па-казахску, па-ўкраінску; ты замаўляеш кебаб з ялавічынай, а табе кажуць: „Размаўляй нармальна“. Людзі пачалі каментаваць, пісаць сутнасць сваіх гісторый. Частку герояў я ведала асабіста, бо яны звярталіся да нас ва „Умовы для мовы“, апісвалі свой выпадак і прасілі, каб мы ім юрыдычна дапамаглі - напісаць зварот, скласці заяву».

«Умовы для мовы» — грамадская ініцыятыва, заснаваная Алінай Нагорнай і юрыстам Ігарам Случаком. Сярод кампаній, праведзеных імі:

— «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску»: звароты грамадзян да чыноўнікаў для беларускай мовы на квітках на транспарт, у басейны, музеі і г. д. За апошнія два гады мову на квітках памянялі больш чым у 50 гарадах Беларусі.
— «Беларускім вуліцам — шыльды па-беларуску!»: звароты грамадзян для змены мовы шыльдаў на беларускую. Па ўсёй Беларусі абнавілі больш за 500 шыльдаў: указальнікі, дарожныя знакі, назвы вуліц на дамах.

Ігар Случак дамогся, каб усе ўстановы, калі да іх звярнуцца па-беларуску, давалі адказ на той жа мове, каб па-беларуску можна было скласці дамову з ЖКГ, энергазбытам і банкамі, атрымаць страхавое пасведчанне па-беларуску, а таксама істотна беларусізаваў футбол. Случак-бот у Telegram утрымлівае ўзоры зваротаў у дзяржаўныя ўстановы і службы, юрыдычныя дакументы на нашай мове і вытрымкі з заканадаўства.

«Сама ўвесь час з такім сутыкаюся»

«Я вырашыла пісаць кнігу, бо сама ўвесь час сутыкаюся з нейкімі цікавымі гісторыямі. Са знаёмымі людзьмі няма праблем — яны размаўляюць са мной па тэме таго, што я кажу. Незнаёмыя не адказваюць на маё пытанне, а кажуць «А вы всегда по-белорусски разговариваете?» ці «О, у вас такой чудесный белорусский язык!». Абедзве рэакцыі мне не падабаюцца — не падабаецца сітуацыя, што ў Беларусі некага здзіўляе размова па-беларуску.

Да таго ж [у межах «Умовы для мовы"] мы з Ігарам увесь час кансультавалі людзей па некаторых жорсткіх выпадках — кагосьці не ўзялі на працу праз беларускую мову, кагосьці на сумоўе не запрашалі. Такіх выпадкаў у Беларусі тысячы, яны проста не бачныя ў медыя.

Аўтарка кнігі пра дыскрымінацыю беларускамоўных: “Немагчыма вырашыць праблему, якой не бачна”
Аліна Нагорная з рускамоўнай сям'і, размаўляе па-беларуску сем гадоў

На гэтым фоне заўжды ёсць людзі, якія кажуць: «Кто вам мешает по-белорусски разговаривать?». Чалавек, які ў Беларусі размаўляе па-руску, можа не зразумець сітуацыі, калі ты прыйдзеш у банк і не атрымаеш дамовы на сваёй мове. Каб кожны мог атрымаць дамову ад ЖКГ па-беларуску, у нас сышло сем з паловай месяцаў жыцця. Няма такой опцыі - выбраць мову, аўтаматам усё па-руску". У кнізе ёсць прыклад чалавека, які ў Беларусі не змог купіць у кнігарні каляндарык на беларускай мове.

Большасць гісторый Аліна апрацоўвала з тэлефона ў час кармлення сына-немаўляці. У плане арганізацыі выдання цяжка не было: знаходзіліся людзі, якія дапамаглі. Цяжэй было маральна, бо многія гісторыі ў кнізе падобныя да таго, што здаралася з ёй самой.

Навошта наогул гэтая кніга?

«Праблему з беларускай мовай абавязкова трэба вырашаць. Бо гэта не толькі нашыя карані, класная старажытная выдатна распрацаваная мова. Гэта яшчэ і наша незалежнасць, яна яшчэ і палітычна важная. Лічу, што ў цяперашняй сітуацыі яна нават жыццёва важная. Але немагчыма вырашыць праблему, якую ніхто не бачыць. Большасць з ёй проста не сутыкаліся, яны размаўляюць па-руску».

Як атрымаць кнігу

Сродкі на кнігу збіралі праз краўдфандынг, і кожны, хто хацеў, мог адразу яе атрымаць. У кнігарнях выданне пакуль недасяжнае, але «Умовы для мовы» ўжо запусцілі кампанію за беларускую мову ў інтэрнеце. За актыўны ўдзел можна будзе атрымаць кнігу. «Я хачу, каб яе пабачылі як мага больш людзей, і за межамі Беларусі. Бо ў нас такая традыцыя, што нешта могуць заўважыць унутры, калі пра гэта пачынаюць казаць за мяжой. Рускамоўны пераклад, хутчэй за ўсё, будзе ў электронным выглядзе, буду старацца яго шырока распаўсюджваць».

Аўтарка кнігі пра дыскрымінацыю беларускамоўных: “Немагчыма вырашыць праблему, якой не бачна”
У хуткім часе кнігу перакладуць на нямецкую і рускую мовы, магчыма, таксама на англійскую і французскую

Беларускамоўным можа быць толькі актыўны чалавек

«У нас амаль 10 мільёнаў носьбітаў гэтай мовы — жыхары і беларусы за мяжой — якія ведаюць яе хоць неяк. І яна ў настолькі кепскім юрыдычным стане, што ЮНЕСКА афіцыйна называе яе ўразлівай — пры такой колькасці носьбітаў».

У час перапісу ў 2019 годзе ў Беларусі роднай мовай назвалі беларускую 54%, мовай хатняга ўжытку — 26%.

«Дыскрымінацыя б’е па 100% беларусаў, бо ў рускамоўнага чалавека няма выбару. Калі ты жывеш у Беларусі, ты можаш жыць лёгка, быць рускамоўным, або кожны дзень сутыкацца з нейкімі перашкодамі і прынцыпова быць беларускамоўным. Ты не можаш нават нармальна запісацца ў паліклініку. Я прыехала ў радзільню, запаўняла па-беларуску дакументы, ужо пачынала нараджаць, а ў мяне пыталі: «А вы всегда по-белорусски разговариваете?».

Чытайце таксама: Улады ліквідавалі курсы беларускай мовы «Мова Нанова» з-за нібыта «нестатнутнай дзейнасці»

Па-беларуску звычайна размаўляюць актыўныя людзі, бо гэта складана — размаўляць у Беларусі па-беларуску пасіўнаму чалавеку.

Гродна і мова

У Гродне сітуацыя з моўнымі правамі не надта адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў. «Калі я была апошні раз у Гродне, бачыла шмат шыльдаў па-беларуску параўнальна з Гомелем ці Мінскам. Можа быць так здаецца таму, што яны ўсе ў старым горадзе, але такое прыемнае адчуванне, быццам бы ідзеш па Беларусі ў Беларусі. Але ты заходзіш у крамку і ўсё адно вялікая верагоднасць, што табе адкажуць па-руску. Гэта залежыць ад людзей, а яны паўсюль аднолькавыя. Таксама вельмі шмат залежыць ад дзяржаўных устаноў. Яны па ўсёй Беларусі пераважна рускамоўныя. Таму дыскрымінацыя паўсюль аднолькавая.

Магчыма, дзесьці людзі больш прыязна ставяцца да беларускай мовы — у Брэсце, у Гродне. Але неяк я заходжу ў Брэсце ў кавярню, запытваю гарбату, а мне пачынаюць адказваць па-польску! У чалавека ў галаве, што ён хутчэй пачуе польскую мову, чым беларускую".

Чытайце таксама:

Чыноўнікі і мова

«Беларуская мова дзяржаўная — значыць, на ёй павінна быць усё: кожная дамоўка, квіточак, надпісы на кожным дзяржаўным сайце. А чыноўнікі кажуць: «У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, беларуская і руская, мы выбралі рускую». Але гэта поўнае неразуменне, што такое дзяржаўная мова. Яны думаюць, што выбіраюць яны, а не грамадзяне, на падаткі якіх яны жывуць. Мы тлумачым, пачынаем пісаць наверх, у абласны выканкам, у міністэрства. Яны пачынаюць пісаць нам адказы з памылкамі, мы пішам скаргі, каб выправілі. У пэўны момант, мабыць, яны разумеюць, што прасцей дадаць беларускую версію на сайт. Адказы «мы перакладзем» з першага разу — вельмі рэдкі выпадак.

Закон пачаў парушацца вельмі даўно, людзі прызвычаіліся. Гэта прывяло да дыскрымінацыі такой групы, як людзі, якія размаўляюць па-беларуску ў Беларусі".

Аўтарка кнігі пра дыскрымінацыю беларускамоўных: “Немагчыма вырашыць праблему, якой не бачна”
У кнізе — больш за 100 рэальных выпадкаў дыскрымінацыі беларускамоўных беларусаў у Беларусі

Што найперш — змены ў краіне ці мова?

«Галоўнае — законнасць. Калі ў краіне будзе працаваць права, усё будзе нармальна, і кожная група людзей зможа абараняць свае правы. Грамадства і краіна будзе развівацца да лепшага. Змагацца за мову — гэта змагацца за законнасць. Беларуская мова зараз абаронена законам толькі фармальна. У Кодэксе аб адукацыі, у Законе аб мовах, у Канстытуцыі сказана, што мы можам выбіраць мову навучання. Але на практыцы — дзе ў нас хоць адно беларускамоўнае вну?»

Пачаць з сябе, каб усім было да законаў

Аліна перакананая, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова. «Дзяржаўная мова — гэта мова дзяржаўных паслуг: адукацыя, войска, справаводства. Як будзе размаўляць чалавек у прыватным жыцці - права кожнага. Трэба проста вярнуць мове яе законнае месца. Кожная паперка была б па-беларуску, кожны вну меў бы беларускамоўнае аддзяленне. Людзі паступова бы пераходзілі. Без высілкаў, выхаду з зоны камфорту людзі звычайна не развіваюцца, і краіны таксама.

Нават зараз у Законе аб мовах прапісана, што ўсе супрацоўнікі ўсіх арганізацый мусяць валодаць абедзьвума мовамі ў патрэбным для працы аб’ёме. Калі просты беларус з 1996 года парушаў закон, і хоча жыць у краіне, дзе ўсім да законаў, трэба пачаць з сябе. Мала каму прыйдзе ў галаву п’яным ездзіць на машыне без правоў - ты парушаеш закон. Але многім прыходзіць у галаву размаўляць па-руску з беларускамоўнымі людзьмі на сваёй працы. Хіба адзін закон важнейшы за іншы?"

Аўтарка кнігі пра дыскрымінацыю беларускамоўных: “Немагчыма вырашыць праблему, якой не бачна”
Каб у Беларусі зніклі праблемы з нацыянальнай мовай, трэба проста выконваць закон, мяркуе Аліна Нагорная

Кампліменты — таксама дыскрымінацыя

На думку Аліны, зараз менш людзей, якія робяць выгляд, што не разумеюць на нашай мове, хоць гэта не так. «Грамадства развіваецца. Раней, калі набывала нешта, напрыклад, пабачыла ў Instagram брэнд, маглі запытаць: «А часто вы на белорусском разговариваете?». Зараз часцей пішуць: «Ваў, гэта крута, вы на беларускай напісалі!», могуць падкрэслена добра да мяне ставіцца. Але і тое, і тое — дыскрымінацыя. Я і па-руску магу вельмі крута размаўляць. Але пакуль я размаўляла па-руску, мне ніхто не казаў «Якое ў цябе класнае, чыстае вымаўленне!».

Распачалі новую кампанію

Аліна Нагорная і Ігар Случак распачалі новую грамадскую кампанію — е-Мова. Яна складаецца з некалькіх крокаў. Яны прывядуць да таго, што мовы ў сеціве стане больш. Першым крокам будзе беларусізацыя гугл-мапы. Людзі могуць самі дадаваць беларускую мову на любыя аб’екты — гандлёвыя цэнтры, лякарні, крамы, кінатэатры. Другім крокам будзе беларусізацыя сайтаў выканкамаў, трэцім — каб вытворцы мабільных праграм дадавалі туды беларускую версію. На кожным кроку чалавеку будзе прапанаваная інструкцыю, што менавіта трэба зрабіць, каб беларуская мова з’явілася.

Чытайце таксама: