Кніга гісторыка Алеся Смаленчука «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 у дакументах беларускіх архіваў" выйшла з друку ў сярэдзіне верасня. Аўтар прысвяціў яе даце 17 верасня, якую называе «Днём ненароднага адзінства».

«Гэта зборнік архіўных дакументаў, якія распавядаюць пра падзеі верасня 1939 года. Пра палітыку „першых Саветаў“ у Заходняй Беларусі і пра адносіны людзей да іх палітыкі», — распавёў Hrodna.life аўтар кнігі.

Гісторык працаваў над кнігай два гады. Матэрыялы аўтар збіраў у архівах Мінска і Гродна. Больш за ўсё інфармацыі знайшлося ў Нацыянальным архіве Беларусі.

Аўтар лічыць, што галоўная асаблівасць дакументаў - сведчанне пра адносіны людзей да савецкай палітыкі, якая грунтавалася на дзяржаўным гвалце і рэпрэсіях. «Адносіны ад прыхільных і нейтральных хутка змяніліся на варожыя. Страх запанаваў на гэтай зямлі», — кажа гісторык.

«Уз'яднанне шляхам развязвання вайны»

На сваёй старонцы ў Facebook Алесь Смалянчук напісаў: «Дню ненароднага адзінства прысвячаецца…».

«Не лічу гэта святам [17 верасня, якое сёлета абвясцілі дзяржаўным святам — заўв. Hrodna.life], бо ўз'яднанне Беларусі адбылося шляхам развязвання Другой сусветнай вайны. Уся Беларусь апынулася ў сталінскай таталітарнай дзяржаве, якая нагадвала вялізны канцлагер. Сімвалам беларускай гісторыі гэтага часу з’яўляюцца Курапаты [месца массавых растрэлаў жыхароў Беларусі пад Мінскам — заўв. Hrodna.life]», — патлумачыў Смалянчук.

Прэзентацыі кнігі не плануецца, бо ў сучаснай палітычнай сітуацыі гэта рызыкоўна, патлумачыў Смалянчук.

Гродзенскі гісторык прысвяціў кнігу “Дню ненароднага адзінства”
««Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў. Фота: Facebook аўтара.

Хто такі Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Казлоўшчына (Дзятлаўскі раён). Доктар гістарычных навук, прафесар. У 1981 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (ГрДУ). Завочна скончыў аспірантуру ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Стажыраваўся ў Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах у Польшчы.

Працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе, навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі рэлігіі і Гродзенскага абласнога гістарычна-археалагічнага музея, выкладаў у ГрДУ, БІП, ЕГУ, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта і Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук.

Асноўныя тэмы даследаванняў: гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў XIX — пачатку XX ст., гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі