Больш за 5000 злачынстваў, звязаных з выбарамі і пратэстамі, зарэгістравалі з 9 жніўня 2020 года. Летась такіх злачынстваў было каля 1700, за дзевяць месяцаў гэтага — каля 3300. Амаль 40% ці 2000 злачынстваў - гэта паклёп і абразы праз інтэрнэт. Пра гэта распавёў у інтэрв'ю БЕЛТА першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч.

Каля 80% людзей, якія публікуюць абразы ў адрас службовых асоб, — замежныя грамадзяне, распавёў Шандаровіч. Справы, звязаныя з экстрэмісцкай, пратэстнай актыўнасцю, складаюць 5,5% ад агульнага масіва крымінальных спраў па краіне. Паводле яго слоў, следчыя заўсёды сачылі за «радыкальна настроенымі грамадзянамі, фанатамі, анархістамі», але з такім аб’ёмам спраў сутыкнуліся ўпершыню.

Каля чвэрці злачынстваў - апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. З рэальным ужываннем гвалту здзейснілі менш за 3% злачынстваў гэтай катэгорыі.

Чытайце таксама: У Гродне судзяць за абразы міліцыянтаў, чыноўнікаў і прэзідэнта: як правіла, даюць"хімію"

Алег Шандаровіч

  • Першы намеснік старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
  • Генерал-маёр юстыцыі,
  • Нарадзіўся 25 мая 1973 года ў Магілёве,
  • З 2018 па 2020 — начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці,
  • 11 снежня 2020 года прызначаны першым намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, паведамляе сайт СК.

СК: для захаду пратэст больш характэрны

Па 2000 «пратэстных» крымінальных спраў у дачыненні да амаль 1500 чалавек расследаванне завяршылі і перадалі ў суд.

Каля 1100 крымінальных спраў у дачыненні да больш за 1200 фігурантаў знаходзяцца ў вытворчасці. На думку Шандаровіча, гэта сведчыць аб тым, што «меркаванне аб звышмасавасці пратэстаў памылковае». А выяўленыя «шчыра раскайваюцца».

«Дарэчы, для ўсходніх рэгіёнаў Беларусі пратэстная актыўнасць была менш характэрная. У Віцебскай, Магілёўскай і нават Гомельскай абласцях значна менш узбуджана крымінальных спраў, чым у Мінску, Гродне і Брэсце», — адзначыў Шандаровіч.

Планавая праца па выяўленні актыўных удзельнікаў пратэстаў працягваецца, распавёў намеснік старшыні Следчага камітэта. Многія трапляюцца выпадкова за іншыя злачынствы і становяцца фігурантамі «пратэстных» спраў.

Чытайце таксама:

СК: «Дабяромся да кожнага»

 — Многія пазнаюць сябе на відэа, якое мільгае ў інтэрнэце, па тэлебачанні. З гэтым відэа мы таксама працуем. Дабяромся да кожнага. Не варта разлічваць, што гэтыя крымінальныя справы мы закінем і забудзем. З кожным месяцам з’яўляюцца ўсе новыя тэхнічныя магчымасці. Разам з праславутай сістэмай відэаназірання гэта дазваляе ідэнтыфікаваць асобу. Мы можам «вытрыбушыць» любы гаджэт, у тым ліку інфармацыю, якая была выдаленая.

Напрыклад, відэа ў тэлефоне аднаго чалавека могуць стаць прычынай крымінальнай справы для іншага. Так здарылася ў Брэсце. Чалавека могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці, калі ён з’явіцца з павіннай. Паводле арт. 69 КК ён можа разлічваць на зніжэнне тэрміну.

У тых, хто прымаў удзел у масавых беспарадках (магчыма, пагарачыўся, паддаўся эмоцыям, уплыву дэструктыўных Telegram-каналаў), ёсць шанец з’явіцца добраахвотна і прызнацца. Да кожнага следства падыдзе індывідуальна, у тым ліку і па ўжыванні меры стрымання. Калі чалавек добраахвотна прыйшоў і раскаяўся, распавёў, што ўдзельнічаў у такой сітуацыі, натуральна, гэта будзе ўлічана. Законам такая магчымасць прадугледжаная.

Прычынай удзелу ў акцыях пратэсту, на думку Шандаровіча, быў «псіхоз». Паводле яго версіі, некаторыя атрымлівалі матэрыяльнае ўзнагароджанне за прадастаўленне дадзеных аб сілавіках. На іншых аказаў уплыў ціск сваякоў.

Некаторыя следчыя звольніліся пасля выбараў

«Інфармацыйны ціск» на супрацоўнікаў ўзнік яшчэ ў 2019 годзе. Дадзеныя аб многіх з іх размяшчалі ў Telegram-каналах. У выпадках гвалту або пашкоджанні маёмасці ўзбуджалася крымінальная справа. Колькі такіх спраў распачалі, Шандаровіч не раскрыў. Два тыдні пратэстаў следчыя «уласнымі сіламі кругласутачна ахоўвалі свае будынкі».

Падзеі 2020 года «адбіліся на асобных супрацоўніках», хоць яны праходзяць медыцынскі і псіхалагічны адбор. Таму некаторых звольнілі, некаторыя — сышлі самі. Шандаровіч падкрэсліў, што сышла нязначная частка супрацоўнікаў. Паводле яго слоў, жадаючых паступіць на службу ў Следчы камітэт менш не стала.

Чытайце таксама: