Кампанія Tapston (ААТ «Тэпстон Дэвэлапмэнт»), якая займаецца распрацоўкай мабільных і вэб-аплікацыяў, зрабіла адмысловую праграму Stork для цяжарных. Ужо ёсьць ангельская і ўкраінская вэрсіі, а 26 лютага Stork («Бусел») выйшаў па-беларуску, піша «Радыё С**бода».

Кожная будучая мама хоча ведаць, як разьвіваецца яе дзіця, што адбываецца зь яе арганізмам, якія зьмены яе чакаюць да нараджэньня дзіцяці. Беларускія праграмісты вырашылі дапамагчы цяжарным у такі важны пэрыяд жыцьця.

Праграмісты працавалі ў шчыльным кантакце з дактарамі

Аднойчы запоўніўшы ўсе неабходныя зьвесткі пра сябе і меркаваную дату родаў, жанчына атрымлівае ўсю важную інфармацыю пра сваю цяжарнасьць, расказаў С**бодзе адзін з распрацоўнікаў праграмы, намесьнік дырэктара кампаніі Tapston Аляксей Ханеня.

Выйшла беларускамоўная версія мабільнай праграмы для цяжарных Stork
Сузаснавальнік кампаніі Tapston Аляксей Ханеня
«Мы зараз у топе ў Google Play сярод мэдыцынскіх праграмаў у Расеі, Беларусі, ва Ўкраіне, у Новай Зэляндыі. І сёньня выпускаем гэтую аплікацыю на беларускай мове.

Натуральна, над Stork працавалі праграмісты, але ў вельмі шчыльным кантакце з чатырма адмыслоўцамі-дактарамі: нэанатолягам, пэдыятрам, дзіцячым хірургам, і яшчэ адзін доктар дапамагаў нам зь перакладам на беларускую мову", — кажа Аляксей Ханеня.

«Тут і поўная база мэдычных ведаў, і карысныя парады»

Каляндар, убудаваны ў праграму, дае хуткі доступ да інфармацыі пра разьвіцьцё цяжарнасьці і дзіцяці, зьмены ў арганізьме будучай мамы, а таксама да парадаў наконт харчаваньня.

«Там поўная база мэдычных ведаў:

  • штотыднёвы каляндар цяжарнасьці, графік і ўлік вагі жанчыны;
  • фатаздымкі УГД и 3D-УГД;
  • выгрузка ўсіх зьвестак у фармаце PDF.

У кожным тыдні цяжарнасьці будзе і апісаньне разьвіцьця будучага маленькага, і апісаньне стану будучай мамы. Таксама мы дадалі парады наконт харчаваньня, пералік усяго неабходнага, што трэба ўзяць з сабой у радзільню, сьпіс першых патрэбных рэчаў для немаўляці», — кажа Аляксей Ханеня.

Stork спампавалі ўжо 95 тысяч чалавек. Праграма даволі простая ў карыстаньні, сьцьвярджаюць распрацоўшчыкі.

Выйшла беларускамоўная версія мабільнай праграмы для цяжарных Stork
Сузаснавальнік кампаніі Tapston Віталь Сафонаў

«Ёсьць зваротная сувязь з карыстальнікамі. Яны стараліся, каб праграма была лёгкай, камфортнай, даступнай і зразумелай для жанчын».

Беларуская вэрсія інтэрфэйсу ўжо даступная ў праграме для Android, неўзабаве распрацоўнікі абяцаюць апублікаваць і вэрсію для iOS зь беларускім інтэрфэйсам.

У праграме шмат цікавай і забаўнай інфармацыі, ілюстрацый — мы пастараліся зрабіць яе нясумнай, вясёлай, з гумарам. Ёсьць маляўнічыя выявы плода па тыднях, параўнаньне малога з садавіной, іншыя «прышпільныя» фішкі", — кажа Аляксей Ханеня.

Беларуская кампанія Tapston заняла другое месца ў сьпісе найлепшых мабільных распрацоўнікаў Беларусі ў 2019 годзе і 52-е месца ва ўсясьветным «топе».

Для параўнаньня: Flo — распрацаваны ў Беларусі мабільны «жаночы каляндар», адзін з самых папулярных сярод аналягічных праграм, — даступны ва ўсім сьвеце на 23 мовах. Аднак беларускамоўнай вэрсіі ня мае. Сузаснавальнік Flo Дзьмітры Гурскі паведамляў, што па выніках 2019 году Flo быў самым папулярным у сьвеце прыкладаньнем у Appstore ў катэгорыі «Здароўе і фітнэс».