AI-сістэму абслугоўвання пацыентаў прыёмнага аддзялення плануюць выкарыстоўваць у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Гродне. Для стварэння праграмна-апаратнага комплексу і ўкаранення яго ў працу шукаюць выканаўцу.

Сістэма дазволіць арганізаваць адзіную чаргу кіравання патокам пацыентаў і аўтаматызаваць працэс іх абслугоўвання пры шпіталізацыі.

У выніку чакаецца, што пацыенты будуць менш чакаць, на медперсанал знізіцца нагрузка, а дакладнасць дыягназаў падвысіцца. Таксама павінна павысіцца прапускная здольнасць прыёмнага аддзялення — за той жа час можна будзе абслугоўваць больш пацыентаў.

AI сістэма ўключае:

  • інтэлектуальны колл-цэнтр — ён будзе аўтаматычна прымаць і апрацоўваць званкі, планаваць прыём з улікам бягучай загружанасці і атрымліваць з інфармацыйнай сістэмы інфармацыю пра пацыента.
  • электронная рэгістратура — яна дазволіць пацыентам зарэгістравацца праз кіёск самаабслугоўвання, накіруе пацыентаў у адпаведны бокс або да спецыяліста, будзе кіраваць чэргамі і адлюстроўваць час прыёму на дысплеях.
  • AI асістэнт лекара — за ім збор анамнезу з выкарыстаннем алгарытмаў і прадастаўленне інфармацыі ўрача ў фармаце даўрачэбнага агляду.
  • модуль кіравання дадзенымі — кіраванне дадзенымі з аналізам, справаздачнасцю і абаронай.
    адміністрацыйны модуль — кіраванне наладамі сістэмы, карыстальнікамі і доступамі, маніторынг і справаздачнасць.
  • модуль справаздачнасці і аналітыкі — генерацыя справаздач.

Для пацыентаў з’явяцца кіёскі самаабслугоўвання — панэльныя ПК з сэнсарнымі экранамі, друкаркамі для друку талонаў з магчымасцю падлучэння сканараў дакументаў. Для бяспекі будзе выкарыстоўвацца шматузроўневая сістэма праверкі сапраўднасці з выкарыстаннем пароляў і/або біяметрыі і рэзервовае капіраванне. Персанал навучаць усім гэтым карыстацца.

У перспектыве хочуць распрацоўваць новыя модулі для інтэграцыі з перадавымі медыцынскімі тэхналогіямі - тэлемедыцынай і разумнымі медыцынскімі прыладамі.

Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі Гродна правяла запыт цэнавых прапаноў. На сістэму з уласных сродкаў выдаткуюць 45 000 рублёў. Пастаўкай зоймуцца c 22 студзеня па 21 сакавіка 2024 года.

Паступіла адна прапанова — ад ТАА «ВОТКЛІК». Яго і прызналі пераможцам.