Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама шукае газету, якая размесціць яго публікацыі ў газетах. Яны будуць з’яўляцца да 24 снежня 2024. На гэта з гарадскога бюджэту вылучаюць 120 000 рублёў. Прэтэндаваць на грошы могуць толькі дзяржаўныя СМІ, якія і так фінансуюцца з бюджэту.

Ідэолагі праводзяць запыт цэнавых прапаноў.

Газета павінна выходзіць не менш за два разы на тыдзень, за выключэннем святочных і выхадных дзён. Тыднёвы тыраж газеты павінен складаць 20−25 тысяч экз. Аб’ём газеты павінен складаць не менш за 2460 паласы фармату А3 за год, маляўнічасць газеты 4+1, 4+4. Магчымасць публікацыі матэрыялаў не менш за 5 палос фармату А-3 у адным нумары на тыдзень.

Распаўсюджвацца газета ва ўсіх раёнах Гродзенскай вобласці павінна праз «Белсаюздрук» і «Белпошту», праз рознічную гандлёвую сетку.

Фактычна, прэтэндаваць на гэта могуць толькі дзяржаўныя СМІ. Гэта значыць, што яны будуць публікаваць тэксты аблвыканкаму за асобнае ўзнагароджанне.

Якія публікацыі «прадаюць»?

  • Публікацыі ў газеце афіцыйных віншаванняў з дзяржаўнымі святамі (Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Перамогі, Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень народнага адзінства, рэлігійнымі святамі (Раство Хрыстова (праваслаўнае і каталіцкае Раство), Вялікдзень (па календары праваслаўнай і каталіцкай канфесій), святочнымі днямі (Новы год, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзень жанчын, Свята працы, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі), Днём горада Гродна і юбілейнымі датамі гарадоў вобласці, прафесійнымі святамі.
    Публікацыі ў газеце нарматыўных прававых актаў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта,
  • Публікацыі ў газеце нарматыўных прававых актаў Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў,
  • Інфармаванне насельніцтва аб дзейнасці Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў (публікацыі аб пасяджэннях у абласным выканаўчым камітэце, анонсах і выніках «прамых тэлефонных ліній», прэс-турах, прэс-канферэнцыях, прыёмах грамадзян, сустрэчах з насельніцтвам па месцы жыхарства, асвятленне адзіных дзён інфармавання ў арганізацыях і прадпрыемствах горада Гродна, акцый і іншых мерапрыемстваў, якія маюць агульнадзяржаўнае і агульнаабласнае Значэнне,
  • Інфармаванне насельніцтва аб дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў,
  • Асвятленне ў газеце рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі ў Гродзенскай вобласці (аб другаснай занятасці моладзі і дзейнасці студэнцкіх атрадаў, аб адоранай і таленавітай моладзі, аб маладых спецыялістах, якія прыбылі на першае месца працы ў Гродзенскую вобласць, аб маладзёжных акцыях і ініцыятывах і інш.),
  • Паслугі па публікацыі ў газеце матэрыялаў пра людзей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Гродзенскай вобласці (ветэранах працы, перадавіках вытворчасці, навукоўцаў, грамадскіх дзеячах і інш.).

Усяго гэтыя публікацыі зоймуць плошчу 133 333 см2.

Чытайце таксама: Рэдакцыя Hrodna.life сабрала 10 адзнак на конкурсе рэгіянальнай прэсы