У чарговым выпуску рубрыкі пра жыццё ў Гродне ў 1924-м канал Hrodna 11:27 расказвае пра стварэнне новай футбольнай каманды, візіт Пілсудскага, памежныя праблемы з Літвой і крывавае здарэнне ў Пышках.
А яшчэ ў апошні дзень ліпеня 1924 перастала выходзіць газета «Echa grodzieńskie». Яе месца з 1 жніўня заняў «Nadniemeński Kurjer Polski» — і яго мы будзем надалей чытаць.
22 ліпеня. Адным з найвялікшых бедстваў для Гродна з’яўляецца адсутнасць усталяваных тарыфаў на перавозкі фурманкамі. Гэтым з радасцю карыстаюцца «рыцары бізуна», значная частка якіх застаецца яшчэ з часоў Расійскай імперыі.
Перавозкі фурманкамі гэта аналаг таксі ў Гродна 100 гадоў таму. «Рыцар бізуна» ў гэтым сэнсе даволі зразумелы вобраз: бізуном фурман падганяў коней. З кароткай нататкі вынікае, што гродзенцаў хвалявалі цэны, якія фурманы ўсталёўвалі адвольна.
23 ліпеня апошні цягнік з вайскоўцамі 29-й дывізіі, размешчанай у Гродне, Сувалках і Саколцы, выехаў на месячны летні лагер. З жаўнерамі выправіўся таксама кіраўнік дывізіі палкоўнік Кваснеўскі.
З папярэдніх выпускаў рубрыкі мы ўжо ўяўляем сабе, што Гродна быў важным цэнтрам вайсковай акругі. Таму прысутнасць або адсутнасць вайскоўцаў у горадзе была заўважнай.
23 ліпеня камендант гродзенскай павятовай паліцыі Радзяёўскі з кіраўніком водных шляхоў у Гродне Бяліцкім і кіраўніком гродзенскага следчага ўпраўлення Бжэнцкім вырашылі здзейсніць тое, што раней здавалася немагчымым — праехаць водным шляхам па Нёмане з Гродна да Друскенік, каб даследаваць стан рэчышча ў сувязі з магчымым аднаўленнем сплаву лесу для замежных фірм у порт Клайпеды.
Спачатку планавалася выкарыстаць маторную лодку. Але ў выніку 23 ліпеня прадстаўнікі гарадскога кіраўніцтва выплылі на караблі «Дрэўніцкі». Пераадолеўшы 15 км, яны былі затрыманыя на літоўскай заставе у Гердашах. Тут камендант заставы Пілкаўскас забараніў далейшае падарожжа, паколькі ў дакументах была пазначана «маторная лодка», а не «карабель».
Камендант гродзенскай паліцыі Радзяёўскі патлумачыў, што гэты карабель не мае намер заваяваць літоўскую «імперыю», бо не мае ні артылерыі, ні кавалерыі, у іх няма нават кухоннага нажа, толькі кішэнныя. Карабель агледзелі, але гэта не задаволіла Пілкаўскаса і ён патэлефанаваў у Коўна, каб атрымаць інструкцыі.
Нягледзячы на тое, што літоўскія вышэйшыя ўлады адразу далі дазвол, літоўскі памежнік пра тое не паведаміў і на шэсць гадзін затрымаў карабель. Калі гродзенскія «турысты» стаміліся чакаць, Радзяёўскі аддаў загад усё роўна плыць па Нёмане. Аднак за гэтыя шэсць гадзін да Гердашоў падцягнуліся літоўскія вайсковыя сілы ды паліцэйскія і ў выніку на карабель з Гродна накіравалі кулямёты.
Радзяёўскі спрабаваў лагічнымі аргументамі пераканаць літоўцаў. Але калі ўжо нічога не дзейнічала, ён вырашыў ужыць апошні аргумент і падаў адпаведны знак. Пасля яго ў напрамку літоўскіх вайскоўцаў, якія ўкрываліся за дрэвамі, былі скіраваныя кулямёты і стрэльбы з іншага боку мяжы. Указаўшы літоўцам на гэта, Радзяёўскі аддаў загад караблю рушыць далей.
Да гэтага часу на беразе Нёмана з’явіўся вялікі натоўп літоўскіх грамадзянаў, якія недвухсэнсоўна пачалі выказваць сваё задавальненне з паразы абаронцаў свайго літоўскага гонару і перамогу прадстаўнікоў «варожай дзяржавы».
Літоўскія ўлады намагаліся атрымаць хоць якую саступку і загадалі Радзяёўскаму зняць з мачты сцяг з белым арлом. На гэта камендант патлумачыў, што не можа гэтага зрабіць, бо сцяг добра нейтралізуе ўздзеянне сонца на экіпаж.
Далей карабель без усялякіх перашкод плыў да Мізэраў, дзе яго затрымалі раптоўным стрэлам з літоўскага боку. Іх сустрэў адзін літоўскі жаўнер і патлумачыў, што ў выпадку далейшага руху карабель будзе абстраляны.
Пасля заспакаення ваяўнічага «сына Марса» і дэманстравання дакументаў карабель рушыў далей і дабраўся без усялякіх перашкод да Друскенік, але прышвартаваўся да літоўскага берагу, лепш падрыхтаванага. З’явіўся літоўскі афіцэр і загадаў цягам 10 хвілін рушыць караблю ў адваротны бок, у іншым выпадку будзе адкрыты агонь.
Радзяёўскі прапанаваў тады страляць адразу, бо падрыхтоўка і разварот карабля зойме значна больш часу. На гэта літоўскі афіцэр нічога не мог адказаць. Нарэшце, у 18 гадзін 24 ліпеня «Драўніцкі», які выпраўляўся ў Гродна пад гук авацыяў, філігранна пусціўшы дым пад нос «традыцыйна» нядобра настроенай частцы літоўскага грамадства, рушыў у зваротны шлях.
Гэтая гісторыя красамоўна паказвае стан польска-літоўскіх адносін у 1920-х. Памежны канфлікт паміж дзвюма дзяржавамі, якія паўставалі пасля калапсу Расійскай імперыі, ішоў у 1918−1922 гадах і скончыўся тым, што палякі захапілі Вільню ды Віленшчыну і далучылі іх да Польшчы (змаганне за Сувальшчыну — наогул асобная гісторыя). Таму сталіца міжваеннай Літвы была ў Коўне, а паміж двума дзяржавамі фактычна не было дыпламатычных зносін і працягваўся фармальны стан вайны аж да 1938 года. У гэты час паміж дзяржавамі не было транспартных зносін, тэлефоннай сувязі, не даходзіла пошта. Перыядычна гінулі людзі: то літоўцы застрэляць кагосьці, то палякі. У такой сітуацыі не дзіўнымі выглядаюць варожыя рэакцыі літоўцаў на з’яўленне на Нёмане польскага карабля. Бо ў раёне Друскенік, якія былі па польскім баку, мяжа ішла па рацэ: з левага боку Літва, з правага — Польшча. Добра, што тады ўсе жывыя засталіся!
25 ліпеня каля 14 гадзін гаёвы Станіславоўскіх лясоў Пётр Барцэвіч пачуў крыкі жанчын, якія ўцякалі з лесу. Апытанне дазволіла высветліць, што ў лесе бандыт са стрэльбай. Гаёвы кінуўся ў лес і ў 20 кроках ад дарогі на Пышкі знайшоў маладую жанчыну з прастрэленай скронню. Побач з целам знаходзіўся невялікі акрываўлены рэвальвер. Паводле дакументаў і лістоў, памерлая — Ганна Гаеўская, якая пацярпела ад трагічных адносін з мужам. Яна не змагла больш цярпець яго здрады і брутальнасць, нягледзячы на тое, што моцна кахала. У лісце да сябра яна просіць пра помсту не толькі ў імя ўласнага цяжкага лёсу, але і іншых шматлікіх жанчын, якія сталі ахвярамі такіх адносін.
26 ліпеня ў Друскеніках у гонар маршала Пілсудскага адбыўся банкет, а 27 ліпеня — парад выхаванцаў школьных курсаў і Стралецкага саюзу, а таксама гульні ў парку. На ўрачыстасць прыбыў цягнік з Гродна са шматлікімі жыхарамі горада, а таксама школьны лагер з Фолюша і гродзенскія стральцы пад кіраўніцтвам Кендзерскага. Гродзенцы прамаршыравалі ад чыгуначнага вакзала да самога мястэчка. На фестываль выехала таксама вядомая артыстка гродзенскага тэатру Зялінская, якая выканала на ўрачыстасцях свае маналогі, а таксама А. Кавальскі з уласным рэпертуарам, які для ўрачыстасці вярнуўся з адпачынку.
Выглядае на тое, што гродзенцы мелі маршыраваць у Друскенікі з Парэчча, бо там быў бліжэйшы чыгуначны вакзал. Лінію з Парэчча ў Друскенікі адкрылі толькі ў 1934 годзе. Цяпер яна не існуе — з літоўскага боку яе разабралі пасля 1991 года.
27 ліпеня ў некалькіх кіламетрах ад Гродна, побач з маёнткам Аўгустовак, размясціліся 25 дзяўчат-харцэрак з Беластока для гартавання цела і духу.
Былы маёнтак Аўгустовак (або Аўгустова) размяшчаўся на сённяшняй вуліцы Рэпіна, у ваколіцах Фолюша.
27 ліпеня ў Гродне на прыстані WKW [Вайсковага вяслярнага клуба] прайшлі спаборніцтвы па плаванні ў трох дысцыплінах: класічныя 100 метраў, 1500 метраў і 50 метраў у поўным абмундзіраванні, у тым ліку ботах і рыштунку.
Чытайце таксама: Уцёкі з турмы, сабака ў Нёмане і суіцыд жаўнера. Што адбывалася ў Гродне 8−21 ліпеня 1924 года
28 ліпеня шматтысячны натоўп стаяў перад чыгуначным вакзалам і разліўся па вуліцах, чакаючы прыезд цягніка з Вільні, які вёз з Вены каманду футбалістаў. Зацікаўленасць гэтай гульнёй была агромністая, тутэйшыя гандляры прафінансавалі матч. З боку Гродна стала аб’яднаная каманда найлепшых майстроў розных клубаў, сярод іх 7 палякаў і 4 габрэі. Вынік можна назваць станоўчым, таму што Гродна забіла два галы супраць 10 галоў саперніка, у той час як каманды ў іншых гарадах мелі ў выніку 0.
Футбол быў у міжваенным Гродне даволі папулярны. У розныя гады існавалі каманды «Крэсовія», WKS (Вайсковы спартыўны клуб), яўрэйскі клуб «Макабі» і іншыя футбольныя каманды. Гродзенцы няблага выступалі ў Беластоцкай акрузе і выйгравалі чэмпіянат акругі.
29 ліпеня маршал Юзаф Пілсудскі разам з сям’ёй на аўтамабілі выехаў з Друскенік, наведаў асаднікаў у Верцялішках, дзе заклаў краевугольны камень пад будучыя дамы, і рушыў праз Гродна, дзе наведаў сям’ю палкоўніка Гажахоўскага, пасля чаго за 15 хвілін да цягніка з Вільні прыбыў на чыгуначны вакзал. Тут яго сустрэў вайсковы аркестр і гродзенскія стральцы, маршалка павітаў генерал Бербецкі і прэзідэнт горада Стэмпнеўскі з жонкаю, суддзя Гарбачэўскі і прадстаўнікі ўладаў гораду. У 15 гадзін Пілсудскі з сям’ёй сеў на цягнік да Варшавы.
Вядома, што Пілсудскі вельмі любіў адпачываць у Друскеніках. Там нават доўгі час захоўвалася лавачка, на якой ён любіў сядзець на беразе Нёмана. Па дарозе ён заязджаў у Гродна. Палкоўнік Ян Гажахоўскі, якога ўшанаваў сваім візітам маршал, быў даўнім яго знаёмым. А яшчэ — сапраўднай жывой легендай з часоў змагання за незалежнасць Польшчы. З 1904 году ён дзейнічаў у баявой арганізацыі Польскай Сацыялістычнай Партыі, а ў 1906 кіраваў паспяховай акцыяй вызвалення 10 палітвязняў з царскай турмы «Павяк» у Варшаве. У 1922−29 гадах быў жанаты на пісьменніцы Зоф'і Налкоўскай, якая той летні візіт Пілсудскага ў 1924 годзе апісала ва ўспамінах.
29 ліпеня. У Гродне хадзілі плёткі пра «божую кару», якая напаткала аднаго са сведкаў, што быццам бы даў у судзе непраўдзівыя паказанні супраць пацярпелага. Гаворка ішла пра сведку на адным з працэсаў Хакеля Бушынскага, які пасля суда быў дастаўлены дахаты і хутка памёр.
31 ліпеня выйшаў апошні нумар газеты «Echa Grodzieńskie».
1 жніўня 1924 года ў Гродне пачала выдавацца газета «Nadniemeński kurjer Polski».
1 жніўня ў гродзенскім гарадскім тэатры выступіла «Першая трупа ліліпутаў». Апрача таго, што ў артыстаў няма божай іскры ні на каліва, што яны рухаюцца як марыянеткі, шапялявяць, але яшчэ іх мова — жахлівая сумесь польскай з познаньскім дыялектам. У нас няма крыўды на гэтых маленькіх людзей, якія хочуць адпавядаць грэцкім артыстам. Бог іх стварыў такімі, якія яны ёсць. Але ж імрэсарыа, рэжысёр ці дырэктар падчас сваіх прамоваў са сцэны казаў, што ўлады ў розных месцах забаранялі паказваць яго творы, дык чаму мы здзіўляемся, што замест тэатральнага выступу трапілі на нейкі кірмаш.
Мы ведаем, што слова «ліліпут» сёння гучыць непаліткарэктна, але менавіта гэта слова выкарысталі ў гродзенскай газеце 1924 года.
3 жніўня ў Гродне на вайсковым стадыёне ў 16 гадзін адбыўся футбольны матч на кубак ІІІ-га корпусу паміж камандамі 1-й (Вільня) і 29-й (Гродна) пяхтных дывізій. Перамогу святкавалі віленчукі, якія атрымалі бронзавую статуэтку футбаліста на мармуровай падставе і партрэт Маршалка Пілсудскага, выкананы А. Кавальскім, а таксама імянныя дыпломы.
Чытайце таксама: Схоплены «Герой Беларусі», разбурэнне кляштара брыгітак і візіт кіназоркі: чым жыў Гродна 17−23 чэрвеня 1924 года
3 жніўня. У Гродне быў заснаваны новы вайсковы спартыўны клуб пад назвай «Крэсовія» пад кіраўніцтвам капітана Клімкоўскага і капітана Палняшка. У клубе ад пачатку налічвалася 56 чалавек і маюцца наступныя секцыі: лёгкаатлетычная, футбольная, тэнісная, лыжная і плавання. Сябры клубу «Крэсовія» бралі ўдзел у апошніх спаборніцтвах ІІІ-й акругі па плаванні, у якіх перамог Ежы Лісоўскі.
Сёння «Крэсовію» найбольш памятаюць як футбольны клуб, хаця ў яе складзе было яшчэ дзевяць іншых секцый. У 1929 годзе «Крэсовія» выйграла чэмпіянат Беластоцкай акругі, абыграўшы свайго галоўнага канкурэнта — клуб «WKS 42 PP» (спартыўны клуб арміі, што прадстаўляў 42-і пяхотны полк з Беластока).
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…