У 1930-х гродзенцы ездзілі на аўтобусах Ford, Fiat і Chevrolet, тралейбусы маглі з’явіцца на 10 гадоў пазней, а на вуліцах у цэнтры маглі ляжаць трамвайныя рэйкі. Гістарычны Telegram-канал Hrodna 11:27 апублікаваў серыю відэа пра гісторыю гродзенскага транспарту. Hrodna.life паглядзеў іх і заканспектаваў.

Гісторыя гродзенскіх аўтобусаў

Першыя аўтобусы паехалі са спазненнем

Запусціць першыя аўтобусы у Гродне планавалі ў лістападзе 1929 года. Тады гарадскі магістрат атрымаў адразу тры заяўкі на адкрыццё аўтобусных ліній. Тэхнічная камісія ў гарадскім савеце вырашыла, што ў Гродне могуць курсіраваць чатыры аўтобусы. Савет акрэсліў колькасць маршрутаў, размяшчэнне прыпынкаў і колькасць аўтобусаў на лініі.

Адкрыццё руху аўтобусаў запланавалі на 5 чэрвеня 1930 года. Але ў прызначаную дату яны не паехалі. У аўтобусным таварыстве Autoruch, якому належаў транспарт, з-за тэхнічных прычын не змаглі прад’явіць аўтобусы да агляду. Яны пачалі курсіраваць на чатыры дні пазней — 9 чэрвеня.

Спачатку былі толькі два маршруты

Першапачаткова ў Гродне былі толькі два аўтобусныя маршруты. 

Першы пачынаўся на Грандзіцкай шашы. Аўтобусы ехалі праз вуліцу Пушкінскую (сучасная 17 Верасня), Піянерскую (сучасная Дзяржынскага), Тэатральную плошчу. Потым аўтобус перасякаў мост праз Гараднічанку, далей па вуліцах Паштовай і Банкавай (сучасная Сацыялістычная), потым па Брыгіцкай (сучасная Маркса) і да канца Скідзельскай вуліцы (сучасны праспект Касманаўтаў). У адваротным накірунку аўтобус ехаў па тым жа маршруце.

Другі пачынаўся каля чыгуначнага вакзала і пралягаў праз сучасныя вуліцы Ажэшкі, Савецкую і Маставую. Нёман аўтобусы перасякалі праз драўляны мост для гужавога транспарту, бо Стары мост яшчэ рэканструявалі пасля Першай сусветнай вайны. Далей аўтобусы рухаліся па сучасных вуліцах Леванабярэжнай і Гарнавых, за тытунёвай фабрыкай паварочвалі на вуліцу Беластоцкую, а ў месцы дзе ў 1950-х гадах размясцілі Калгасную плошчу, выязджалі на сучасную вуліцу Савецкіх пагранічнікаў. Адтуль аўтобус ехаў назад у бок чыгуначнага вакзала. 

Праезд каштаваў як пяць “кайзерак”

На кожнай лініі працавалі два аўтобусы. Яны выязджалі на маршрут у 6:30, а сканчалі а палове на 12-ю вечара. Праезд каштаваў не менш за 25 грошай. У той час за гэтую суму можна было набыць пяць булак “кайзерак” у пякарні Каплана на Дроўным рынку.

У кожным аўтобусе акрамя шафёра працаваў кандуктар. Ён быў дэталёва азнаёмлены з планам горада, размяшчэннем дзяржаўных і вайсковых устаноў, а таксама грамадскіх і важных недзяржаўных аб’ектаў. Паводле правілаў, у звароце з пасажырамі кандуктар павінен быў быць ветлівым і спраўным.

Аўтобуснае “дэпо” было ў самым цэнтры горада

База аўтобуснага таварыства Autoruch размяшчалася на вуліцы Magistracka, 1. Сёння гэта вуліца Дамініканская ў цэнтры Гродна. У двары ўжо былой адміністрацыі Ленінскага раёна была стаянка аўтобусаў.

Першыя аўтобусы ў Гродне
Першыя гродзенскія аўтобусы ў двары на вуліцы Magistracka, 1. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Аўтобусны рух у горадзе адразу стаў папулярным сярод жыхароў. Два аўтобусы, што курсіравалі ад Чыгуначнага вакзала, былі ўвесь час перапоўнены. Таму таварыства Autoruch узяла ў арэнду яшчэ адзін аўтобус і выпусціла яго на маршрут да атрымання новых аўтобусаў, 

Замянілі імпартныя аўтобусы на савецкія

У канцы 1930-х гадоў у Гродне было ўжо некалькі аўтобусных ліній. Па горадзе ездзілі  аўтобусы замежнай вытворчасці: Ford, FIAT, Chevrolet. Калі ў 1939 годзе ў Гродна прыйшлі “першыя саветы”, таварыства Autoruch нацыяналізавалі. Яго перайменавалі ў Гродзенскую аўтабазу народнага камісарыята аўтатранспарту БССР і арганізавалі Аўтобусны парк №1. 

Ён застаўся на сваім месцы, толькі вуліцы Магістрацкую перайменавалі ў вуліцу Клары Цэткін. У пачатку 1941 года ў Гродне працавалі ўжо савецкія аўтобусы ЗіЛ і ГАЗ.

Першыя пасляваенныя аўтобусы паехалі праз тры гады пасля вызвалення Гродна

Да трэцяй гадавіны вызвалення Гродна ад нямецкій войскаў, 16 ліпеня 1947 года, у Гродне адкрылі два першыя пасляваенныя аўтобусныя маршруты. Абодва курсіравалі ад Савецкай плошчы.

Першы ездзіў па вуліцы Карла Маркса да Скідзельскага рынку, потым па вуліцы Будзёнага да Чыгуначнага вакзала, а далей па вуліцах Ажэшкі і Савецкай вяртаўся на плошчу. Другі ездзіў ад Савецкай плошчы да станцыі Ласосна і ў адваротным накірунку.

Трамваі ў Гродне маглі з’явіцца раней за аўтобусы: як развіваўся гродзенскі грамадскі транспарт
Гродзенскія аўтобусы ў 1950-х гадах на плошчы Савецкай

Аўтобусны парк пераехаў з цэнтра толькі ў 1960-м

Да 1955 года колькасць аўтобусаў у парку вырасла да 47, а яшчэ праз пяць гадоў, у 1960 годзе, іх было ўжо 96. У тым жа годзе Аўтобусны парк перайменавалі ў аўтакалонну №2408 і перабазіравалі на вуліцу Перамогі, 16. Там ён размяшчаецца па сённяшні дзень. Але з 1987 года называецца Аўтобусны парк №1.   

Сёння ў Гродне каля 50 аўтобусных маршрутаў, а працягласць гарадскіх ліній складае 718 кіламетраў. У аўтобусным парку 252 аўтобусы,  якія возяць пасажыраў як у горадзе, так і паміж гарадамі.

Гісторыя электратранспарту

У Гродне мог з’явіцца трамвай

Першыя гродзенскія тралейбусы пачалі курсіраваць па горадзе ў лістападзе 1974 года. Але пра развіццё электратранспарту ў Гродне казалі яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У снежні 1912 года ў горадзе пачала працаваць першая электрастанцыя. Менавіта тады, пачалі разглядаць магчымасць запусціць у Гродне трамвай: ад чыгуначнага вакзала да параходнай прыстані на Нёмане. 

Першая гродзенская электрастанцыя
Першая гродзенская электрастанцыя. Крыніца: Hrodna 11:27

У 1928 годзе ў газеце Nowe Życie паведамілі, што Бельгійскае трамвайнае таварыства прапанавала магістратам Беластока і Гродна запусціць у гарадах трамвайны рух.  Але гэтыя праекты не рэалізавалі. Верагодная прычына - вузкасць гарадскіх вуліц, а таксама слабасць фундаментаў гарадскіх будынкаў. Яны маглі не вытрымаць праезд трамвая паблізу. 

Для тралейбусаў трэба было яшчэ 100 000 чалавек

Чарговыя размовы пра запуск у Гродне электратранспарту пачаліся ў 1965 годзе. Але тады ад ідэі адмовіліся з-за адсутнасці грошай. Іншай прычынай было тое, што ў тыя часы тралейбусы прадугледжваліся ў гарадах, дзе жыве больш за 250 тысяч чалавек.

Але нягледзячы на тое, што ў 1974 годзе ў Гродне было толькі 160 тысяч жыхароў, тралейбусны рух у горадзе ўсё ж адкрылі. 1 чэрвеня ў горадзе арганізавалі тралейбуснае ўпраўленне. Першую партыю з 10 тралейбусаў у Гродна прывезлі з упраўлення ў горадзе Энгельсе, што ў Саратаўскай вобласці, а 25 гродзенскіх кіроўцаў прайшлі чатырохмесячную падрыхтоўку у Мінску.

Адкрыццё тралейбуснага руху ў Гродне
Адкрыццё тралейбуснага руху ў Гродне. Крыніца: grodnotu.by

Да адзнакі 250 тыс. чалавек насельніцтва Гродна вырасла толькі ў 1985 годзе. Таму магло быць і так, што тралейбусы з’явіліся б у горадзе толькі праз 11 гадоў. 

Першы дзень пасажыры ездзілі бясплатна

Першы тралейбус выйшаў на лінію 5 лістапада 1974 года. Ён называўся “Піянерскі”, бо менавіта піянеры збіралі металалом, каб набыць у Гродна тралейбус. На першым маршруце праехалі будаўнікі першых ліній, будатрадаўцы медінстытута, якія ўзводзілі першыя карпусы тралейбуснага ўпраўлення, рэканструявалі вуліцы Кірава і Маркса, а таксама прыбіралі павуцінні электраліній, каб змантаваць кантактныя сеткі для тралейбусаў. 

У першы дзень працы гродзенскіх тралейбусаў кіраўніцтва горада дазволіла ўсім пасажырам ездзіць бясплатна. Першы маршрут пралягаў паміж прадпрыемствам “Гродна Азот” і Савецкай плошчай. Ён складаў 8,5 кіламетраў і кожны тралейбус праязджаў маршрут за 30 хвілін, а стаянка на канцавым прыпынку займала 5 хвілін. Кожны кіроўца праязджаў па маршруце 18 колаў. 

Трамваі ў Гродне маглі з’явіцца раней за аўтобусы: як развіваўся гродзенскі грамадскі транспарт
Пасажыры ў гродзенскім тралейбусе. Крыніца: oldgrodno.by

За тры гады сетка тралейбусаў вырасла да чатырох маршрутаў 

На працягу бліжэйшых двух гадоў у Гродне адкрылі другую чаргу тралейбусных ліній. У 1975 годзе пачаў курсіраваць маршрут №2, тралейбусы ездзілі ад прадпрыемства “Гродна Азот” да Прадзільна-нітачнага камбіната на вуліцы Горкага. Тады ж адкрылі і маршрут №3 - ад “Азота” да Фартоў. У 1977 годзе паехаў тралейбус №4 ад Фартоў да Савецкай плошчы. Пазней яго працягнуць да “Аўтакалонны”, дзе створаць разваротнае кола на скрыжыванні праспекта Янкі Купалы і вуліцы Пестрака. Таксама працягнуць і маршрут №1 да плошчы Дзекабрыстаў, а потым і да Фолюша. 

Што зараз з тым самым тралейбусам-гармонікам

У 1992 годзе ў Гродна прыбыў першы сучленены тралейбус. Яго можна было ўбачыць на вуліцах Гродна да 2004 года. Потым тралейбус-гармонік мадэрнізавалі і разрэзалі. Пярэднюю частку пусцілі на маршрут, а з задняй зрабілі невялікі склад на тэрыторыі дэпо. 

Гродзенскі тралейбус-гармонік
Гродзенскі тралейбус-гармонік. Крыніца: oldgrodno.by

У 2017 годзе па горадзе пачаў курсіраваць першы бескантактны тралейбус. Сёння ў Гродне 24 тралейбусныя маршруты. Штодзённа на іх выязджаюць 87 тралейбусаў, а гродзенская тралейбусная сетка - трэцяя па працягласці ў Беларусі. Яе працягласць 400 кіламетраў, а больш толькі ў Мінску і Гомелі.

Чытайце таксама: Чаму тралейбусы ў Гродне загаварылі па-руску? Гродзенка спыталася ў транспартнікаў і атрымала адказ