Фонд BYSOL разыграе лімітаваную мадэль гадзінніка, створаную адмыслова да пяцігоддзя яго дзейнасці. Над дызайнам працавала літоўская кампанія VOSTOK EUROPE, якая актыўна падтрымлівае Украіну і свабодную Беларусь. Усяго будзе выстаўлена пяць экзэмпляраў, кожны з якіх мае індывідуальны нумар.

Аўкцыён пройдзе з 9 па 14 жніўня. Розыгрыш правядуць на сваіх старонках вядомыя беларусы і беларускі: мастачка Вольга Якубоўская, акцёр Аляксандр «Маляваныч» Ждановіч, журналістка Вольга Лойка, беларусы з ЗША, а таксама сам фонд BYSOL. Усе сабраныя сродкі будуць накіраваны на падтрымку каманды фонду.

Гадзіннік выкананы ў корпусе дыяметрам 43 мм з нержавеючай сталі чорнага колеру. Ён воданепранікальны да глыбіні 200 метраў, з японскім механа-кварцавым механізмам.

Розыгрыш усіх лотаў завершыцца ў дзень нараджэння фонду — 14 жніўня ў 23:34 па мінскім часе. Гэта адсылка да адміністратыўнага артыкула 23.34, па якім суды выпісвалі пакаранні ўдзельнікам пратэстаў у жніўні 2020 года. Цяпер нумар артыкула заменены на 24.23 КаАП.

Стаўкі будуць прымацца ў каментарах да пастоў і ў прыватныя паведамленні. Пераможцам стане ўдзельнік, які прапануе самую высокую стаўку. Стартавы кошт лота складае 150 еўра, крок стаўкі — 20 еўра. Колькасць ставак не абмежавана.