У Гродне адбудавалі каралеўскую рэзідэнцыю Аўгустова. У маштабе 1/100

Падрабязны макет каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова з’явіўся ў пачатку студзеня ў краязнаўчым музеі гродзенскай гімназіі №4. Макет некалькі месяцаў ствараў інжынер Ігар Адасік.

Цяжка ўявіць, як некалі выглядала Аўгустова – рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай, што знаходзілася на сённяшняй вуліцы Рэпіна ў Гродне. Пра яе да нас дайшло няшмат інфармацыі. Але гады пошукаў далі краязнаўцам і гісторыкам магчымасць не толькі “адбудаваць” сядзібу ў паменшаным выглядзе, але і знайсці яе апошніх уладальнікаў.

Матэрыялы для музея збіралі ўсёй школай

Краязнаўчы музей у гімназіі №4 быў адкрыты ў 2009 годзе. Да гэтага некалькі гадоў для яго збіралі экспанаты і інфармацыю. Трапіць туды не складана: трэба толькі звярнуцца ў школу.

У Гродне адбудавалі каралеўскую рэзідэнцыю Аўгустова. У маштабе 1/100
Адзін з пакояў краязнаўчага музея гімназіі №4, кіраўніком якога з’яўляецца Вольга Грамыка

«Пры стварэнні музея мы адразу абралі накірунак, бо наша ўстанова знаходзіцца на былой тэрыторыі маёнтка Аўгустова – рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, – распавядае кіраўнік музея, гісторык Вольга Грамыка. – Матэрыял для музея збіралі шмат часу, ён цікавы і сёння малавядомы ў нашым раёне. Мы пачалі справу з мноствам дзяцей і настаўнікаў. Даследавалі ўсё каля гімназіі: прыроду, гісторыю, апытвалі людзей».

Макет зрабіў бацька школьніцы

Некалькі гадоў таму ў гімназіі ўжо зрабілі больш просты макет сядзібы пры падтрымцы Цэнтра краязнаўства і турызму. У 2017 годзе за вялікі макет узяўся інжынер Ігар Адасік у якога ў гімназіі вучыцца дачка. Ён мае вялікі досвед у стварэнні макетаў.

«Хацелі менавіта макет на другую палову 18 стагоддзя, калі стваралася каралеўская рэзідэнцыя», – дадае Вольга Грамыка.

Усё лета Ігар Адасік скрупулёзна вывучаў сабраную дакументацыю па рэзідэнцыі Аўгустова. Па нешматлікіх малюнках і фатаграфіях яму давялося ствараць цэлы комплекс. Спачатку ён старанна прамалёўваў усё на камп’ютары, а пасля стварыў пробныя макеты. Потым прыйшоў час фінальнай версіі. Яе маштаб – 1/100.

«У працы Ігара выканана ўсё да драбнюткіх дэталяў. Усё, што мог знайсці дакладна, ён увасобіў, а чаго не хапала – давялося крыху дадумваць. Для нас важна было паказаць не толькі сядзібу і іншыя будынкі, але і парк, які там быў. Важна, каб дзеці маглі паглядзець, што такое французскі (рэгулярны) парк, а што такое англійскі (пейзажны) парк».

Рэзідэнцыі зацікавілі, але працэс стварэння надта марудны

Макет яшчэ дарабляецца, тлумачыць Ігар. Асноўная складанасць для яго – недахоп інфармацыі. “Ніякіх чарцяжоў у мяне не было, а толькі малюнак і фатаграфіі. Але і так атрымалася нешта зрабіць, нават колер вызначыць”, – кажа Ігар. Ствараючы гэты макет, ён думаў ужо і пра іншыя каралеўскія рэзідэнцыі. Але працэс стварэння такіх макетаў вельмі доўгі: выдаткаваць яшчэ два гады на падобную працу ён пакуль не гатовы.

Ігар Адасік вядомы як стваральнік серыі папяровых мадэляў беларускі замкаў – і тых, што яшчэ існуюць, і тых, ад якіх нават руін не засталося. З 2012 года ён стварыў мадэлі 16 гістарычных будынкаў – і не толькі замкаў, але і цэркваў, тыповага млына-ветрака і нават Нацыянальнай бібліятэкі. Таму досвед у мадэляванні ў яго вельмі багаты.

Аўгустова шукалі не там?

Вуліца Рэпіна сёння забудаваная сучаснымі дамамі. Раскопкі калісьці вяліся, але археолагам нічога не ўдалося знайсці. На думку Вольгі Грамыка, раскопкі праводзілі не ў тым месцы.

У Гродне адбудавалі каралеўскую рэзідэнцыю Аўгустова. У маштабе 1/100
Адзін з апошніх выглядаў палаца Аўгустова. Рэзідэнцыя караля з’явілася тут у 1770-х гадах: палац, капліца, гаспадарчыя пабудовы і парк на цэлых 20 гектараў з трыма злучанымі сажалкамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Кацярына перадала Аўгустова О’Брайнам дэ Ласі, якія гаспадарылі тут наступныя амаль 150 гадоў. Падчас I сусветнай каралеўскі палац у стылі класіцызму спалілі расiйскія войскі, што адступалі, парк пайшоў на драўніну.

«Гісторыяй рэзідэнцыі мала хто падрабязна займаўся. Нам трэба было, мы і знайшлі здымкі, якія пасля накладваліся адзін на адзін і звяраліся. Нашы пошукі давялі і да таго, што ўдалося знайсці апошніх уладальнікаў, а менавіта Нэлі О’Браен дэ Ласі, якая жыла ў Аргентыне. Так што можна з упэўненасцю сказаць, што раскопкі на тэрыторыі сядзібы яшчэ не вяліся”.

Пры карале карчма – не частка Аўгустова

Недалёка ад рэзідэнцыі караля была пабудавана карчма, якая захавалася да нашых дзён. Многія сёння памылкова лічаць яе часткай рэзідэнцыі 18 стагодзя. Але насамрэч яна не ўваходзіла ў той комплекс. Таму ў макет  яна не патрапіла. Карчма была часткай маёнтка і комплексу Аўгустова пры дэ Ласі (разам з капліцай, якая таксама захавалася).


Аўгустова было адной з трох гродзенскіх рэзідэнцый Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 18 стагоддзі ўсе яны знаходзіліся за горадам, а сёння ўжо ў межах Гродна. Будынкі палацаў у Панямуні і Станіславова захаваліся.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: