Візіт вышэйшай асобы ў дзяржаве — заўсёды падзея для горада. У ХХ ст. у Гродне пабывалі пару імператараў - расійскі Мікалай ІІ і нямецкі Вільгельм ІІ, ды некалькі прэзідэнтаў у розных статусах. Некаторыя з іх пакінулі пасля сябе след у гарадской прасторы.

У гатэлі «Раяль» быццам у 1919 г. затрымліваўся маёр амерыканскай арміі Дуайт Эйзенхаўэр, які праз многа дзесяцігоддзяў стаў прэзідэнтам ЗША. З ужо дзеючых прэзідэнтаў у Гродне бывалі толькі два з трох прэзідэнтаў Польшчы ды дзеючы кіраўнік Беларусі. Даўнія візіты ў Гродна польскіх прэзідэнтаў Станіслава Вайцяхоўскага і Ігнацыя Масціцкага пакінулі свой след у горадзе.

Няшмат улады, але высокі статус

Міжваенная Польшча была парламенцкай рэспублікай і прэзідэнта там выбіралі Сейм і Сенат. Таму вельмі шмат паўнамоцтваў прэзідэнт не меў, але паколькі выбіралі яго з ліку аўтарытэтных інтэлігентаў, то гэта павінен быў быць чалавек бездакорнай маральнасці. Адным словам — такая сімвалічная асоба.

Першы прэзідэнт не паспеў даехаць

Першага польскага прэзідэнта, вядомага інжынера гідратэхніка і чыгуначніка Габрыеля Нарутовіча выбралі ў самым канцы 1922 г. За яго галасавалі і беларускія паслы Сейма. Да Гродна ён не даехаў, бо праз некалькі дзён яго застрэліў польскі нацыяналіст, які лічыў, што Польшчу апанавалі яўрэі і немцы.

20 снежня 1922 г. новым прэзідэнтам быў выбраны прафесійны палітык, паплечнік Пілсудскага, двухмятровага росту Станіслаў Вайцяхоўскі. Ён акурат і стаў першым польскім прэзідэнтам, які даехаў да Гродна.

Вітальная брама на плошчы Баторыя

Газеты заходзіліся ад патрыятычных воклічаў у гонар візіта ў горад прэзідэнта «найяснейшай Рэчы Паспалітай» і заклікалі вітаць яго «кветкамі, хлебам і соллю».

У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Аб’ява пра прыезд у Гродна прэзідэнта Вайцяхоўскага
У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Парадны партрэт Станіслава Вайцяхоўскага
13 кастрычніка 1923 г. аўтамабільную калону з Вацяхоўскім сустрэлі на мяжы Гродзенскага павета і павезлі ў горад у суправаджэнні эскадрона ўланаў і ўбраных кветкамі брычак.

На плошчы Баторыя (цяпер Савецкай) стаяла прывітальная брама. Тут былі чарговыя кветкі і прамовы. Далей Вайцяхоўскі прайшоўся да замкаў, дзе адбыўся сняданак «у вузкім» коле, дзе таксама прагучала некалькі прамоваў.

Па сняданку Вайцяхоўскі наведаў сінагогу, Каложскую царкву, гарнізонны касцёл (Фару Вітаўта), музейную экспазіцыю ў старостве і пасля вырушыў на вул. Баніфратарскую дзе заклаў вуглавы камень для домікаў для польскіх афіцэраў. У падмурак аднаго дома таксама была закладзена туба з тэкстам аб пачатку будовы гэтых дамкоў. Афіцэрскія будынкі на вуліцах Свярдлова і Парыскай Камуны захаваліся дасюль, некаторыя сталі элітным жытлом і радуюць вока турыстаў і гараджан.

Не забыў пра меншасці

Пасля экскурсіі па Гродне Вайцяхоўскі паехаў у Стары Замак, дзе яго чакаў накрыты стол. На банкеце прэзідэнт выступіў з прамовай, дзе згадаў пра сумныя часы ў гісторыі Гродна, калі адбываліся падзелы Рэчы Паспалітай, аддаў належнае Юзафу Пілсудскаму як «выратавальніку» Польшчы і, што цікава, выказаўся наконт правоў нацыянальных меншасцей.

Вайцяхоўскі сказаў, што і яўрэі ў сінагозе, і немцы ў кірсе, і беларусы нагадвалі яму пра свае правы. «Ніхто большай шкоды Польшчы не зробіць, чым той, хто паўтарае на Крэсах палітыку Царскай Расіі», — падсумаваў прэзідэнт, абацаючы, што нацыянальныя меншасці будуць карыстацца ўсімі належнымі правамі.

Тэатр і зноў банкет

Добра паеўшы і выпіўшы, а таксама паслухаўшы прамовы гродзенскіх начальнікаў, Вайцяхоўскі паехаў у гарадскі тэатр, дзе паглядзеў пастаноўку Аляксандра Фрэдры «Дамы і гусары». Пасля прэзідэнт зноў паехаў у Стары Замак, дзе адбыўся ўрачысты банкет. На банкет уваходзілі па запрашэнні. Трэба было апрануць фрак або ў «скрайнім выпадку» смокінг. Што праўда, можна было прыйсці і ў народнай вопратцы!

У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Прэзідэнт Вайцяхоўскі на плошчы Баторыя. 1923 г
Аб 11 гадзіне вечара Вайцяхоўскі ад’ехаў з чыгуначанага вакзала ў бок Вільні. Пачынаючы ад моста па вул. Ажэшкі за Вайцяхоўскім ішла калона пажарных з паходнямі.

Абяцанкі не спраўдзіліся

Праўда, імпрэзы ў той арганізоўваць умелі, але з абяцанак Вайцяхоўскага спраўдзілася няшмат. Польшчу траслі палітычныя крызісы, аб правах нацыянальных меншасцей хутка прызабыліся, а ў 1926 г. Юзаф Пілсудскі здзейніў у Польшчы дзяржаўны пераварот. Ягоны паплечнік Вайцяхоўскі адмовіўся ад пасады.

Наступным, трэцім і апошнім прэзідэнтам міжваеннай Польшчы стаў вучоны хімік Ігнацы Масціцкі. Ён быў выдатным навукоўцам, але як палітык быў ужо амаль поўнай марыянеткай Пілсудскага і набліжаных да яго вайскоўцаў. Гродна паспеў пабачыць і гэтага «яснавельможнага пана прэзідэнта».

У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Паведамленне пра прыезд у Гродна прэзідэнта Масціцкага 1933 г

Імпрэза ў стылі military

У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі
26 лістапада 1933 года ў Гродне было запланавана святкаванне 400-годдзя з Дня Нараджэння караля Стэфана Баторыя. Імпрэза адбывалася з размахам. Прэзідэнта сустрэлі на левым беразе Нёмна ў пачатку вул. Ліпавай (цяпер Гарнавых) і павезлі ў цэнтр на плошчу Баторыя.

Там мерапрыемства набыло выразны мілітарыстычны адценак. Гарматы далі ўрачысты салют, перад прэзідэнтам прамаршыравалі вайскоўцы. Цікава, што ў іх шэрагах былі будучыя героі Другой Сусветнай вайны Клеберг і Мачак, а таксама расстраляны пазней у Катыні генерал Багатырэвіч.

Пасля Масціцкага павіталі хлебам і соллю, а школьнікі Яніна Дамброўская і Януш Цытаржынскі ад імя ўсіх школьнікаў паабяцалі што «вырастуць добрымі грамадзянамі» і падарылі прэзідэнту букет ружаў. Той ружы ўзяў і пацалаваў падлеткаў.

Масціцкі дапамог гродзенскаму заапарку стаць адным з лепшых у Польшчы?

Пасля мерапрыемствы перанесліся на Стары замак. У 14.00 Масціцкі адкрыў табліцу ў гонар Стэфана Баторыя. Пасля адкрыцця памятнай табліцы адбылося кароткае пасяджэнне Камітэту адбудовы Старога Замка, які вырашыў правесці рэстаўрацыю палаца да гадавіны смерці Баторыя ў 1936. Добра, калі гродзенскі Стары Замак адрэстаўруць хаця б да 2036 года!

[irp posts="47 551″ name="Фрэску са Старога замку знялі і завезлі ў Мінск для рэстаўрацыі"]

У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Адкрыццё шыльды Стэфану Баторыю на Старым Замку. Злева прэзідэнт Масціцкі. 1933 г.
Пасля былі традыцыйныя візіт у тэатр і імпрэза на Старым Замку, якія скончыліся ад’ездам пана Масціцкага з чыгуначнага вакзала. У 1933 г. новы польскі прэзідэнт ужо нічога не абяцаў нацыянальным меншасцям, ды і абяцаць, па-сутнасці толкам не было і чаго.
У Гродна едзе Пан Прэзідэнт. Не той, што вы падумалі
Масціцкі ў Гродне. 1933
Цікава, што па легендзе якую пераказваў пісьменнік Аляксей Карпюк, з прэзідэнтам пагаварыў выкладчык гімназіі імя Адама Міцкевіча Ян Каханоўскі і паскадзіўся, што новаствораны заапарк мае малавата тэрыторыі. Масціцкі паўшчуваў гарадскія ўлады і тыя за вялікія грошы выкупілі ў князя Яна Друцкага-Любецкага кавалачак зямлі. Гэта паспрыяла таму, што да 1939 г. гродзенскі заапарк стаў самым лепшым заапаркам міжваеннай Польшчы пасля Варшавы і Познані.