Гродзенец Андрэй паехаў да сяброў у Кітай, але выпадкова трапіў на мясцовы кастынг у кіно і спадабаўся агентам. Андрэя запрасілі на здымкі кітайскага серыяла. Як гродзенец граў кухара, міратворца і нават гангстара, ён распавёў Hrodna.life.

Знаёмства з Кітаем

Андрэй паехаў у Кітай у сярэдзіне лета 2017 года каб убачыць сяброў, якія вучацца ў Пекіне. Ён нават не мог падумаць, што затрымаецца там і стане акцёрам.

«Я хацеў паглядзець, як жывуць у Паднябеснай, пазнаёміцца ​​з культурай і звычаямі, — распавядае Андрэй. — Падчас вакацый сябры з’ехалі ў Чэнду, сталіцу правінцыі Сычуань, дзе жыве больш за 16 млн чалавек, я і паехаў разам з імі».

Андрэю здавалася, што ў горадзе з вялікім насельніцтвам мясцовыя павінны прывыкнуць да турыстаў. Выйшла зусім не так. Людзі з еўрапейскай знешнасцю там яшчэ ў навіну, не тое што ў сталіцы.

«Ідзеш па горадзе, цябе спыняюць мясцовыя, разглядаюць і фатаграфуюць. Спачатку было нязвыкла і неяк боязна. Але кітайцы прыязны народ і заўсёды гатовыя дапамагчы, калі ты, напрыклад, не ведаеш куды ісці».

У кіно трапіў выпадкова

На кастынг у кіно Андрэй трапіў дзякуючы сябрам, з якімі ён і паехаў у студыю. Хлопец не планаваў здымацца, але пасля знаёмства з вялікай кінастудыяй прапанаваў сваю кандыдатуру.

«Еўрапейская знешнасць у кітайскіх фільмах запатрабаваная. А мне заўсёды было цікава як здымаюць фільмы, асабліва працоўны працэс. Я пайшоў на кастынг за кампанію з сябрамі. Калі мы прыехалі, мне падалося, што я дома. Такой колькасці нашых „белых“ людзей не сустрэнеш ні ў адным месцы Кітая. У асноўным там былі студэнты».

Кухар, міратворац, крыміналіст: як гродзенец здымаўся ў кітайскіх серыялах і кіно
Андрэй грае мірнага жыхара еўрапейскага горада падчас нямецкай акупацыі.
Тэрыторыя кінастудыі велізарная — цэлы горад. Андрэй хадзіў па ангарах з дэкарацыямі і адчуваў сябе, быццам трапіў у закінуты горад.

«Заходзіш у пакоі, дзе накрыты стол і здаецца, што нядаўна там сядзелі людзі. А на вуліцу выходзіш — стаяць аўтамабілі і розныя будынкі: бары, дамы і г. д.».

Усё там было быццам сапраўднае і ў адзін момант Андрэю стала вельмі цікава зняцца ў якім-небудзь фільме.

«Прывітанне, мяне завуць Андрэй і я з Беларусі»

«У кінастудыі сяброўка паказала мне маладога кітайца, які ўвесь час бегаў, і мне падалося, што ў яго няма часу на мяне. Але я прывык ісці напралом. Падыйшлі і я сказаў яму, а сяброўка пераклала: „Прывітанне, мяне завуць Андрэй і я з Беларусі“. Хлопец нават не паспеў выслухаць і сказаў: „Добра, вось мая візітоўка — скінь свой мадэльную фатаграфію і відэа ў чат“. Сказаў і адразу ўцёк. У мяне ніякіх мадэльных картак і відэа, вядома, не было. У выніку я яму скінуў некалькі сваіх звычайных фатаграфій».

У першым серыяле граў адну з галоўных роляў

Літаральна праз два дні Андрэю прыйшло паведамленне ад агента: «Вы заўтра з 9 раніцы да вечара вольныя? Здымка ў серыяле». Прапанавалі ролю ў масоўцы.

«Страху ў мяне не было, я быў упэўнены ў сабе. У кінастудыі мяне зацвердзілі на здымкі ў серыяле пра кухараў, дзе я граў адну з галоўных роляў. На першы погляд здаецца, што ў здымках усё лёгка — што скажуць, тое і робіш. Але на самой справе гэта дзясяткі дубляў. А хто грае галоўныя ролі, гэта яшчэ дадатковая здымка з розных ракурсаў па некалькі дубляў. Адну сцэну могуць здымаць некалькі гадзін. Першы здымачны дзень у мяне праляцеў вельмі хутка, усё было вельмі цікава».

Кухар, міратворац, крыміналіст: як гродзенец здымаўся ў кітайскіх серыялах і кіно
На здымках серыяла пра кухараў

Атрымаў новую візу і паехаў здымацца

Далей Андрэй здымацца не мог — у яго сканчалася віза. Але, вярнуўшыся ў Гродне, ён ведаў, што павінен вярнуцца ў Кітай. Агент паведаміў, што будзе працяг серыяла «Школа кухараў» і хлопец патрэбен на здымках.

«Здымкі праходзілі пры розным надвор'і. Бывала, ішоў дождж, а па сцэнары ў нас сонца. Здымалі ў лесе, замку, цягніку —
розных месцах. Мяне больш за ўсё стамляла дарога да месца сустрэчы: я праводзіў у дзень па 3−4 гадзіны ў метро. А потым дарога на здымачную пляцоўку па некалькі гадзін. І так кожны дзень».

Паралельна, здымаючыся ў адным серыяле, Андрэй прапаноўваў свае паслугі і іншым агентам. Ён граў крыміналіста, міратворца, гульца ў казіно, заўзятара. Асабліва шмат было роляў у масоўцы.

Кухар, міратворац, крыміналіст: як гродзенец здымаўся ў кітайскіх серыялах і кіно
Адна з першых масовак Андрэя

Дасягнуў мэты і вярнуўся дадому

Усяго ў Кітаі Андрэй прабыў чатыры месяцы.

«Я здымаўся ў кіно не дзеля грошай, а каб паспрабаваць сябе ў якасці акцёра. Я здымаўся з вядомымі кітайскімі акцёрамі, а таксама ў любімай студыі Джэкі Чана. Чаму я не застаўся ў Кітаі? Я проста не планаваў там жыць, мне хацелася сябе выпрабаваць. Ды і клімат там цяжкі: пастаянна смог. Схуднеў моцна. Не маё гэта — у выніку я вярнуўся дадому».

Кухар, міратворац, крыміналіст: як гродзенец здымаўся ў кітайскіх серыялах і кіно
Андрей в роли криминалиста

Кухар, міратворац, крыміналіст: як гродзенец здымаўся ў кітайскіх серыялах і кіно
Андрэй у ролі міратворца