Хочацца прайсціся па вулачках Гродна, не ўстаючы з канапы? Ці даведацца ваў-цікавосткі пра яго рэальных і сапраўдных жыхароў? Альбо размаляваць усімі фарбамі вясёлкі белыя плямы гродзенскай гісторыі? Тады варта паслухаць (ці пераслухаць) літаратурны сезон падкаста «Гаворыць Гродна». У ім журналісты Hrodna.life абмяркоўваюць кнігі аўтараў, каторыя проста зараз пішуць пра Гродна ці ў Гродне. У многіх творах горад — адзін з галоўных герояў.
- Эпізод I: «Трыкутнік караля» і якое месца ў ім займае… Януш Паруліс
- Эпізод 2: «Разрушыцель» Сцяпана Стурэйкі - кніга, якая падзяліла вядоўцаў на добрага і злога паліцэйскага
- Эпізод 3: Пра гарадзенскіх самураяў і Гродна Алеся Кіркевіча
- Эпізод 4: Пра «Бовь и мерть в Хротне»
- Эпізод 5: «Нёман, Каложа, Гродна» — ключавыя словы горада ад Дануты Бічэль
- Эпізод 6: Таямніца Фары Вітаўта, апошняе паляванне Баторыя і гарматы на дне Нёмана
- Эпізод 7: Віктар Шалкевіч і прывід горада
- Эпізод 8: Пра гродзенскія сандалі, віно на разліў і аскепкі крышталю ў кнізе Дар'і Трайдэн «Крыштальная ноч»
- Эпізод 9: Пра час, які гуляе ў нас, і Паўла Салаўёва
- Эпізод 10: «Час пустазелля» Ганны Янкуты - кніга пра час, які лепш бы нас абмінуў
Эпізод I: «Трыкутнік караля» і якое месца ў ім займае… Януш Паруліс
Літаратурны сезон падкаста «Гаворыць Гродна» адкрыла кніга Яўгена Аснарэўскага «Трыкутнік караля». У гэтай гістарычна-фантастычнай аповесці горад не проста месца дзеяння, але таксама крыніца загадкі, аснова сюжэта і ключ да пошуку адказаў. Прататыпы герояў аповесці - сапраўдныя гродзенцы, якіх многія з вас ведаюць. Хто гэта? Слухайце ў першым выпуску другога сезона падкаста «Гаворыць Гродна».
Эпізод 2: «Разрушыцель» Сцяпана Стурэйкі - кніга, якая падзяліла вядоўцаў на добрага і злога паліцэйскага
У другім выпуску падкаста будуць шпіёны, таемныя арганізацыі, сакрэтныя ваенныя даследаванні і эксперыменты на людзях, музеі і гістарычная спадчына. Гэта твор гродзенскага краязнаўцы і даследчыка Сцяпана Стурэйкі «Разрушыцель». У гэтым эпізодзе суаўтары падзеляцца на добрага і злога паліцэйскага ды пачастуюць слухачоў бочкай дзёгцю ад Яўгена Аснарэўскага і дзвюмя бочкам мёду ад Ірыны Новік.
Чытайце таксама: «Мы губім тое, што любім». Сцяпан Стурэйка — пра новую кнігу, гістарычную спадчыну і немагчымасць захаваць мару
Эпізод 3: Пра гарадзенскіх самураяў і Гродна Алеся Кіркевіча
«Самурай» Алеся Кіркевіча — гэта зборнік апавяданняў, які абмеркавалі ў трэцім эпізодзе літаратурнага сезона падкаста «Гаворыць Гродна». У ім вы даведаецеся, чым літаратурны Гродна Кіркевіча адрозніваецца ад іншых апісанняў нашага горада і што агульнага ў збіранні грыбоў і чытанні кніг. А яшчэ пачуеце, як Яўген Аснарэўскі гаворыць «па-самурайску».
Эпізод 4: Пра «Бовь и мерть в Хротне»
«Гродзенскіх прывідаў і нават смерці ў Гродне няма чаго баяцца» — кажуць аўтары падкаста пра кнігу «Бовь и мерть в Хротне». Гэта свежачок — кніга выйшла ў 2023 годзе ў выдавецтве «ЛітАры». Аўтар — пісьменнік і музыка Дзяніс Трусаў, сын вядомага гродзенскага даследчыка архітэктуры Ігара Трусава.
Эпізод 5: «Нёман, Каложа, Гродна» — ключавыя словы горада ад Дануты Бічэль
З гэтага выпуска падкаста можна даведацца:
- адкуль цячэ Нёман і куды нясе хвалі Гараднічанка,
- дзе паэткі ходзяць басанож і якім памятаюць гродзенскага слана,
- для каго стаў родным дом Максіма Багдановіча ў Гродне?
Праверце, ці супадаюць вашы адказы з меркаваннямі вядоўцаў.
Эпізод 6: Таямніца Фары Вітаўта, апошняе паляванне Баторыя і гарматы на дне Нёмана
Гэты выпуск падкаста для аматараў пашукаць і знайсці гродзенскія скарбы. Калі гэта пра вас, то вядоўцы падкаста правядуць вас па мапе гродзенскіх скарбаў з альтэрнатыўнай гісторыі горада. Перад тым, як узяць у рукі рыдлёўку, паслухайце падкаст.
Чытайце таксама: Варанец-бацька, Варанец-сын і варанец каласісты. Гродзенцы напісалі кнігу пра зёлкі і знайшлі сярод іх свайго цёзку
Эпізод 7: Віктар Шалкевіч і прывід горада
Аўтар расказвае то пра «мястэчка G», то пра невядома якое «Там». А ты чытаеш — і хочацца падскочыць і выкрыкнуць: «А я ведаю, ведаю! Гэта ўсё пра Гродна!» Так журналісты Hrodna.life абмяркоўвалі кнігу Віктара Шалкевіча «Мястэчка G і ваколіцы».
Чытаць гэты твор — як прайсціся басанож па брукаванцы з кацінымі ілбамі. Ці як па чарзе аблізваць аднаго на дваіх цукровага пеўніка на палачцы.
Чытайце таксама: «За Сашу Саладуху большай звязды няма». Бард Віктар Шалкевіч — пра самагонку ў вёсцы, 4000 пласцінак і пярсцёнак ад Бенэдыкта XVI
Эпізод 8: Пра гродзенскія сандалі, віно на разліў і аскепкі крышталю ў кнізе Дар'і Трайдэн «Крыштальная ноч»
Абмяркоўваючы кнігу, падкастары ўзгадалі і легендарны абутак, у якім вырасла не адно пакаленне дзяцей, і віно, купленае на разліў, якое можна піць на беразе ракі, і стэрэатыпы пра жаночую прыгажосць і лета ў вёсцы, і бабулю, у якой пазнаеш сябе. Забаўка для чытачоў кнігі - знайсці ў кожным апавяданні аскепак крышталю. Бо ён там насамрэч ёсць, вядоўцы праверылі.
Эпізод 9: Пра час, які гуляе ў нас, і Паўла Салаўёва
Аўтар зборніка вершаў «Время играет в нас» Павел Салаўёў найбольш вядомы ў Гродне як адзін з арганізатараў «Зялёнкі» — фестывалю бардаўскай песні «Зялёны гран-пры». Але для вядоўцаў самым дзіўным стала тое, што аўтар гэтай кнігі яшчэ і праграміст. Яго паэтычнай творчасці прысвечаны дзявяты выпуск літаратурнага сезона падкаста «Гаворыць Гродна».
Эпізод 10: «Час пустазелля» Ганны Янкуты - кніга пра час, які лепш бы нас абмінуў
Пра што Ганна Янкута напісала кнігу «Час пустазелля», так адразу і не скажаш. Дакладней, цяжка вызначыць, чаго там няма. Бо ёсць і развагі пра беларускую мову — як з ёй жывецца ў розных частках гэтага свету. І пра геалагічны музей — чытаючы пра яго, пачуваешся трохі выкапнем для сваіх далёкіх нашчадкаў. Ёсць там Варшава і дом ля турмы, ёсць Мінск і палісаднік з бабулінымі кветкамі. І, канечне, ёсць у кнізе месца для Гродна.
Безумоўна, гэта не ўсе кнігі паходжаннем з Гродна і пра Гродна. Калі ёсць жаданне абмеркаваць новыя творы гродзенскіх аўтараў - Hrodna.life адкрыты да прапановаў.