Руска-беларускі слоўнік-даведнік па лекавых раслінах сёлета у снежні выдалі ў Гродне ў медыцынскім універсітэце. У кнізе апісана 500 беларускіх і экзатычных лекавых раслінаў. Яго аўтары — Віктар і Арцём Варанцы. Бацька — філогаг, а сын — лекар. Падчас працы над кнігай яны знайшлі сярод беларускіх зёлак цёзку — варанец каласісты.

Для беларусаў жывакост больш гаючы за «окопник»

Ідэя напісаць па-беларуску кнігу пра лекавыя расліны з’явілася ў Віктара Варанца пасля кур’ёзнага выпадку. Аднаго разу калега распавёў яму, што мае праблемы з суставамі і доўга спрабаваў лячыць іх «окопником», але выніку не атрымаў. Пасля адзін знаёмы параіў скарыстаць жывакост. «І ведаеш, як рукой зняло!» — дзяліўся калега ўласным досведам ацалення. Камічнасць філолаг пабачыў у тым, што гаворка ішла пра адну і тую ж расліну. Проста «окопник» — рускі варыянт назвы, а жывакост — беларускі. «Ён тым самым зеллем свае суставы цёр. Але нейкім чынам жывакост для яго апынуўся больш гаючым», — жартуе Віктар Варанец.

Варанец-бацька, Варанец-сын і варанец каласісты. Гродзенцы напісалі кнігу пра зёлкі і знайшлі сярод іх свайго цёзку

Каб «гэта блытаніна» не цягнулася бясконца, ён вырашыў скласці руска-беларускі слоўнік зёлак: «У нас фітатэрапіяй усе займаюцца. Адзін аднаму рэкамендуюць, што рабіць. Пры гэтым з часоў Зоські Верас ніхто праблему мовы не падымаў. Яна ўвесь час вісела ў паветры. То падумаў, чаму б не зрабіць.»

Усе расліны — карысныя

Для перакладу Віктар Варанец абраў назвы 500 розных раслінаў. Вырашыў не абмяжоўвацца толькі тымі, што растуць у Беларусі. «Зараз знайсці ў нас папаю ці гранат няма праблемы. А сярод раслінаў няма ніводнай, што не мела была карысных з медыцынскага пункту гледжання ўласцівасцяў. Дзесці кара, дзесці лісты, карані ці плады — усё можа лячыць.»

Праца так захапіла, што самому стала цікава, прызнаецца Віктар. Таму на «проста слоўніку» вырашыў не спыняцца. «Трохі пашырыў працу і дадаў апісанне лекавых уласцівасцяў зёлак, каб слоўнік стаў даведнікам.» На гэтым этапе спатрэбілася дапамога прафесійнага лекара. Натуральна, што Віктар звярнуўся за падтрымкай да сына. «Асабліва непакоіўся за правільнасць апісанняў раслінаў, што ўтрымліваюць атрутныя ці наркатычныя рэчывы. А сын у мяне якраз псіхіятр-нарколаг і мовай добра валодае. Ён згадзіўся гэту справу зрабіць і выступіў у якасці рэцэнзента. Пасля яшчэ і з кафедрай фармакалогіі ўзгаднілі тэкст, каб з пункту гледжання медыцыны не было ніякіх нараканняў».

Знайшоў сярод зёлак цёзку

Віктар Варанец — вялікі аматар лазні. Праз тое раней лекавыя расліны прысутнічалі ў яго жыцці амаль выключна ў выглядзе венікаў. «Дуб, бяроза, эўкаліпт - гэта цудоўна. Таксама любіў запарваць сабе гарбату з мяты, мелісы, ліпы і шыпшыны. А вось калі рабіў кнігу, стаў больш у зёлкі верыць. Яны ж правераны стагоддзямі. Проста мы перасталі звяртаць на гэта ўвагу».

Яшчэ адной ціквосткай працы стала знаходка зёлкі-цёзкі. Сярод лекавых раслінаў аказаўся варанец класісты. «Яшчэ і сябе для сябе адкрыў," — жартуе Віктар.

Варанец-бацька, Варанец-сын і варанец каласісты. Гродзенцы напісалі кнігу пра зёлкі і знайшлі сярод іх свайго цёзку

Мова таксама лечыць

Меркаваннем Віктара Варанца, для беларусаў важна называць лекавыя расліны менавіта па-беларуску. «Фітатэрапія - гэта гістарычная народная спадчына, самы першы варыянт лячэння, што існаваў у чалавецтва. А родная мова таксама лечыць, бо адэкватна перадае лекавыя сэнсы. Назвы ж не выпадкова з’яўляліся, яны адлюстроўвалі ўласцівасці. Іх нельга адкідваць».

Ад зёлак да псіхатэрапіі

Гаючыя ўласцівасці роднай мовы варта было б выкарыстоўваць і ў псіхатэрапіі, мяркуе Віктар Варанец. «Беларусы на генетычным узроўні успрымаюць беларускую мову. Ёсць пэўныя сугуччы, якія ўплываюць на чалавека. Вось менавіта на такіх сугуччах будуецца ўспрыманне любой інфармацыі.»

Па расказах аднаго з выкладчыкаў псіхатэрапіі, эфект ад просьбы «прыплюшчыць вочкі» значна большы чым ад словаў «прикройте глаза», расказвае Віктар. Калега ўзгадваў, што адразу з’яўляецца ўсмешка ў пацыента і той больш ахвотна слухае і лепей успрымае інфармацыю. «Дробязь, але на гэтых дробязях і будуецца псіхатэрапія. Таму сапраўды, шмат тут вельмі цікавага для працы», — мяркуе філолаг.

Па яго словах, беларускамоўных падручнікаў па псіхіатрыі і псіхатэрапіі пакуль няма. То ёсць яшчэ адна нагода папрацаваць разам з сынам і зрабіць такое даследванне.

Варанец-бацька, Варанец-сын і варанец каласісты. Гродзенцы напісалі кнігу пра зёлкі і знайшлі сярод іх свайго цёзку

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life