Мечыслаў Гой узначальваў Гродна амаль дзевяць гадоў - даўжэй за ўсіх, хто быў на гэтай пасадзе з часу абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Адначасова ён быў ці не самым публічным чыноўнікам Гродна: камунікаваў з гараджанамі, ездзіў на веласіпедзе і да 2020 года любіў журналістаў. Сабралі 10 пунктаў, чым Гой запомніўся гродзенцам.
Мечыслаў Гой нарадзіўся 14 чэрвеня 1963 года ў вёсцы Шловенцы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, працаваў галоўным інжынерам калгаса імя Леніна, кіраваў сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам «Агра-правожа». У 2004 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. У 2004 годзе ўзначаліў Смаргонскі райвыканкам. 11 жніўня 2014 года яго прызначылі старшынёй Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта. 30 траўня 2023 года стала вядома пра яго сыход з гэтай пасады. Паводле крыніц Hrodna.life, для яго рыхтуюць месца дырэктара Гродзенскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі.
UPD. 19 ліпеня 2023 стала вядома, што Мечыслаў Гой сапраўды стаў дырэктарам Цэнтра стандартызацыі.
У час паслявыбарных пратэстаў у жніўні 2020 года Мечыслаў Гой пайшоў на кантакт з гродзенцамі. У Беларусі нават пачалі называць Гродна «першым вольным горадам».
Пасля некалькіх дзён нечуванага гвалту сілавікоў на вуліцах пратэсты супраць вынікаў выбараў прэзідэнта толькі ўзмацніліся. 14 жніўня Мечыслаў Гой выходзіў да пратэстоўцаў на плошчу Леніна, ездзіў да забастоўшчыкаў на «Гродна Азот». Пасля сустрэчы з апошнімі ён з падвышаным ціскам паехаў у бальніцу.
На плошчы Гой намагаўся тлумачыць натоўпу, што нічога не вырашае, і насамрэч адказвае за «бальніцы і дарогі». Праўда, паабяцаў вызваліць затрыманых і прасіў паверыць яму яшчэ раз. Таксама ён абяцаў, што на вуліцах не будзе АМАПа. Затрыманых у першыя дні гродзенцаў сапраўды вызвалілі і некалькі дзён на мітынгах нікога не затрымлівалі. 17 жніўня ў гарвыканкаме нават прайшла сустрэча прадстаўнікоў улады і актывістаў. Дзяржаўныя СМІ пачалі асвятляць пратэсты, а канал «Гродна Плюс» вёў трансляцыі з мітынгаў. Але ўжо 20 жніўня Гой сам выставіў патрабаванні да гараджан і паабяцаў ім у выпадку невыканання «прыняцце ўсіх законных мер і метадаў».
Мечыслаў Гой казаў, што веласіпед — яго ўлюбёны сродак перамяшчэння, а па выхадных ён нават праязджае па 15−20 км. У 2016 годзе ён на камеру катаўся пад дажджом на бамбукавым ровары-тандэме экаактывістаў з Германіі.
Таксама ў 2016 годзе Гой праехаў на веласіпедзе па вуліцах Гродна 25 км разам з актывістамі ліквідаванага зараз «ВелаГродна» і супрацоўнікамі ДАІ. Ён хацеў паглядзець, дзе трэба абнізіць бардзюры і як палепшыць велаінфраструктуру. Праз год пасля гэтай паездкі ў некаторых месцах сапраўды панізілі бардзюры, але ў большасцi месцаў усё засталося нязменным. У будучыні ж прынамсі новыя раёны сталі будаваць прыязнымі для раварыстаў.
Таксама ў адным з інтэрв'ю Мечыслаў Гой хваліўся, што прымушае кіраўнікоў адміністрацыі раз на тыдзень працаваць без машыны і хадзіць пешкі.
Мечыслаў Гой хацеў, каб у Гродна за год прыязджала 373,5 тыс. бязвізавых турыстаў — столькі, колькі жыхароў горада. Для развіцця бязвізу ён прапаноўваў вяртаць ваты ва ўсіх крамах: «Я думаю, і ў Мінску вядома, што літоўцы і палякі любяць тут закупляцца — часта таннымі цыгарэтамі і алкаголем. І не трэба гэтага саромецца, абсалютна. Трэба браць вопыт палякаў».
Бізнесу Гой не замінаў. «У нас у горадзе цалкам адэкватныя ўлады. Яны дазваляюць укладваць грошы, выдаткоўваючы свае менш ахвотна», — казаў уласнік аднаго з гродзенскіх хостэлаў у 2019 годзе.
Пры Мечыславе Гоі Гродна атрымаў свой турыстычны брэнд. Усяго ў двух турах на суд журы і гараджан прадставілі паўсотні прапаноў. Члены журы аддалі перавагу праекту брэсцкай студыі «GRAFIT» — стылізаванай выяве аленя. Некаторыя гродзенцы былі незадаволеныя выбарам, адзначалі падабенства аленя да цюленя і патрабавалі адмяніць вынікі конкурсу ці правесці яго яшчэ раз. Але гарадскія ўлады ад абранага брэнда не адмовіліся. Яго афіцыйна прадставілі ў снежні 2019 года, а ў 2020 пачалі афармляць ім прыпынкі грамадскага транспарта і білборды.
Мечыслаў Гой не цураўся славы і быў хіба самым публічным чыноўнікам у Гродне.
У 2016, каб праверыць, як хутка працуе хуткая, Мечыслаў Гой паказальна выклікаў яе ў парк Жылібера і чакаў там разам з журналістамі. Калі ў сажалцы ў Швейцарскай даліне знікла вада, ён асабіста браў сітуацыю на кантроль. Тады дзякуючы матэрыялу Hrodna.life выявілася, што праз будаўнічыя працы была часткова перакрыта труба на рацэ Юрысдыцы, якой сілкавалася сажалка.
У адрозненне ад сваіх папярэднікаў, Гой быў адкрыты для СМІ і ахвотна стасаваўся з незалежнымі журналістамі - праўда, толькі да восені 2020 года. У час, калі многія чыноўнікі адмаўляліся ад каментароў для Hrodna.life, наш журналіст мог звярнуцца наўпрост да кіраўніка гарвыканкама і атрымаць адказ. За гэта Гоя крытыкаваў канал сілавікоў «Гронденские сливы».
У час выбараў 2020-га Мечыслаў Гой прапаноўваў колішняму журналісту Hrodna.life Руслану Кулевічу тэлефанаваць яму ў выпадку затрымання. Праўда, калі таго сапраўды затрымалі ў час асвятлення пратэстаў, Гой адказаў, што «казаў жа туды не хадзіць» і завяршыў размову.
Мечыслаў Гой ахвотна камунікаваў і з грамадзянскай супольнасцю: раварыстамі, гарадскімі актывістамі ды іншымі.
У разгар пандэміі ў 2020 Гой асабіста заступіўся за валанцёраў ліквідаванага зараз дзіцячага хоспіса. У пачатку чэрвеня майстэрню хоспіса па пашыву масак выгналі з папярэдняга памяшкання. Гой прапанаваў валанцёрам памяшканне камбіната школьнага харчавання (КШХ) у Пышках, якое не выкарыстоўвалася, на тры месяцы. Пытанне з арэндай абяцалі вырашыць за кошт горада, дапамагчы з пошукам спонсараў. Там зрабілі рамонт, валанцёры пераехалі. На адкрыццё майстэрні Мечыслаў Гой прынёс марозіва. Праўда, ужо ў верасні КШХ змяніў замкі на майстэрні і прымусіў хоспіс пакінуць памяшканне. Пазней камбінат скасаваў дамову арэнды з хоспісам праз суд. Яшчэ пазней на кіраўнічку хоспіса завялі крымінальную справу, а сам Гродзенскі дзіцячы хоспіс ліквідавалі.
Пасля сустрэчы з краязнаўцам Мечыславам Супронам у 2019 годзе паабяцаў не руйнаваць вядомыя будынкі Новага Свету — драўляныя гарадскія дамы ў стылі рускага мадэрну на Міцкевіча 7 і 9. Іх сапраўды перадумалі зносіць і прадалі з аўкцыёна.
Як кіраўнік горада Гой сустракаўся з жыхарамі розных раёнаў. На сустрэчы з жыхарамі свежазбудаванай Альшанкі ў 2019 ён тэлефанаваў у 115, каб накіраваць заўвагі жыхароў у Горсвет, і абяцаў вылучыць месца пад могілкі для жывёл. Жыхару Вішняўца ў 2017 Гой асабіста абяцаў добраўпарадкаваць 25-гадовую пустку. Удзельнічаць у сустрэчах маглі ўсе ахвотныя.
Мечыслаў Гой любіць футбол і падтрымліваў яго ў Гродне. Ён сумяшчаў пост старшыні гарвыканкама з пасадай старшыні назіральнага савета футбольнага клуба «Нёман» і ўзначальвае Гродзенскую абласную федэрацыю футбола. Гой разбіраўся з пазыкамі футбольнага клуба і змяніў галоўнага трэнера клуба на Кавалевіча. Напрыклад, у працоўнай паездцы ў Славакію ён абмяркоўваў і супрацоўніцтва з мясцовымі футбольнымі клубамі.
Пры Гоі збудавалі доўгачаканы футбольны манеж у Пышках. Мечыслаў Гой лічыў, што ў горадзе футбольных палёў павінна быць не менш за 20.
Мечыслаў Гой быў адным з ініцыятараў выкарыстання ў Гродне тралейбусаў з аўтаномным ходам. У 2017 годзе Гродна стаў першым беларускім горадам, дзе з’явіўся такі транспарт. Бескантактныя тралейбусы Гой збіраўся выкарыстоўваць на маршрутах у гістарычнай частцы горада.
Пры Гоі ў Гродне з’явіўся новы аўтамабільны мост праз Нёман — Усходні. Яго перабудавалі са старога закінутага чыгуначнага моста да «Гродна Азот». Праўда, праз нечаканыя для будаўнікоў залевы адкрыць мост змаглі толькі з трэцяй спробы. Пазней па чарзе адрамантавалі тры астатнія гродзенскія масты.
Пры Гоі актыўна будавалі новыя раёны: Альшанку, Грандзічы, пачалі будоўлю на месцы закінутай вайсковай часткі на Фолюшы.
Пачалі будаваць аб’язную магістраль вакол Гродна, якая мусіць вызначыць развіццё горада на 50 гадоў. Яна павінна злучыць мікрараёны Паўднёвы і Грандзічы, а пазней выйсці на яшчэ адзін запланаваны аўтамабільны мост праз Нёман у раёне Камбіната будматэрыялаў.
Мечыслаў Гой — ураджэнец Гродзенскай вобласці, каталік, і не адмаўляўся ад заходняга досведу, як цяпер прынята ў кіраўнічых колах. Ён шмат камунікаваў з найбліжэйшымі суседзямі.
«Прапрацоўваецца звышважнае для горада і рэгіёну пытанне танных авіяліній, — казаў ён яшчэ ў 2019 годзе. — Нядаўна прыязджаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы. Суседзі вельмі зацікаўленыя ў рэйсе Варшава-Гродна. Літоўцы побач, для іх гэта таксама важна». Чакалі аэрапорта для лоўкостаў і ў Беластоку. Праўда, пакуль не дачакаўся ніхто.
На Захадзе ён бачыў і прыклады для абыходжання з гістарычным цэнтрам: «Варшава … добры прыклад, калі з сучасных будаўнічых матэрыялаў аднаўляецца аблічча старога горада. Прынцып вельмі цікавы. У Старым горадзе 90% пляцовак маюць гаспадароў, ідуць працы. Думаю, за паўтара-два гады мы прывядзем цэнтр у парадак».
У 2018 Мечыслаў Гой падпісаў афіцыйную дамову аб супрацоўніцтве з кіраўніком Беластока (горад-пабрацім Гродна з 1960 года) Тадэвушам Трускалоўскім. Праўда, у 2021 годзе Беласток разарваў супрацоўніцтва праз рэпрэсіі супраць польскай меньшасці ў Гродне.
Да гэтага Гой актыўна працаваў з польскімі мясцовымі ўладамі па праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва. З фінансаваннем ад Еўрасаюза па гэтых праграмах у Гродне паспелі шмат што зрабіць: трансмежавы веламаршрут «АвгустВело» ад Гродна да мяжы з Польшчай на Аўгустоўскім канале і добраўпарадкаванне ў Пышках, турыстычны праект «Шлях Тызенгаўза» амаль на € 2 млн і рэканструкцыю будынка былога архіва на плошчы Тызенгаўза, праекты ў галіне медыцыны.
У 2019 годзе Мечыслаў Гой далучыўся да «Пагаднення мэраў» — экалагічнай праграмы па зніжэнні выкідаў парніковых газаў. Частку фінансавых выдаткаў таксама мусіў узяць на сябе Еўрасаюз.
Пры Мечыславе Гоі ў Гродне сталі актыўна прадаваць пустыя будынкі і ўчасткі пад бізнес і ўстановы грамадскага прызначэння. Шматгадовыя рамонты завяршыліся ў доме Мураўёва, бізнес-цэнтры «На Віленскай» (былы будынак даўняга рэстарана «Беласток», пуставаў з 1985 года), з другой спробы прыстроілі інвестарам занядбаны гродзенскі піўзавод — былы палац, які ў 2018 ледзь не страцілі ў пажары. Пры Гоі пачалася і рэканструкцыя Старога замку, падыходы да якой выклікалі і выклікаюць шмат крытыкі ў адмыслоўцаў.
«Гэта частка працэсу рэгенерацыі старой часткі Гродна. Паглядзіце, як усё працуе. На аўкцыёнах прадаюцца ўчасткі, дзе раней знаходзіліся страчаныя будынкі. Умова для пераможцы — пабудова робіцца паводле старых чарцяжоў, XVIII-XIX стст. Аблічча — абавязкова гістарычнае. Унутры рабі што хочаш. Так пасля вайны аднаўлялі Варшаву», — тлумачыў Гой свой падыход. Яго паспяхова рэалізавалі з так званым «Домам рыбака».
З турыстычнай пешаходнай вуліцы Савецкай Мечыслаў Гой прапанаваў прыбраць жыллё і адміністрацыйныя службы. У 2022 годзе адміністрацыя Ленінскага раёна сапраўды пераехала на Лермантава, 2. Вызваленыя памяшканні планавалі перадаць бізнесу.
Пры Мечыславе Гоі зацвердзілі і Генплан развіцця Гродна да 2030 года. Як частку яго прынялі дэтальны план рэгенерацыі цэнтра з вельмі смелымі ідэямі - вынасам турмы з гістарычнага цэнтра, пашырэннем пешаходнай зоны і адбудовай гістарычных будынкаў на Савецкай плошчы, у тым ліку Фары Вітаўта.
Аднаўленне горада не заўжды ішло паспяхова. З 2017 года цягнецца рэканструкцыя гасцініцы «Гродна», пакуль няма зрухаў з прададзеным у 2020 годзе палацам Чацвярцінскіх (былой камендатурай), які пуставаў з 2014 года, а Дом афіцэраў удалося прадаць больш чым з 20-й спробы. Басейн «Лазурны» пуставаў і руйнаваўся з 2013 года. Пасля продажу ў 2018 годзе, які не прывёў да жаданых вынікаў, у 2023 абвесцілі пра вяртанне басейна ва ўласнасць горада і рамонт сваімі сіламі.
Пасля падзей 2020 года, замены кіраўніка вобласці з Уладзіміра Краўцова на Уладзіміра Караніка і прызначэння інспектарам па Гродзенскай вобласці былога кіраўніка МУС Юрыя Караева Мечыслаў Гой стаў менш актыўным на публіцы. Таксама ён перарваў камунікацыю з незалежнымі журналістамі і грамадзянскай супольнасцю. Тым не менш гродзенская праўладная актывістка і «інфаказачка» Вольга Бондарава працягвала крытыкаваць Гоя за ранейшыя кантакты з людзьмі, якія пазней падтрымалі пратэсты. 30 траўня яна апублікавала шматзначны пост са спасылкай на ранейшую крытыку: «Вось што я пісала пра Мечыслава Гоя яшчэ 2 гады таму. Тады мне сказалі: не чапай яго. 2 гады яго ніхто не чапаў…».
30 траўня стала вядома пра сыход Мечыслава Гоя з пасады старшыні гарвыканкама. Паводле крыніц Hrodna.life, для яго рыхтуюць месца дырэктара Цэнтра стандартызацыі і метралогіі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…