Сацыяльная майстэрня дзіцячага хоспіса атрымала новае памяшканне. Тут валанцеры разам з людзьмі з інваліднасцю шыюць камбінезоны для медыкаў. На адкрыццё майстэрні, якое адбылося 9 чэрвеня, па запрашэнні грамадскіх актывістаў, прыехаў старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. Ад хоспіса ён атрымаў фірмовую футболку. У адказ пачаставаў валанцёраў і супрацоўнікам марозівам.


За гродзенскіх валанцёраў у хоспісе, якія шылі камбінезоны для медыкаў, заступіўся Мечыслаў Гой


Свята адкрыцця майстэрні на новым месцы ішло ў працоўным парадку. Каля дзясятка валанцёраў падчас візіта Мечыслава Гоя шылі камбінезоны. Старшыні расказалі аб прапановах па ўдасканаленні абарончых камбінезонаў.

«Добра, што старшыня гарвыканкама завітаў да нас. Гэта важна для валанцёраў - пачуць словы падзякі», — кажа кіраўнічка хоспіса Вольга Вялічка.

Мечыслаў Гой у сваю чаргу падзякаваў за настойлівасць у арганізацыі візіту грамадскаму актывісту Ежы Грыгенчу. Маўляў, інакш цяжка было б знайсці час на сустрэчу ў напружаным графіку працы.

Новае памяшканне дазволіць працягнуць работу майстэрні на новым месцы. Былое памяшканне хоспісу прыйшлося вызваліць для патрэбаў паліклінікі. Там будзе зона для пераапранання медыкаў, якія працуюць з інфікаванымі пацыентамі.


Чытайце таксама: «Майстры ўбачылі, сказалі - класна!» Купі шопер, футболку або маску з «супрэматычным» прынтам і падтрымай дзіцячы хоспіс


Замену былому памяшканню знайшлі літаральна за некалькі дзён. Горад прапанаваў да разгляду некалькі варыянтаў. У выбраным будынку ёсць безбар’ернае асяроддзе і дастаткова месца для арганізацыі працы і адпачынку.

«Раней некаторыя працавалі нават проста седзячы на падлозе. Зараз у нас прасторнае памяшканне для працы, асобны пакой для харчавання і дастаткова месца для размяшчэння нарыхтовак і гатовай прадукцыі», — кажа Вольга Вялічка.

Пакуль памяшканне выдзелена дзіцячаму хоспісу ў арэнду на тры месяцы. Па словах Мечыслава Гоя, горад дапаможа знайсці падтрымку для аплаты арэнды і разгледзіць магчымасці далейшай супрацы з хоспісам.

«Заканадаўства прадугледжвае продаж памяшкання праз тры гады добрасумленнай арэнды. У такіх выпадках горад мае права прадаць памяшканне без аўкцыённых таргоў і даць растэрміноўку на 5 гадоў. Такім чынам, у хоспіса ёсць магчымасць атрымаць гэтае памяшканне».

Таксама Мечыслаў Гой абмеркаваў з супрацоўнікамі хоспісу магчымасць далейшай працы майстэрні на камерцыйнай аснове. Тут могуць арганізаваць сацыяльнае прадпрыемства, каб зарабляць грошы для працы хоспіса.

Паказалі Мечыславу Гою і «гістарычную» сцяну сацыяльнай майстэрні. Тут месцяцца фотаздымкі працы майстэрні ад першая дня існавання. Да слова, на сцяне яшчэ шмат вольнага месца, так што супрацоўнікі і валанцёры спадзяюццца на працяг гісторыі.

У знак падзякі Мечыслаў Гой атрымаў фірмовую футболку з лагатыпам дзіцячага хоспіса і кнігу па гісторыі гродна. У адказ старшыня пачаставаў усіх марозівам.

Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.