Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой выйшаў на плошчу Леніна да гродзенцаў. Іх сабралася больш за тры тысячы. Мадэратарам сустрэчы быў вядучы і акцёр Гродзенскага тэатра лялек Аляксандр Енджеевский, гродзенцы час ад часу яго перабівалі. Hrodna.life вёў прамы эфір у Instagram.

View this post on Instagram

Площадь Ленина

A post shared by Hrodna.life (@hrodna.life) on

Выступоўцы стаялі на прыступках насупраць гарвыканкама, каля пастамента з Леніным. Гродзенцы забіралі адзін у аднаго мікрафон, задавалі старшыні гарвыканкама і сілавікам няёмкія пытанні па неабгрунтаваных затрыманнях, штрафах і падліках галасоў на выбарах. Людзі стаялі з плакатамі «Мы супраць гвалту», «Сыходзь!», пад помнікам Леніну малады чалавек трымаў плакат «Не дайце зноў сябе падмануць!». У натоўпе віднеліся белыя і чырвоныя паветраныя шары, бел-чырвона-белыя сцягі, жанчыны стаялі з кветкамі.

"Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!». Пра што гаварыў Мечыслаў Гой з гараджанамі на плошчы
"Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!». Пра што гаварыў Мечыслаў Гой з гараджанамі на плошчы

У пачатку сустрэчы Мечыслаў Гой сказаў, што гатовы адказаць на ўсе пытанні, якія тычацца яго кампетэнцыі, прапаноўваў вылучыць прадстаўнікоў прадпрыемстваў для размовы.

— Мы стараемся…

Яго перабіла гудзенне натоўпу. Людзі скандавалі «Свабоду!», патрабуючы адпусціць затрыманых падчас пратэстаў пасля выбараў.

Мікрафон перахапіла жанчына:

— Мы патрабуем перагляду вынікаў выбараў, вызвалення ўсіх зняволеных…

Натоўп пачаў крычаць «Малайчына». Маладая дзяўчына перахапіла мікрафон, запатрабавала спыніць скандаваць і вярнула яго Гою. Той даў гараджанам слова, што ўсе затрыманыя гродзенцы будуць вызваленыя.

Мечыслаў Гой заклікаў: «Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!», натоўп у адказ крычаў: «Нееее!», «Ганьба!».

"Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!». Пра што гаварыў Мечыслаў Гой з гараджанамі на плошчы

Гродзенцы пыталіся, за што затрымлівалі і збівалі людзей, якія чакалі асуджаных каля РАУС пасля судоў. Начальнік крымінальнай міліцыі, першы намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла адказаў: «Супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў адпаведнасці з аператыўнай абстаноўкай». Натоўп адказаў крыкамі: «У адстаўку!».

Адна з гродзенак сказала: «Мы хочам ведаць па прозвішчах усіх, хто забіраў з вуліц мірных грамадзян і збіваў». Прадстаўнік МУС адказаў, што гэтымі пытаннямі займаецца Следчы камітэт. Незадаволенасць на плошчы нарастала.

Мечыслаў Гой распавёў, што па Гродне паступіла каля 900 скаргаў на працу выбарчых камісій, іх разглядаюць. Натоўп зноў загудзеў. Старшыня гарвыканкама паспрабаваў растлумачыць, што не можа на гэта паўплываць.

У мяне бальніцы! У мяне дарогі! Усё астатняе не ў маёй кампетэнцыі!

Мечыслаў Гой сказаў, што ўвесь гэты час быў з народам. Тады адна з гродзенак спыталася ў яго: «Дзе вы былі ноччу, калі білі нашых дзяцей?». Мадэратар перафразаваў пытанне даволі дзіўна: «Ці будуць дзеці сёння ноччу дома?».

Прадстаўнік УУС паабяцаў, што для гродзенцаў, затрыманых падчас хваляванняў і вывезеных у калонію ў Ваўкавыск, арганізуюць транспарт і прывязуць іх дадому. Праўда, было незразумела, калі менавіта.

Пазней ён падкрэсліў: «АМАПу на вуліцах горада на дадзены момант не будзе!».

"Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!». Пра што гаварыў Мечыслаў Гой з гараджанамі на плошчы

Іншая гарадзенка, атрымаўшы мікрафон, агучыла патрабаванні да ўладаў:

  • каб новыя выбары прайшлі і былі сумленныя,
  • каб цяпер жа адпусцілі ўсіх палітвязняў,
  • спыніць усе ганенні на людзей, якія страйкавалі супраць несправядлівасці,
  • распачаць крымінальныя справы супраць усіх АМАПаўцаў і тых, хто фальсіфікаваў выбары.

Адна з гарадзенак распавяла, што заплаціла 10 базавых штрафу. «Мая сяброўка заплаціла 20 базавых! Калі б не заплаціла, мне б не вярнулі тэлефон. Калі мне вернуць незаконна адабраныя грошы?».

Прадстаўнік УУС распавёў, што затрыманыя з 9 па 13 жніўня былі адпушчаныя да далейшага разгляду спраў. Ён патлумачыў, што тэлефоны вернуць, калі будуць заплачаныя штрафы. «Не згодны са штрафам — абскарджвайце», — прапанаваў ён.

Мечыслаў Гой адзначыў, што выбары прайшлі, і іх вынікі абвешчаныя. На гэта жанчына, якая перахапіла мікрафон, адказала: «Усе гродзенцы хочуць Ціханоўскую!». Натоўп падтрымаў яе крыкамі.

— Выйграла Ціханоўская, прызнаем Ціханоўскую! І хай яна праводзіць законныя выбары! — прапанаваў наступны прамоўца.

Таксама ён запатрабаваў спагнаць з вінаватых асоб, якія дапусцілі фальсіфікацыю выбараў, і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

Гродзенка Ліза Пералайка, адна з ініцыятарак жаночых пратэстаў у горадзе, прапанавала зачытаць петыцыю з патрабаваннямі гродзенак да ўладаў.

Яны падатруцца гэтай петыцыяй, як нашымі бюлетэнямі! — адказаў ёй мужчына.

У адказ на тлумачэнні Шастайлы, што з самаўпраўнасцю сілавікоў будзе разбірацца Следчы камітэт, мужчына ў чырвонай майцы крыкнуў: «Гэты міліцыянт цяпер „пераабуваецца“! Іх так вучылі. Нас білі дрэнныя мянты, а ён добры. Ён здрадзіў прысязе афіцэра!».

Гродзенцы прапаноўвалі адхіліць Лукашэнку ад пасады.

Адна з жанчын задала Мечыславу Гою прамое пытанне: «Ці прызнаеце асабіста вы, што выбары сфальсіфікаваныя? Так ці не?».

Гэта вырашае выбарчая камісія, — адказаў ён і сышоў.

Жанчына сказала, што ён здрадзіў свайму народу.

"Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!». Пра што гаварыў Мечыслаў Гой з гараджанамі на плошчы
Плошча перад гарвыканкамам у Гродне 14 жніўня

Калі Мечыслаў Гой пакінуў плошчу, людзі засталіся. У 17.00 пасля заканчэння змены працоўныя «Гродна Азота» рушылі ў цэнтр і каля 19.00 далучыліся да прысутных. Падыходзячы да плошчы, яны скандавалі «Сыходзь!». Пасля натоўп з плошчы пранёс праз горад вялізны бел-чырвона-белы сцяг.

"Гродзенцы, паверце мне яшчэ раз!». Пра што гаварыў Мечыслаў Гой з гараджанамі на плошчы
Рабочыя «Гродна Азот» на плошча Леніна

13 жніўня штаб Віктара Бабарыка, а потым і Святлана Ціханоўская ў зваротку заклікалі старшыняў гарвыканкамаў выходзіць на плошчы гарадоў для размовы з людзьмі. Увечары 13 жніўня мэр Жодзіна выйшаў да гараджан. Hrodna.life днём 14 жніўня патэлефанаваў мэру Гродна Мечыславу Гою, ён сказаў, што пакуль не збіраецца ісці на плошчу да людзей, але праз пару гадзін усё ж такі выйшаў.

Журналістка Hrodna.life