Штаб Віктара Бабарыкі, а потым і Святлана Ціханоўская, заклікалі старшыняў гарвыканкамаў выходзіць на плошчы гарадоў для размовы з людзьмі. Вечарам 13 жніўня мэр Жодзіна выйшаў да гараджан. Hrodna.life патэлефанаваў мэру Гродна Мечыславу Гою.

— Калі вы выйдзеце на размову з людзьмі?

— Сёння мы правялі сустрэчу не на закрытай пляцоўцы, было больш за 4000 чалавек. Мы размаўлялі каля «Гродна Азот», пад’ехалі гараджане.

— Але ў Гродне жывуць не толькі тысячы супрацоўнікаў «Азоту», але і сотні тысяч іншых гараджан. Як вы будзеце будаваць камунікацыю з імі?

— Шэраг пытанняў і прапаноў, што ў маіх кампетэнцыях, будуць выкананы. Паабяцаў начальнік УУС прайсціся па спісе [затрыманых — рэд.]. Сёння яшчэ быў шэраг пытанняў, звязаных з затрыманнямі, з дробным хуліганствам. Я думаю, мяне пачуюць, гэтых людзей адпусцяць. А там, дзе сапраўды былі баепрыпасы, дзе былі парушэнні, звязаныя ледзь не з крыміналам, там, вядома, гэтыя людзі будуць заставацца, пакуль Следчы камітэт і суд не дадуць ацэнку. Я папрашу ў старшыні аблвыканкама, каб УУС разгледзела ўсё яшчэ раз і людзей проста адпусцілі.

— Але калі вы ўсё ж такі плануеце выйсці на плошчу да ўсіх людзей?

— Пакуль не планую. Цяпер у мяне амаль 200 ціску, паеду ў шпіталь. А потым сустрэнемся абавязкова.