Савет Рэспублікі пастановай № 185-СР8/IV датэрмінова спыніў паўнамоцтвы члена СР восьмага склікання Алега Іванова. Дакумент 4 лістапада 2025 года зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў. Ён пакуль яшчэ не апублікаваны, матывіроўка пакуль невядомая, паведамляе reform.news.
Алег Іваноў быў гендырэктарам ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» з 2019 да канца кастрычніка 2025 года. А да гэтага ён працаваў намеснікам гендырэктара па вытворчасці і якасці. Крыху больш за тыдзень таму стала вядома, што прадпрыемства ўзначаліла Вольга Янушка, якая да гэтага амаль чатыры гады працавала гендырэктарам ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат».
Паўнамоцтвы члена Савета Рэспублікі спыняюцца, калі ён:
- абраны на пасаду, якую нельга сумяшчаць з гэтай,
- падаў заяву аб выхадзе з Савета,
- прызнаны судом недзеяздольным,
- страціў грамадзянства Беларусі або атрымаў грамадзянства іншай краіны,
- асуджаны па прыгаворы суда, які ўступіў у сілу,
- савет датэрмінова спыніў паўнамоцтвы свайго члена па ўласным рашэнні.
Як адзначае «Наша Ніва», Алег Іваноў стаў шырока вядомым на постсавецкай прасторы дзякуючы артыкулу на канале «Гродна Плюс».
У тым матэрыяле Іваноў адказваў на пытанне аб сакрэтным інгрэдыенце каўбасы. «Усё пытанне ў людзях і іх адказнасці да той справы, якой яны вырашылі займацца на розных этапах. Таму што людзі Гродна, Гродзеншчыны — працавітыя, працаздольныя, яны хочуць пры вытворчасці зрабіць так, каб гэта было якасна», — адказаў Іваноў.
Інтэрв'ю выйшла пад загалоўкам «Сакрэтны інгрэдыент лепшай каўбасы — людзі». Потым загаловак памянялі.
Да Іванова Гродзенскім мясакамбінатам 30 гадоў кіраваў Анатоль Грышук.
Чытайце таксама: На Гродзенскім мясакамбінаце звольнілі больш за 400 человек. Дзе яшчэ страцілі супрацоўнікаў у Гродне і вобласці ў 2024-м?



