Гродзенцы адсвяткавалі 9 траўня на Кургане Славы 77-ю гадавіну Дня Перамогі. На свяце можна было паглядзець выставу зброі і выступ сабак, падпісаць паштоўку і заплесці сабе косы або купіць шашлык і салодкую вату.

Усклалі кветкі і паслухалі пра прывід фашызму

Пасля ўрачыстага шэсця ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся ля сцэны. Са святам іх выйшлі павіншаваць старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік і інспектар — памочнік прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён у сваім выступе адзначыў, што «прывід фашызму і нацызму зноў падымае галаву зусім недалёка ад нас». Дзе менавіта, Караеў не ўдакладніў.

Пасля ўсіх віншаванняў і хвіліны маўчання першымі да Вечнага агню ўсклалі кветкі ветэраны. Потым яны засталіся сядзець на крэслах непадалёк. З імі можна было сфатаграфавацца або ўручыць кветкі асабіста.

«Катюша» і «Клён кудрявый» — двойчы

На сцэне падчас свята іграў аркестр, спявалі артысты. Пад гукі песень «День Победы» і «Буд проклята всеми война», падлеткі і дзеці, якія прыйшлі на свята, маглі залезці на БТРы і танкі або паспрабаваць разабраць аўтамат.

Жадаючыя маглі падняць штангу або напісаць імёны сваіх герояў вайны на стэндзе з папяровымі зоркамі.

Для гледачоў выступалі дрэсіраваныя сабакі, якія служаць для аховы, патруля і іншых баявых задач. Адзін з іх — сабака па мянушцы «Норман». Яму ўжо 6 гадоў і ён асабліва цешыў дзяцей, даючы сябе пагладзіць.

Больш спрактыкаваныя гледачы маглі паслухаць чытанне паэзіі на ваенную тэму, а самыя творчыя — праспяваць пад гармонік. Таксама можна было самастойна змайстраваць вырабы або адправіць паштоўку ў намёце пошты.

У астатні час удзельнікі свята групаваліся вакол намётаў з ежай і напоямі. Пад «Смуглянку» і «Кацюшу» актыўна куплялі шашлык і салодкую вату.

Увечары ў 22.00 свята завяршылася салютам.