Заяўку на святочны мітынг і канцэрт з нагодны 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі грамадскія актывісты падалі ў гарвыканкам яшчэ 1 сакавіка. У панядзелак 18 сакавіка стала вядома, што гарвыканкам даў дазвол. Гродзенцы збяруцца адзначыць свята 23 cакавiка.

23 сакавіка свята пройдзе ў Каложскiм парку. Пачатак мерапрыемтва прызначыны на 13.00. Дазволены святочны мітынг і канцэрт працягнуцца да 17.00. Уся гістарычная і нацыянальная сімволіка дазволеная.

Трэці год запар гарадскія ўлады даюць магчымасць гродзенцам сабрацца з нагоды Дня Волі. Да гэтага 15 гадоў чыноўнiкi адмаўлялi дэмакратычным сiлам у правядзенні мітынгаў, шэсцяў і пікетаў, права на якія гарантавана Канстытуцыяй.

«У апошні магчымы паводле заканадаўства дзень мы атрымалі афіцыйны дазвол на правядзенне 101-х угодак абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гродне, — распавядае прадстаўнік аргкамітэта свята Вадзім Саранчукоў. — Усе мерапрыемствы пройдуць у суботу 23 сакавіка ў Каложскім парку.

Пяць заяўнікаў, якія падпісалі заяўку, бяруць на сябе абавязкі заключэння дамоваў з міліцыяй, аховай, САХам і іншымі. Уладамі дазволена выкарыстанне зарэгістраванай сімволікі ва ўстаноўленым парадку, а таксама сімвалаў, вымпелаў і транспарантаў, якія датычацца тэматыкі мерапрыемства.

Праграма свята будзе агучана ў бліжэйшыя дні. Зараз мы ўзгадняем магчымых удзельнікаў. Мы ўпэўненыя, што 101-я ўгодкі БНР у Гродне пройдуць годна, таму запрашаем гродзенцаў і беларусаў. Ёсць намер, каб гэта было найлепшае свята ва ўсёй краіне ў гэтым годзе".

Аргкамітэт свята распачынае збор сродкаў на мітынг і канцэрт. Дадатковая інфа будзе пазней.


Фотарэпартаж: Дзень Волі ў Гродне 2017

Фотарэпартаж: Дзень Волі ў Гродне 2018


Даведка

Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі. Незалежнасць БНР была абвешчана ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Калі перад наступленнем германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны. 21 лютага 1918 года выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, рыхтавалася адкрыццё ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life