Чаго не хапае гродзенскаму грамхарчу, навошта патрэбныя месцы, падобныя да рускага «Церамка», і чаму афіцыянты — гэта твар установы, а не толькі абслугоўваючы персанал. Мы пагаварылі з фудблогерамі - людзьмі, якія любяць хадзіць у гродзенскія кафэ і рэстараны і ведаюць пра іх крыху больш за іншых.

Кацярына Забеліна: «Стандартныя дэсерты з замарозкі, аднастайныя інтэр'еры, шмат фастфуду»

Мне не хапае разнастайнасці. Большасць устаноў з падобным меню і дэсертамі, аднастайныя інтэр'еры. Хочацца спрабаваць новыя стравы, дзівіцца асартыменту, але не цэнам.

Не хапае ўстановы з пірагамі тыпу «Штолле» ў Мінску і пякарні-кандытарскай тыпу «Бриошь», пірожных, як у «Мулен». Можа быць, нейкай спецыялізаванай моладзевай установы з традыцыйнай, але «асучасненай» беларускай кухняй. Такой установы, як «Церамок» у Расіі з бульбай і грачанай кашай, але менавіта беларускага брэнда. Можа быць, запечанай беларускай бульбай: з сырам або з тварагом. Я спрабавала такую ​​ў Польшчы.

Карысталіся б попытам новыя, даступныя па цане і з якаснай ежай сталовыя-буфеты, тыпу «Большой Буфет», і ўстанова з бутэрбродамі накшталт Subway. Не хапае пякарні, каб прама пры табе пяклі і прадавалі выпечку. Магчыма, спецыялізаванай установы з азіяцкай кухняй, і асаблівых беларускіх напояў, магчыма, кактэйляў. Са сніткай і мёдам, напрыклад. Бачыла рэцэпт такога ў Волі Гаўрылік з «Мядовага шляху».

Бачыла на майстар-класах у кулінарнай студыі Foodzone, што ў Гродне кандытары ўмеюць рабіць неверагодна прыгожыя тарты. Вельмі б хацелася, каб у Гродне было элітнае кафэ, у якім можна было б выпіць гарбаты з такімі, хай нават дарагімі тартамі.
Каб паход у такую ўстанову быў падзеяй.

www.instagram.com/p/ByRYrwuIrmE/

З праблем можна назваць аднастайнасць страў і інтэр'ераў. Часта прыходжу ў новае месца і разумею, што, такія ж, напрыклад, канапы, як у іншым кафэ, а сцены, як у яшчэ іншым. Дэсерты і круасаны з замарозкі стандартныя. Я не супраць Макдональдса, хай будзе і такая ўстанова. Але вельмі шмат аднастайнага фастфуду ў Гродне. Хочацца бачыць установы з максімальна здаровай ежай, не абавязкова вегетарыянскія, а разлічаныя і на вегетарыянцаў, і на мясаедаў.

Яшчэ з праблем — кошты на ўзроўні еўрапейскіх. Склалася ўражанне, што некаторыя ўстановы адкрыты не для нас — жыхароў Гродна, а выключна для турыстаў. А таксама якасць ежы і абслугоўвання. Пры адкрыцці ўстановы стараюцца зарабіць добрую рэпутацыю, але потым крэветак ў піцы становіцца ўсё менш, абслугоўванне пачынае кульгаць.

Месцаў стала больш, музыка лепш… Дзякуй бязвізу!

Калі параўнаць сітуацыю з грамадскім харчаваннем 10 гадоў таму і цяпер, то бачу станоўчую тэндэнцыю. За апошнія гады колькасць установаў павялічылася ў разы. Гэта вельмі радуе. Новыя ўстановы з добрай ежай і якаснай кавы і дэсертамі будуць запатрабаваныя.

Заўсёды вельмі радуе, калі ў кафэ гучыць жывая музыка, як у «Рэтра», «Грынвічы», «Кронане». Вялікі плюс, калі замест тэлевізара з музычным каналам можна паслухаць мясцовую групу. Не чакала нічога асаблівага ад установы «Дранікі». Была прыемна здзіўленая фонавай музыкай: Бітлз, Чэлентана. У «КофеКо» таксама спадабалася фонавая музыка.

Турыстычны «бязвіз» стаў самым вялікім штуршком у развіцці грамадскага харчавання ў горадзе. Таксама дапамагае развівацца грамхарчу фінансавая сітуацыя гараджан. Цяпер стала модным праводзіць час у кафэ. Калі раней моладзь сустракалася на «Баторыі» і проста шпацыравала па цэнтры, то цяпер моладзевая тусоўка асела ў барах і кафэ.

Цяпер можна не проста пасядзець вечарам у нейкім адным кафэ, але і здзейсніць «рэйд» па кафэ і барах,
дэгустуючы ў кожным з іх нейкі кактэйль і потым пераходзіць у наступны.

www.instagram.com/p/Bx5Y68ZIlPA

Куды пайсці турысту?

У першую чаргу, я б параіла турыстам падняцца на назіральную пляцоўку на ГД «Нёман» і зазірнуць на келіх віна на «Крышу мира», выпіць добрую каву ў «Нашай каве» ці «Проста каве», а ўвечары пабываць у «Грынвічы» на канцэрце.

Калі трэба перакусіць хутка і нядорага, то можна купіць піцу ў «Піцатраку» ці забегчы ў прыязную «Go Go pizza» ці італьянскае «Форна». Турыстам-эстэтам прапанавала б какава з джэмам у «Какао» ці «запечаную каву» ў «КофеКо». Яшчэ вельмі класна можна правесці час на кулінарным майстар-класе ў Foodzone: сам падрыхтаваў - сам з’еў.

Не толькі паесці, але і ўражанні

Праз пару гадоў я хацела б бачыць грамадскае харчаванне Гродна з адэкватнымі цэнамі, аўтарскімі стравамі, смачнымі, пажадана нізкакаларыйнымі дэсертамі, з арыгінальнымі інтэр'ерамі. Хочацца прыходзіць і прыемна здзіўляцца. Таму што кафэ і рэстараны, гэта не толькі пра паесці, але і пра ўражанні.


Анастасія Яроцкая: «Тухла, не тое, што ў Львове. І дорага — амаль раскоша»

Вельмі не хапае арыгінальных устаноў з ідэяй і фішкай. Нейкай тэмай як у абслугоўванні, так і ў інтэр'еры. Далёка ездзіць не трэба — Львоў. Напэўна, кожны трэці ўжо з’ездзіў туды з гастра-алкатурам і закахаўся ў іх каларытныя кавяранькі. У нас у гэтым плане тухла. Проста пасядзець-паесці ці ў лепшым выпадку паскакаць пад кавер-бэнды з аднолькавым рэпертуарам.

Самыя вялікія пытанні ў мяне да персаналу. Асабліва гэта кідаецца ў вочы, калі вяртаешся пасля падарожжаў. Напрыклад, афіцыянты. Вось ім сказалі быць ветлівымі - яны ветлівыя, але калі сітуацыя нестандартная, неабходна рэагаваць за рамкамі праграмы, імправізаваць — яны ўжо не могуць, губляюцца. Занадта скаваныя, напалоханыя, ці наадварот, не адчуваюць мяжы прыязных зносін і пераходзяць на панібрацтва. Ведаю, што некаторыя кавярні ўкладаюць грошы ў трэнінгі з персаналам, але гэта вялікая рэдкасць, часцей уласнік прымае рашэнне эканоміць на гэтым пункце, але ж якасць ежы і абслугоўванне важней за лішнюю прыгожую дэталь у інтэр'еры.

www.instagram.com/p/Bxp72iWIqQu/

Трошкі шчодрасці, хаця б ілжывай

Хочацца больш гнуткасці ў працэсах. Напрыклад, мой любімы кактэйль «Крывавая Мэры» робіцца элементарна. Калі я не знаходжу яго ў меню — прашу бармэна зрабіць. Для многіх гэта становіцца праблемай. Гэта зноў да пытання выхаду за рамкі стандартнай сітуацыі. Можа быць, проста не хочуць прыкладаць намаганні? Здавалася б, зрабі, напружся крыху, кліент жа потым усім пойдзе і раскажа: які добрае кліентаарыентаванае месца!

Або вось мой тэст: я прашу простай вады, не «Банаквы» за грошы, а простай вады з кулера. Гэта таксама многіх прыводзіць у замяшанне: прынесці бясплатна вады?.. Паднімаюць бровы ў здзіўленні і прапануюць ваду з-пад крана.

Хочацца трохі шчодрасці, хаця б ілжывай. Павысьце цэны на 30 капеек, але падавайце хлеб бясплатна, збаны з вадой, у якой плавае апельсін, нейкі камплімент ад шэфа ў чаканні ежы, пастаўце кетчуп, соўс бясплатна. Адчуванне, што гаспадар хутчэй наступіць сабе на горла, але такое не дазволіць. А пайшлі б добрыя чуткі і людзі пацягнуліся б.

У пятніцу і суботу ў цэнтры усё забіта, але ў будні занятая толькі траціна сталоў. Установы выжываюць на карпаратывах і вяселлях? Скажу прама: у нас дорага! Пасядзець сям’ёй, павячэраць, злёгку выпіць — гэта сёння ўжо амаль раскоша. А так хочацца як у фільмах: «Дарагі, я так стамілася, паехалі павячэраем у рэстаран». Вы такое сабе ўяўляеце?

www.instagram.com/p/BwINEjXH7Xg

У нас і ў ніх

Яшчэ частая сітуацыя. Суботу ўвечары. Зала пустая, але на большасці сталоў стаяць таблічкі «забраніравана». Многія сапраўды замоўленыя на пэўны час, а ёсць і тыя, якія стаяць у чаканні салідных кашалькоў. Гэта значыць адміністратар ацэньвае вас: ці досыць вы салідны, каб прыбраць таблічку для вас. Ох, сумняваюся, што яны заўсёды па вонкавым выглядзе здольныя пазнаць тых самых жаданых кліентаў. Ні разу за мяжой (а падарожнічаю я як тыповы турыст у кедах і з вялікім заплечнікам) мне не адмаўлялі ў століку, проста прасілі вызваліць яго, напрыклад праз дзве гадзіны, таму што ён замоўлены людзьмі. Напэўна, зноў пра пытанне гнуткасці персаналу.

Мы прыцягваем турыстаў у Гродна. Не скажу, што грамадскае харчаванне гатова да іх: трэба меню на замежных мовах, добрую англійскую ў афіцыянтаў ці хаця б у аднаго са змены. Я часта чую: маўляў, у Мадрыдзе, Парыжы, няма меню на англійскай і часта мясцовы персанал яе не ведае. Але ж у іх і так мільёны турыстаў і ім не трэба завабліваць і спецыяльна абходжваць іх. А калі ўжо мы вырашылі канкураваць з такімі класнымі гарадамі побач, як Кракаў, Вільня, Львоў, хоць у нас няма такой архітэктуры, то тады мы павінны стварыць камфорт для прыезджых хоць бы ў сферы абслугоўвання. І дайце нарэшце па некалькі гатункаў разліўнога рознага беларускага піва! Дарэчы, малайцы, напрыклад, кафэ «Магнолія» — зрабілі даступныя па цэнах комплексныя абеды выхаднога дня.

Сёння найлепшыя для мяне кавярні - гэта «Наша кава» — атмасфера, «Прахадная» — самаробныя дэсерты. Бары — «Куба», «Фарадей», «Малако», «Карыца». Каб здзівіць турыстаў, раю «Кронан». Смачна паесці можна ў «Верандзе», «Піўным рэстаране «Нёман». Паскакаць і развеяцца па поўнай у «Грынвічы», «Фарадэі».


Вадзімаці: «Гаспадары павінны размаўляць з кліентамі»

Я за тое, каб у нас адкрывалася больш грамадскага харчавання. У Брэсце такая вуліца ёсць, у Мінску Зыбіцкая — там грамадхарч на грамадхарчы. Тым больш, у нас турыстычны горад. Фудтракаў хацелася б пабольш, а то ў нас іх тры штукі і ўсё.

Хацелася б, каб гаспадары сваіх устаноў камунікавалі з кліентамі. Гэта вельмі распаўсюджана ў Еўропе. Прыемна, калі гаспадар выйдзе да цябе, пачастуе чым-небудзь. Лепш замест накапляльных зніжкавых карт выйсці самому і зрабіць зніжку — гэта будзе прыемна. І адразу паляпшае ўражанне ад установы.

Я зараз быў у Шры-Ланцы і так пасябраваў з адной установай, што толькі туды і хадзіў. А ў нас гаспадары адкрылі ўстанову — і чакаюць чагосьці. Я з імі сустракаўся толькі на прэміях ды гастрафэсце, а такіх жывых зносін не жыву. І вось скардзяцца — мы адкрываем, а людзей няма. Гэта галоўная памылка нашых устаноў. Наёмныя людзі не будуць працаваць так, як сам гаспадар.

www.instagram.com/p/ByKaAakoYUg/

Мала нацыянальных кухняў, не шануюць персанал, мала вечарынак

З праблем назаву аднатыпнасць — няма нацыянальных кухняў. Нават беларускай мала, грузінскай мала. Стэйкі, стэйкі, салаты цэзар, піцы, роллы. А хацелася б разнастайнасці. Хоць, напэўна, грамадскае харчаванне і ўстановы самі ведаюць, што ім трэба, і што людзі ядуць. Гурманам не магу сябе назваць, я ем усё, але мне хацелася б паспрабаваць пабольш кухняў - азіяцкіх, усходніх.

Самая галоўная праблема: я хачу прыходзіць ва ўстановы і бачыць адных і тых жа афіцыянтаў, адных і тых жа бармэнаў. Яны часта мяняюцца ў нас. Гаспадары не трымаюцца за пастаянных афіцыянтаў. А мне прыемна прыйсці ва ўстанову, дзе я ведаю афіцыянтаў. Я прыйду туды, дзе мяне добра абслужылі. За мяжой гэта сямейны бізнес і людзі працуюць гадамі. У нас неяк не цэняць наш абслугоўваючы персанал. А мне здаецца, заклад поспеху установы — адзін згуртаваны калектыў. Твар установы — гэта афіцыянты і адміністратар.

Кавярняў у нас шмат, паесці таксама ёсць дзе. На дадзены момант у нас шмат устаноў адкрываецца, і я гэтаму рады. І яшчэ больш хацелася б. Калі турызм развіваць, то і больш устаноў трэба. Але турысты ў нас толькі на выходных у большасці. Усё залежыць ад бюджэту беларусаў - што ў іх у кішэні, ходзяць яны ці не.

www.instagram.com/p/ByQHAcco-wJ/

Хочацца, каб больш вечарынак рабілі ва ўстановах, прапаноўвалі блогерам сабрацца. Не чакаць кліента, а рабіць, каб кліент да іх сам ішоў.

«Калі ў нас такое будзе — не ведаю»

Ад устаноў у іншых краінах можна запазычыць камунікабельнасць. Вось, напрыклад, мы ў Грэцыі адпачывалі. Шукалі доўга ўстанову па tripadvisor’ы. Аказалася, яна за 5 км — мы пешшу ішлі і прыйшлі каля 23.00. Яно ўжо зачынялася, прыбіралі сталы, але мы прыйшлі, і нам адкрылі, накармілі бонусамі. А потым гаспадар кожны вечар ездзіў за 5 км і прывозіў нас да сябе ў кафэ. Нам было прыемна — мы адпачывалі там 11 дзён і 11 дзён елі ў адным месцы. Нам зрабілі зніжку, падарылі з сабой віна, мы ім «Зуброўкі» нашу падаравалі. Пасябравалі з установай і да гэтага часу маем зносіны. Калі ў нас такое будзе — не ведаю.

Дапамогуць развівацца фэсты, бонусы і, вядома, падтрымка мясцовых органаў кіравання. Можна знізіць арэнду пачаткоўцам або даць год бясплатна развіваць свой бізнес, а потым плаціць падаткі. Калі няма даходу ва ўстановы — бываюць такія часы, — каб зніжалі падаткі і ішлі насустрач.

Усё залежыць ад даходаў людзей

У мяне шмат любімых устаноў - «Хані Кабані», «Санвино», «Большой Буфет», «Золотой Теленок» цяпер змяніўся. «Мята», «Гранат» — новыя ўстановы, «Гудзіні». Фудтракі - зараз з’явіўся новы з бельгійскай бульбай. З кавярняў - «Кофе Саунд», фургончык «Wake cup». Там вельмі падабаюцца ліманады абляпіхавыя — шэдэўральна. Кальянныя ў нас добрыя. Добрая дастаўка ежы ў Beerлозе і DreamFish.

Хочацца, каб грамхарч развіваўся і рабіў ухіл пад людзей і, вядома, вельмі важная для спажыўцоў цана. Спадзяюся, што з кожным годам усё будзе лепш і лепш. Але грамхарч залежыць ад эканомікі і дастатку людзей.


Ягор Рытвінскі, арганізатар фестывалю Vulitsa Ezha: «Развіццё ёсць там, дзе канкурэнцыя»

Мы можам ацэньваць іх [гродзенскіх удзельнікаў фестывалю — рэд.] з пункту гледжання гатоўнасці ўдзельнічаць у Vulitsa Ezha і іх жаданні развівацца. Калі тэндэнцыя застанецца такой жа, і мы працягнем рабіць фэсты ў Гродне і прывіваць культуру спажывання якаснага прадукту па-за установамі, праз некаторы час установы падцягнуцца і зразумеюць, што гэта рабочая канцэпцыя, і гэта стане модна.

Многія трэнды даходзяць у Беларусь са спазненнем на пару гадоў. Гэта нармальны працэс, што дзе-небудзь што-небудзь зараджаецца, кудысьці прыходзіць. У нас усе трэнды асядаюць у Мінску, бо рынак большы, пакупніцкая здольнасць больш. Больш тых, хто гатовы рызыкаваць і тэставаць гэтыя трэнды. Праходзіць нейкі час і ўсё гэта даходзіць у рэгіёны. Дрэнна тое, што тут крыху складаней, і канкурэнцыя менш. Там, дзе яна ёсць, усё развіваецца значна лепш.

Прасунуць гастранамію можна сумеснымі намаганнямі тых, хто ў гэтым зацікаўлены. Гэта мы, установы грамадскага харчавання, якія спрабуюць развівацца і рабіць праекты, гэта гарадскія ўлады, ад якіх залежаць умовы працы, госці і жыхары гарадоў. Думаю, што калі ставіць сабе мэтай развівацца, праз 5 гадоў беларуская гастраномія стане ў адзін узровень з украінскай і расійскай. Пакуль што да іх нам далёка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life