Вагон Крэатона: як дызайнеры і рэкламісты прыдумвалі ў цягніку ідэі для Hrodna.life (і не толькі)

Крэатон – мерапрыемства, дзе рэкламісты, дызайнеры і мэнэджары збіраюцца і 24 гадзіны генеруюць ідэі для праектаў. Юбілейны пяты Крэатон вырашылі правесці незвычайна – выкупілі цэлы вагон цягніка Мінск-Гродна-Мінск, каб 60 чалавек маглі крэатывіць удалечыні ад цывілізацыі і інтэрнэту.

Кліентамі крэатона былі праекты: дзіцячая ініцыятыва «Тэатр для ўсіх!», харавая капэла, праваабарончая арганізацыя Human Constanta і рэгіянальнае гарадское выданне Hrodna.life. За ўвесь час існавання на Крэатон даслалі каля 100 заявак, прайшлі адбор 20 з іх. Кожны раз выбіраюць праекты розныя па скіраванасці і запыце, каб удзельнікі маглі папрацаваць з рознымі задачамі.

Навошта рэкламісты бясплатна працуюць у выхадны?

Конкурс ёсць не толькі сярод патэнцыйных кліентаў, але і сярод удзельнікаў: гэтым разам выбралі 38 спецыялістаў са 100. Іх суправаджалі 10 крэатыўных лідараў. Пры адборы арганізатары звярталі ўвагу на вопыт і матывацыю.

Некаторыя ўдзельнічаюць у Крэатоне не першы раз. Іх сюды прыводзяць цікавыя знаёмствы, задачы, якія могуць адрознівацца ад іх звычайнай працы, і жаданне дапамагчы сацыяльным праектам.

– Для мяне вельмі каштоўная камунікацыя з іншымі людзьмі, з калегамі, якія працуюць у той жа сферы. Плюс прыемна дапамагаць сацыяльным праектам, у якіх можа няма магчымасці звярнуцца ў агенцтва, але пра іх людзям трэба больш даведвацца, каб наш Мінск і наша краіна змянялася да лепшага. Плюс, гэта заўсёды вельмі запальвае, дорыць шмат эмоцый. А такі фармат як цягнік… Я не ведаю, якой я прыеду, мне здаецца, я з’язджаю з Мінска адным чалавекам, а вярнуся… Гэта будзе іншая Віка, – смяецца ўдзельніца.

– Мне падабаецца, гэта прыкольна. Мая кампанія ўдзельнічае як партнёр Крэатона і вельмі хацелася быць знутры ўсяго. Мне падабаецца такі перазапуск часам, – кажа Юлія.

Як абмежаванні пераўтварыць у фішкі

Калі выбіралі пляцоўку для пятага Крэатона, прагучала прапанова правесці яго ў цягніку. Аказалася, Мінск-Гродна-Мінск – адзіны цягнік са злучэннем з абласнымі цэнтрамі, які ўжо праз гадзіну едзе назад. Да таго ж гэты самы павольны цягнік які толькі ўдалося знайсці. Выкупіць вагон дапамаглі партнеры. У 15.30 у суботу ўдзельнікі селі на цягнік і ў 7.20 нядзелі вярнуліся ў сталіцу.

У беларускіх цягніках няма разетак і вай-фаю, а па дарозе цяжка злавіць мабільную сувязь. Спачатку арганізатары хацелі знайсці генератар, паўэрбанкі, узмацняльнікі сігналу. Гэта аказалася “касмічнымі тэхналогіямі ў цане і магчымасцях”. І тут яны падумалі, што людзі занадта прызвычаіліся жыць у камфорце. Таму падрыхтавалі ўсю патрэбную інфармацыю пра кліентаў на паперы. А для “крафтавых” прэзентацый прапанавалі выразкі з часопісаў і каляровыя маркеры. Аркушы пасля адсканавалі і склалі ў прэзентацыю. Атрымалася не горш, чым шаблоны PowerPoint. “Трэба ўмець абмежванні пераўтвараць у фішкі”, – кажуць арганізатары.

Што Крэатон прыдумаў для Hrodna.life

Найбольш цікавым праектам для рэкламшчыкаў стала харавая капэла – дапамагаць спевакам узяліся ажно тры каманды. Дзве каманды працавалі для Hrodna.life. Удзельнікі расказалі, што выбралі гарадскі партал па розных прычынах: з цікавасці да СМІ, да праблемы пазіцыянавання, да рэгіёнаў, да беларускамоўнасці і проста “мы едзем у Гродна – гэта сімвалічна”.

– Я падумаў: мы едзем у Гродна. Я ўяўляю, як мы такія стомленыя на перасадцы, бо няма ідэй, і тут ты бачыш інсайд на вакзале, – смяюцца ўдзельнікі. – Цікавая тэма пазіцыянавання. Не так шмат СМІ, якія прадстаўляюць з сябе нешта большае, чым проста артыкулы. Анлайн-рэсурс – гэта і шмат вакол яго: сацсеткі, відэапляцоўкі, пашукавікі.

– Крэатон аказаўся для нас надзвычай карысным. Мы атрымалі новыя ідэя для камунікацыі з чытачамі і новыя ідэі па тых фішках, што мы і так ужо робім. Атрымалі свежы погляд на сваю працу і на тое, як сябе пазіцыянаваць, як пазначыць сваю прысутнасць у афлайне. На тое, як паказаць сябе і даць зразумеуць чытачам, што мы і ёсць Гродна. Hrodna.life – гэта проста лічбавая версія Гродна, такую ідэю нам падкінула адна з каманд, – кажа галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота.

Вагон Крэатона: як дызайнеры і рэкламісты прыдумвалі ў цягніку ідэі для Hrodna.life (і не толькі)
Выступае галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота

Выданне выкарыстае парады па офлайн-івэнтах, экскурсіях, турыстычных мапах і выкарыстанні кантэнту ад чытачоў. “Для нас вельмі важна, каб чытачы дзялілі з намі адказнасць за горад і бралі адказнасць за тое, што ў горадзе адбываецца. І пра гэта таксама нам дапамаглі падумаць крэатары, якія для нас працавалі”, – кажа рэдактар.

Хор будзе спяваць з Бакеем?

Самыя крэатыўныя прапановы былі ад каманд, якія працавалі для харавой капэлы – гэта заслужаны аматарскі калектыў, які хоча прыцягнуць да групавога спеву больш людзей. Ім прапанавалі і зладзіць музычны бар, і арганізаваць “хуткую дапамогу” па выратаванні талентаў, і спяваць у якасці сюрпрыза перад мерапрыемствамі на моднай вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, і нават зрабіць сумесны праект з рэперам Бакеем.

Для тэатра, які паказвае пастаноўкі самотным бабулям у малых вёсках, прыдумалі адразу некалькі варыянтаў назваў: асноўная прапанова – “Вірліва”, да яе нават паспелі стварыць візуальную канцэпцыю, але арганізатары могуць выбраць і іншае, напрыклад “Дабрадзея”. Крэатары абяцалі і пад такую назву распрацаваць лога.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta атрымала візуальны стыль для сваіх штогадовых мерапрыемстваў па абароне прыватных дадзеных: крэатарам удалося нанова адкрыць ужо заезджаны сімвал адбітка пальца.

Крэатон ужо дапамог такім праектам, як міжнародны фестываль дакументальнага кіно Watch Docs, ГА «Радзіслава», эка-праект па вытворчасці паперы з сухога трыснягу, “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Social Weekend, футбольная супольнасць для дзяўчат “Здольная” і іншым.

 

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: