Людзі і справы

Бяжы, Наста, бяжы! Як гродзенская прыгажуня пераадолела сябе і звышмарафон за адну ноч

Наста Трафімчык адзначае кожны год свайго дарослага жыцця пераадоленнямі і перамогамі. У 2016 яна скончыла ўніверсітэт, у 2017 стала найпрыгажэйшай «Гарадзенскай беларусачкай», а 2018 год скончыла першым у жыцці начным супермарафонам.

«Калі б мне некалькі гадоў таму сказалі, што я прабягу звышмарафон, я б вельмі гучна засмяялася. Ці магла дзяўчынка, якая ў школе ледзьве дабягала крос на 2 км, уявіць сабе, што яна прабяжыць у разоў 30 большую дыстанцыю», — кажа Наста. Пра тое, як адважылася на першы 12-гадзінны забег і як пераадолела за ноч 62 кіламетры, дзяўчына расказала Hrodna.life.

Пачала з забегу цвярозасці

Досвед бегу Наста адкрыла для сябе на леташнім Забегу цвярозасці. Даўжыня той першай дыстанцыі складала трохі больш за 4 кіламетры. «Ужо тады прасачылася думка прабегчы марафонскую дыстанцыю — 42, 195 км. Пытанняў пра рэальнасць здзяйснення мары нават не было, шмат хто ў маім асяроддзі ўжо зрабіў гэта. Таму заставалася толькі адно — падрыхтавацца. Так, каб фінішаваць з усмешкай».

Наста расказвае, што ўцягнуцца ў бег дапамаглі сябры. Адзін з іх — Дзмітрый Будрык. Ён прафесійны валейбаліст і бізнесовец. Для Насты ён стаў чалавекам, які калісьці запрасіў правесці актыўна нядзельную раніцу. «Спачатку мы пераадольвалі сябе, каб прабегчы кола ў 4,3 км, а потым лёгка ганялі і 6, і 9, і 13 км».

Калі бег стаў звычкай, то з’явіліся і нагоды прабегчыся з карысцю не толькі для сябе. З клубам Run4fun Наста ўдзельнічала ў забегах акцыі #velcombegom. У выніку — набегала паўмарафон.

На супермарафон натхніў Лявон Анацка

На пачатку мінулага года Наста пабачыла ў сеціве допіс пра супермарафонца з Гродзеншчыны Лявона Анацку. Там паведамлялася, што 56-гадовы лідчанін прабег 602 кіламетры ў 6-сутачным бегу ў Афінах. А праз некалькі месяцаў выдалася нагода асабіста пазнаёміцца з гэтым чалавекам. Ад яго дзяўчына атрымала запрашэнне паўдзельнічаць у «Лідскім ультрамарафоне «Самапераадоленне». Выбраныя спаборніцтвы мелі адбыцца напрыканцы года.

«Мара прабегчы марафон яшчэ жыла, а тут яшчэ лепшая магчымасць — звышмарафон! У 2018-м, як ты і планавала. Усё цудоўна складваецца!» — узгадвае Наста ўражанні ад сустрэчы.

Падрыхтоўка: «У мяне нават трэнера не было»

«Ні ў якім разе не скажу, што мая падрыхтоўка да старту была прафесійнай, — кажа Наста. — У мяне нават трэнера не было. Час ад часу я выходзіла на прабежкі. Калі быў настрой, калі было жаданне бегчы. Магла проста нечакана для сябе падхапіцца, ускочыць, пераапрануцца і праз пару хвілін я ўжо выходжу на вуліцу! Я шмат хадзіла. Не таму, што на носе быў ультрамарафон, а таму што я па жыцці шмат хаджу. Харчавалася добра, у рацыён дадавала больш садавіны і гародніны. Асабліва за тыдзень да забегу — ела за дваіх. Спадзяваўшыся, што гэты тлушч мне спатрэбіцца».

Больш увагі, па словах Насты, патрабавала маральная падрыхтоўка. «Спачатку розум супраціўляўся пагаджацца з маімі нерэальнымі (на яго погляд) планамі на спартыўнае жыццё. Ствараў шматлікія адгаворкі, каб не выходзіць на прабежкі, каб адмовіцца ад ультрамарафона і шмат чаго яшчэ. «З такой падрыхтоўкай, Наста, ты ледзьве пераадолееш 30 км. І то, цябе будуць несці да фінішу! На такія заявачкі я рэагавала з гумарам і верыла ў лепшае». Калі ж час марафону падыйшоў - у нецярпенні лічыла гадзіны да старту, прызнаецца Наста.

Старт у ноч

Этап прабегу, да якога далучылася Наста, пачаўся, а дзявятай увечары і доўжыўся 12 гадзін. Пераможца вызначаўся па колькасці пераадоленых за гэты час кіламетраў. На старце Наста атрымала нумар 50, імянны кубак і шакаладку. Наперадзе была ноч бегу.

Першыя некалькі кругоў побач бег Лявон Анацка. «Мы не беглі моўчкі. Лявон пазнаёміў мяне з тымі спартсменамі, якія нам сустракаюцца. Пасля падзяліўся сакрэцікамі ўльтрамарафонаў, распавёў пра свае прыгоды па-за Беларуссю і адказаў на мае шматлікія пытанні, якія ўзнікалі па ходзе. На той момант мне гэта не нагадвала забег на доўгую дыстанцыю. Хутчэй гэта была сустрэча з сябрам, якога даўно не бачыла, а ў дадатак да жыццёвых размоваў мы вырашылі прабегчыся», — узгадвае Наста.

Пасля гэтых азнаямленчых кругоў спартсмены пабеглі паасобку, кожны ў сваім тэмпе. Некалькі разоў за ноч спартсмены рабілі перапынкі на адпачынак, перакус і гарачую гарбату.

«Дождж? Цяпер? Цудоўна!»

За пару гадзін да фінішу пайшоў дождж. «Што? Дождж? Цяпер? Цудоўна! Застаецца 2 гадзіны бегу. Пад дажджом. Вось ён, хэпі энд! Нармальныя людзі спяць. А ты тут пад дажджом бяжыш. Нармальным такім дажджом. Не дожджыкам грыбным. Дзякуй, што не ліўнем. Шчыра ўдзячная, што менавіта пры такіх абставінах праходзіць мой першы звышмарафон. Ён мне запомніцца надоўга. І таму, што першы, і таму, што такі», — узгадвае Наста.

Трайны фініш

Але ці не найбольш эмоцый падарыў Насце фініш. Тым больш, на «апошні» круг яна заходзіла тройчы. А восьмай рана падтрымаць Насту прыйшоў брат і гэта дадало сіл.

«Гэта было неверагодна! Нечакана. Ногі ў рукі - і лячу, быццам толькі стартанула! Ну, брат, ну даў жару! Ноч, а 8-ай, а ён прыйшоў! Я дакладна не магла бегчы павольна. З такой падтрымкай!» — расказвае Наста.

У гэты момант побач пабег і Лявон Анацка. Усім каго абганялі, Анацка крычаў: «Наста фінішуе! Дай дарогу!»

«Было вельмі весела. Але з маім шалёным тэмпам Анацку хапіла на паўкола і я зноў пабегла адна па лужынах». У гэты момант, узгадвае Наста, з’явілася жаданне не спыняцца.

«Анацка ўсім распавёў, што я фінішую, а я бягу яшчэ! Гэта мне вельмі падняло настрой і я самалётам праляцела каля тых, хто думае, што я фінішавала. Выжымаю, што магчымага і немагчыма, і зноў бягу да фінішу. Дабягаю. І што вы думаеце? Мне ўручаюць сцяжок і кажуць: «Бяжы з ім, а я табе свісну, калі выйдзе час. Тады і спынішся».

Наста ўзгадвае, што «уключыла рэжым турба» і з крыкам «Дай дарогу! Наста фінішуе трэці круг!» працягнула бег. Далей застаецца дадаць хіба тое, што свісток прагучаў не праз сто метраў. Да яго Наста паспела пераадолець яшчэ адзін поўны круг.

«Апошні дзясятак метраў. Пяць… Чатыры… Тры… Два… Адзін… Свісток! Так дагэтуль свістка не было? За мной ніхто не бег са свістком? Усё. Фініш. Апладысменты».

Пры падліку вынікаў аказалася, што за 12 гадзін Наста прабегла 62 кіламетры. «У кожнага чалавека ёсць патэнцыял, які не мае межаў. І мы дакладна не ведаем, на што здольныя наша цела і розум. Падарожжа ў адкрыцці гэтых неверагодных магчымасцяў дапамагае адчуць сапраўдны смак жыцця і нарошчвае апетыт на новыя ўзроўні».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024