УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна адрамантаваў 11 цэнтральных цеплавых пунктаў. На дзвюх з іх ужо з’явіліся муралы — іх малюе супрацоўнік арганізацыі.
На адным з ЦЦП мастак-афарміцель УЖРЭП Сяргей Скарапупаў намаляваў гродзенскія будынкі і дапісаў словы «Гродно» з сэрцам і назву арганізацыі. На іншым, недалёка ад СШ № 22 на вуліцы Урублеўскага, з’явіўся дзіцячы малюнак і рукі, якія яго малююць.





Мясцовыя жыхары ацанілі ініцыятыву, расказалі на «Гродно Плюс» са спасылкай на УЖРЭП. У арганізацыі вырашылі размаляваць такім чынам усе цэнтральныя цеплавыя пункты раёна.
Чытайце таксама: У цэнтры Гродна адкрылі новы гіганцкі мурал
Для Гродна не новая ідэя малюнкаў на гаспадарчых пабудовах. З 2014 на трансфарматарнай будцы ў дварах па адрасе Пушкіна, 29 хаваецца князь Вітаўт. Яго намаляваў мастак Вячаслаў Сілен (Silen) у рамках стрыт-арт-акцыі «Must Act — Must Art», пасля яго рэстаўравалі ў 2019 годзе.

На прахадной ТРК «Гродна» намаляваны Сальвадор Далі, стары лямпавы тэлевізар і дзіця з пэндзлікам. Мастак — Максім Карповіч з Гродна. Размалявана перапляценнем жоўтых труб трансфарматарная будка каля Цэнтральнай паліклінікі.
А вось крумкач з Каложай на спіне на трансфарматарнай будцы ў дварах па вуліцы Баторыя («Крумкач», Алесь Kontra, 2014) не захаваўся — яго папросту зафарбавалі камунальныя службы ў 2018 годзе.

Чытайце таксама: «Усё проста зафарбавалі». Захаваць гродзенскія графіці ўдалося толькі на фатаграфіях