Фестываль ХарчФэст замест ранейшага Lidbeer упершыню пройдзе ў Лідзе 31 жніўня 2024. Калі раней фестываль можна было назваць святам рок-музыкі, то цяпер фармат стаў значна папсовейшым. А хэдлайнерам сёлета будзе Вольга Бузава, якая знаходзіцца пад санкцыямі за падтрымку вайны.

Вольга Бузава заспявае ў Лідзе

Пра тое, што сёлета не будзе фестывалю Lidbeer, які традыцыйна ладзіўся ў Лідзе ў пачатку верасня, стала вядома ў канцы ліпеня. Замест яго Лідскі райвыканкам абвясціў аб правядзенні ХарчФэсту, спалучанага з Днём горада. І адразу паабяцаў, што ў праграме будзе канцэрт з хэдлайнерам.

Запрошанай зоркай аказалася расійская спявачка Вольга Бузава. Яшчэ ў 2017 годзе яна наведала анэксаваны Расіяй Крым, пазней выказвалася ў падтрымку Пуціна, а ў 2022 годзе падтрымала вайну Расіі супраць Украіны. У выніку спявачка трапіла ў санкцыйны спіс Украіны і ў спіс карупцыянераў і распальвальшчыкаў вайны расійскага Фонда барацьбы з карупцыяй.

Колькі атрымае Бузава за выступ у Лідзе — невядома. Стандартны яе ганарар паводле стану на лета 2024 — 2,5−3 млн расійскіх рублёў. Гэта каля 90−110 тыс. беларускіх рублёў.

Што яшчэ будзе на ХарчФэсце

Лідскі ХарчФэст будзе прысвечаны харчовай прамысловасці Гродзенскай вобласці. У ім возьмуць удзел сем розных прадпрыемстваў, тым ліку Лідскае піва, Лідахлебапрадукт, Гродзенскі мясакамбінат і іншыя.

На фестывальнай пляцоўцы з’явяцца фудкорты, выстава тэхнікі і горад майстроў. У музычнай праграме акрамя Вольгі Бузавай запланаваны выступы кавер-гуртоў.

Якім быў Lidbeer у мінулыя гады

Фестываль Lidbeer з’явіўся ў 2015 годзе як сацыяльны праект Лідскага піва. За час існавання фэст стаў візітнай карткай горада і прыцягваў людзей з усёй Беларусі. Lidbeer стаў пляцоўкай і для вядомых, і для пачынаючых беларускіх музыкаў.

У 2015 годзе на сцэне Lidbeer выступілі беларускія групы: Стары Ольса, Без Билета і J: МОРС. Праз год на фэсце зайгралі Trubetskoy, Neuro Dubel і БИ-2. У 2017 на Lidbeer выступілі «Петля Пристрастия» і «Крамбамбуля», таксама прыехаў украінскі гурт «Океан Ельзи».

У 2018 годзе хэдлайнерам фестывалю стаў расійскі гурт «Ленинград». З боку беларускіх музыкаў выступілі Nizkiz. Традыцыя запрашаць расійскія гурты ў якасці галоўных гасцей свята працягнулася і ў 2019 годзе. Тады на Lidbeer выступілі Элджей, Cплин и Чайф. Але выйшлі на сцэну і беларусы: Molchat Doma і Akute.

Чарговы Lidbeer адбыўся толькі праз тры гады. Арганізатары тлумачылі гэта кавіднымі абмежаваннямі. У 2023 годзе хэдлайнерам фэсту стаў расійскі гурт Filatov & Karas. З беларускага боку выступілі Тэа і Вольга Рыжыкава. Гэты дуэт рэгулярна выступае на дзяржаўных святах.

Пасля мінулага Lidbeer па горадзе прайшла хваля затрыманняў

На фестывалі Lidbeer у 2023 годзе затрымалі двух мужчын за крыкі «Жыве Беларусь!». Пасля гэтага па горадзе прайшла хваля затрыманняў на прадпрыемствах. Затрыманні працягваліся ўвесь верасень на «Лакафарбе», «Лідахлебапрадукце», «Лідсельмашы» і іншых прадпрыемствах. Затрыманым прысудзілі штрафы і арышты.