LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Чарговы фестываль LIDBEER адгрымеў у Лідзе 7 верасня. Гэтым разам было яшчэ больш музыкантаў і актыўнасцяў. Глядзіце, як гэта было!

– Да фестывалю рыхтуюцца амаль  год – вельмі шмат часу займае гэта. На адзін дзень Ліда ператвараецца на горад-фестываль. Гэта цудоўна! Гэта ўнікальны фестываль, які праходзіць у цэнтры горада, – кажа генеральны дырэктар кампаніі “Лідскае піва” Аудрыус Мікшыс.

Наведвальнікі з’явіліся ўжо да адкрыцця і заняліся традыцыйнымі для фестывалю актыўнасцямі: паглядзець на выступы ў Лідскім замку, паслухаць маладыя гурты на малой сцэне, паўдзельнічаць у інтэрактыўным квэсце, схадзіць на экскурсію на завод, знайсці святочны капялюш. Для тых, што не пашкадаваў 30 рублёў, можна было пакатацца на самалёце.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Што па чым?

Піва можна было выпіць за 3 рублі. Пачаставацца кавай – за 2-6 рублёў. Бургеры абышліся б за 10-15 рублёў, хотдог – каля 5, марозіва – 2 рублі, смажанае марозіва – 5, шашлык – 3, піцца – 2, каўбаскі – 3. Кукурузу можна было купіць за 3,5 рублі, папкорн – за 2-6. Пастраляць з лука і з ціры можна было за 5 рублёў, пагуляць у пейтнбол – за 8. Батуты і машынкі для дзяцей каштавалі 6 і 5 рублёў. Магніцікі з выявай замка абыйшліся б у 1-4 рублі. Цішотка і сумка з лагатыпам фестываля – у 25 рублёў.

– Справы ідуць добра, – кажуць мясцовыя рамеснікі. – Але бывае, што стацыянарна больш прадасі.

“Справы ідуць, абы не стаялі”, – усміхаецца гандляр Віктар. Ён кажа, што продаж на фестывалі залежыць ад хэдлайнера. Самым паспяховым быў першы фестываль – усё толькі пачыналася і было цікава. Кажа, летась на “Ленинграде” больш людзей было. Але і цяпер не сказаць, каб мала. Праўда, сёлета шмат людзей паехала на святкаванне 1000-годдзя Брэста. “Фестываль кожны год, а тут такая дата”.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Вулічны мастак з Пінска Аляксандр кажа, што сёлетні фестываль паспяховы – ён намаляваў 12 партрэтаў за 50 рублёў. “Цэны называй любыя”, – кажа ён. Побач з ім яшчэ два мастака, але ён гэта не лічыць за канкурэнцыю.

Пакуль у платнай зоне на фудкортах сумавалі, у бясплатнай да палатак выстройваліся чэргі па 10-15 чалавек.

– Я з 10 гадзін не магу схадзіць у туалет, – усміхаецца Руслан. Ён працуе шэф-кухарам у мінскім рэстаране, а тут падпрацоўвае з сябрам. – Вельмі цяжка, людзей шмат. Мы дранікі смажылі – шкада, вы не засталі, – каўбаскі, шышлык, рабрынкі. Вельмі падабаецца Lidbeer. На адным з рэспубліканскіх фестываляў нядаўна продажы былі нулявыя, выйшлі ў мінусы вялікія. А тут я ўжо трэці год і ўсё класна, мне падабаецца.

Як мясцовыя ставяцца да фестывалю?

– У нас часта нешта праводзіцца, – кажуць мясцовыя рамеснікі. – Звычайна ў замку. А калі музыка гучная… Заўсёды будуць тыя, каму не падабаецца. А хто прывык, таму нармальна.

Мясцовыя жыхары Пётр і Надзея таксама кажуць, што не адчулі ўплыву фестывалю на горад. На шум ніхто не скардзіцца. Некаторыя жыхары спрабуюць падзарабіць на фестывалі і здаюць кватэры. У 2017 годзе былі навіны аб падвышэнні кошту ў 10 разоў. Сёлета казалі пра павялічэнні ў тры разы.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

Выступоўцаў стала больш

На сцэну выходзіла шэсць калектываў. Дарэчы, шмат слухачоў актыўна падпявала яшчэ з першага гурта.

Гала-канцэрт адкрывалі пераможцы леташняга конкурса маладых выканаўцаў – Yellow Arc 6. Яны кажуць, што маладым камандаў варта паўдзельнічаць у такім конкурсе. “Папрацаваць на вялікай пляцоўцы – карысны вопыт. Яго атрымаць маладым камандам няма дзе. Таму скарыстацца варта. Нават калі яны не пройдуць на конкурсную сцэну, але выходзяць у галасаванні ў топ-5, гэта бясплатная рэпетыцая на хоць якую публіку і пры гэтым выступленне на вялікім фестывалі. Для самой каманды гэта таксама клёва, бо гэта падарожжа, выступ ў іншым горадзе. Гэта збліжае – пастаянныя перамяшчэнні, начоўкі разам”.

За гэты год у музыкантаў выйшаў альбом, які можна паслухаць у суполках, ці на спецыяльных сервісах.

Другім выступіў мінскі гурт “Молчат дома”, які грае музыку на стыку пост-панка, сінці-попа і нью-вэйва. Летась іх альбом трапіў у лік найлепшых рэлізаў сусветнага пост-панку, а гурт назвалі “музычнай сенсацыяй 2019 года”. А дзіўныя танцы вакаліста – гэта асобны від мастацтва.

– Жанр гэты (пост-панк – аўт.) ў Беларусі не сказаць, каб папулярны. Чаму? Цяжка сказаць. Гэта своесаблівы такі стыль музыкі, які вельмі змрочны і дэпрэсіўны. Але ў тым ліку пад яго можна танцаваць. Што мы і пакажам. Спадзяюся, што ў нас ў краіне гэты жанр стане папулярным і музыка ў гэтай стылістыцы будзе добра ўспрымацца людзьмі. Атрымалася так, што мы больш папулярныя ў Еўропе і збіраем там больш людзей і слухачоў. Але думаю, і тут мы хутка заваюем сваю нішу, – кажа вакаліст гурта Ягор Шкутка.

LIDBEER-2019. Фестываль прайшоў, уражанні засталіся

У магілёўцаў Akute пацікавіліся, ці не крыўдна ім быць не хэдлайнерамі, а разаграваць публіку. Яны адказалі, што заўсёды з’яўляюцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. А зараз яны шмат працуюць. Карацей, усё будзе. Тым больш публіка, здаецца, іх ведала і чакала.

Гарні українські хлопці – гурт “Агонь”  – адразу паказалі сябе рок-зоркамі, хоць і казалі са сцэны, што яны “адзіная тут папса”. Музыканты выходзілі да гледачоў і ладзілі стэйдждайвінг. Выступ дапаўнялі танцоркі.

Гурт заснавалі былыя ўдзельнікі Quest Pistols, таму выступ пачалі са старых песень – “Я устал”,”Я твой наркотик”. Калі вам цікава, што ўяўляе гурт зараз, паслухайце іх трэк “Тебе 20”. Зараз шмат кажуць пра тое, што ўкраінская музыка класная – усе нядаўна слухалі “Maruv” i “Kazka”. “Давайце не будзем абменьвацца любезнасцямі, мы думаем, што беларуская музыка таксама класная. А украінская класная таму, што людзі робяць тое, што ім падабаецца”, – кажуць музыканты.

Элджэй захаваў сваю загадкавасць. Ён не даваў журналістам інтэрв’ю і забараніў сябе здымаць нават у адведзеных месцах – тольки з залі. Выступаў ён з дыджэем Cherocky. “Ну што, Ліда, гатовыя забаўляцца?”, – пытае дыджэй. І танцаваць пачынаюць і падлеткі, і дарослыя. Можна па-рознаму ставіцца да гэтага выканаўцы, але музыкант умее працаваць і запальваць залу – гэта факт. “Гэта было а**енна, я буду сумаваць па вам”, – сказаў ён напрыканцы. Мы таксама, Эджэй.

Чарговым выступіў “Сплин”. Аляксандр Васільеў здаваўся “сваім” у простым джынсах і таўстоўцы. А яго голас захаваў нейкую хлапечую звонкасць. Карацей, усё, як мы помнім і за што мы іх любім. Музыканты чаргавалі вядомыя і новыя песні. А скончылі сэт мажорнай і вечнажывой “Мое сердце”.

Закрываў выступ гурт “Чайф”. “Канешне, прыемна і дзіўна, – кажа Уладзімір Шахрын на пытанне, што яны адчуваюць, калі іх слухае моладзь. – Мы ў свой час на такое разлічваць не маглі. Гэта такая энергетычная падпітка ад таго, што ты разумееш, што гэта не стала канчаткова музыкай рэтра”. Скончыўся фестываль святочным феерверкам.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: