Бар “Лондон”, кавярні “Шекспир” і “Доппио” прадаюць у Гродне. Некаторыя ўстановы прадаюць з-за пераезду. Hrodna.life паглядзеў, які гатовы бізнес у сферы грамадскага харчавання выставілі на продаж у ліпені 2024 года.
“Лондон бар” на Віленскай
У цэнтры Гродна на вуліцы Віленская, 1 можна набыць “Лондон бар”. Гатовы бізнес прадаюць за 81 тыс. рублёў ($ 25,3 тыс.).
Агульная плошча памяшкання – 96 кв.м. Там ёсць барная стойка з натуральнага каменя, два санітарныя вузлы, кухня, цалкам абсталяваная лядоўнямі, параканвектаматам (прафесійнае абсталяванне для прыгатавання парам – Hrodna.life), месцам для мыцця посуду. Таксама ёсць шафы для посуду, лёдагенератар, маразільныя камеры. А яшчэ – відэаназіранне і два тэлевізары. У бар праведзена электрычнасць, цэнтральнае водазабеспячэнне, ацяпленне і каналізацыя. Ёсць сістэмы ахоўнай і пажарнай сігналізацыі.

Агулам ва ўстанове 40 пасадачных месцаў. Акрамя гэтага, на вуліцы размяшчаецца летняя тэраса на 25 месцаў. Паводле прадаўцоў, ёсць усе дазволы. Сам бар працуе з 2016 года, уладальнікі пішуць, што ў бара бестэрміновая ліцэнзія на алкаголь, які зараз не выдаюць. Арэндная аплата ў беларускіх рублях і не прывязана да долара.
Бар “Лондон” на Віленскай – адно з папулярных сярод гродзенцаў месцаў. На старонцы ўстановы ў Instagram амаль 11 тыс. падпісчыкаў. Сярэдняя адзнака на Google maps і “Яндекс.Карты” – 4,4 зоркі, у Facebook – 4,8.
Кавярні на Замкавай і ў Тэатры лялек
У будынку Гродзенскага абласнога тэатра лялек прадаюць кафэ “Шэкспір” на 30 пасадачных месцаў. Цана ўстановы – 57 тыс. рублёў ($ 17,8 тыс.).
Плошча кафэ – 45 кв.м (12 кв.м – кухня), ёсць летняя тэраса, а таксама гандлёвае абсталяванне, інвентар і мэбля, якія пераходзяць ва ўласнасць новага гаспадара. Паводле апісання, усе бізнес-працэсы аўтаматызаваныя: улік тавара, каса, спісанне прадукцыі па тэхнічным карткам, пераўлікі.

Другое кафэ – “Доппіо” размяшчаецца на вуліцы Замкавай. Яго прадаюць за 74 тыс. рублёў ($ 23,1 тыс.). Паводле апісання – кавярня здаровага харчавання. У ім прапануюць кававыя напоі, дэсерты, сняданкі.
У штаце ўстановы чатыры супрацоўнікі, а сама кавярня працуе 4,5 гады. Уладальнік кавярні прадае бізнес у сувязі з пераездам.

Чытайце таксама: Мяняюць кебабную на аўто: які гатовы бізнес можна набыць у Гродне?
Уладальнікі згубілі жаданне працаваць
У гандлёвым цэнтры OldCity прадаюць міні-кафэ з марозівам. Яго цана – 31,5 тыс. рублёў ($ 9,8 тыс.). Арэндная плата складае 1350 рублёў у месяц. У кафэ працуюць два прадаўцы. Паводле апісання, прычына продажу – уладальнікі міні-кафэ за два гады працы “цалкам згубілі жаданне працаваць адзін з адным”.

Прадаюць фудтрак у сувязі з пераездам
На вуліцы Ліможа, 32Б, побач з супермаркетам “Алмі” прадаюць фудтрак з шаўрмой. Яго цана – 6 тыс. рублёў ($ 1,7 тыс.). Ёсць распрацаванае меню з 16 відаў шаўрмы. Сам фудтрак у арэндзе, за якую трэба плаціць. Бізнес прадаюць у сувязі з пераездам.



