У краме «ЦУМ», якая размяшчаецца на трэцім паверсе гродзенскага ўнівермага, адбыўся рэбрэндынг. Зараз яна называецца «ЦУД». Гэта першая ў Беларусі крама пад такім брэндам.

Што змянілася ў краме

Акрамя назвы ў крамы змянілі лагатып. Падабралі новыя фірмовыя колеры — фіялетавы і жоўты. Паводле ўладальнікаў, стыль стаў больш сучасным і лаканічным, пры гэтым вытанчаным. «Кожнаму патрэбен цуд», — напісалі на старонцы крамы ў Instagram.

Змены анансавалі яшчэ ў канцы 2023 года. Яны патрэбныя перадусім для таго, каб пакупнікі не блыталі ЦУМ як увесь гандлёвы цэнтр з рознымі крамамі ўсярэдзіне, і «ЦУМ» як асобную краму ў межах гэтага гандлёвага цэнтра.

Першая ў Беларусі крама пад такім брэндам

Мультыбрэндавая крама ў гродзенскім універмагу пачала працаваць у снежні 2023 года, калі ЦУМ адкрылі пасля рэканструкцыі. Тады ўладальнікі паведамілі, што плануюць анансаваць новую назву. Гэта першая у Беларусі крама пад брэндам «ЦУД».

Чытайце таксама: На Савецкай пасля рэканструкцыі адкрылі ЦУМ: як ён цяпер выглядае

Што прадаюць у гэтай краме

«ЦУД» — мультыбрэндавая крама. Там прадаюць тавары для сям'і і для дома. У краме можна набыць адзенне, посуд, тэкстыль, галантарэю, падарункі і сувеніры, а таксама прылады для школы.

Адзенне, якое прадаюць у краме, прадстаўлена беларускімі брэндамі «Элема», «Калінка», «Купалінка», «Надэкс», Femme, Сonte, Leda, Verally.