Кафэ «Ройал» на вуліцы Напалеона Орды, 12 у гродзенскім мікрараёне Альшанка заявіла пра закрыццё. Завядзенне працавала з 2024 года і спецыялізавалася на ўсходняй кухні — тут гатавалі шашлык, шаўрму і ляпёшкі. Уладальнікі сцвярджаюць, што пасля скасавання дамовы арэнды на іх пачалі аказваць ціск і палохаць праверкамі. Пры гэтым яшчэ з канца ліпеня кафэ выстаўлена на продаж як гатовы бізнес.

«Нас пазбавілі магчымасці працаваць»

Пра закрыццё завядзення кіраўніцтва распавяло ў сацыяльных сетках. Паводле слоў дырэктаркі ТАА «НахчГро» (кампаніі-ўладальніцы кафэ), дамова арэнды была скасаваная праз знешні ўплыў на арэндадаўца.

«Нас пазбавілі магчымасці працаваць, а пасля скасавання дамовы на арганізацыю пачалі аказваць ціск і палохаць праверкамі», — заявіла кіраўніца ў відэароліку ў TikTok. Яна дадала, што ў яе адрас таксама паступаюць пагрозы, і запэўніла: у яе ёсць відэазапісы і дакументы, якія пацвярджаюць гэтыя словы.

Праўда, яна не ўдакладніла, хто менавіта ёй пагражае і ад каго сыходзіць ціск. На прамыя пытанні каментатараў дырэктарка адказвала, што пакуль не можа распавесці пра ўсю сітуацыю. Уладальнікі заклікаюць дзяржаўныя СМІ звярнуць увагу на іх публікацыі.

Інвестыцыі ў «голыя сцены» і крэдытныя абавязацельствы

Прадстаўнікі Royal падкрэсліваюць, што ў Альшанцы практычна няма альтэрнатыўных месцаў для адпачынку. У сваім жа праекце яны задзейнічалі максімум рэсурсаў.

Прадстаўнікі кафэ распавядаюць, што памяшканне бралі з «голымі сценамі» і абсталявалі з нуля: за свой кошт правялі вентыляцыю, каналізацыю і электраправодку, усталявалі кандыцыянеры і закупілі мэблю. Значная частка прац фінансавалася за кошт банкаўскіх крэдытаў, выплачваць якія праз закрыццё кампанія больш не можа.

«У гэта памяшканне мы ўклалі душу. Прыйшлося аддаць велізарную колькасць часу, сіл і сродкаў. Мы не скардзімся — мы патрабуем справядлівасці», — рэзюмавалі ўладальнікі.

Некаторыя выказалі здагадку, што кафэ зачынілася праз нерэнтабельнасць. Уладальнік гэта адмаўляе: “Если тебе интересно просто прхади посмотри я ден продаю шаурма 100 шашлык плова не цетаю (лічу – Hrodna.life).

У Альшанцы зачынілася кафэ Royal: уладальнікі заяўляюць пра ціск і патрабуюць праверак. Установа ўжо выстаўлена на продаж
Кафэ. Фота: yandex.by/maps

«Дзякуй, што вы былі з намі»

Пра закрыццё кафэ паведамілі і на яго старонцы ў Instagram.

«Дарагія мае наведвальнікі, дзякуй, што вы былі з намі. На жаль, кафэ ў нас зачынілі. Дзякуй кожнаму за падтрымку», — гаворыцца ў публікацыі.

У завядзенні назвалі гісторыю кафэ «цікавай, вясёлай, часам трохі сумнай», а галоўнае — «павучальнай».

Каментатары падтрымліваюць завядзенне

У каментарах пад паведамленнем пра закрыццё наведвальнікі пішуць, што ім шкада завядзення і цяпер у Альшанцы не будзе дзе нармальна адпачыць.

«Адзінае кафэ на такі велізарны раён. Няма слоў», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Іншыя каментатары зычаць уладальнікам дамагчыся справядлівасці і мяркуюць, што прычынай закрыцця мог стаць ціск з боку ўладаў. Пры гэтым афіцыйнага пацвярджэння гэтым здагадкам пакуль няма.

«Людзі раілі: “Папрабуйце запісваць відосы, як вы перад кожным пачаткам працы спяваеце гімн краіны, тады будзе магчымасць на іх скардзіцца, што ідзе дыскрымінацыя патрыётаў… інакш ніяк…”

“Ох, дык тут цэлы бестселер. Вас прыціскае дзяржава, і вы хочаце праз іх СМІ разабрацца. Чакаем працягу”, — напісаў яшчэ адзін каментатар.»

Адзін з карыстальнікаў прапанаваў уладальнікам звярнуцца ў міліцыю і напісаць заяву. На гэта ў кафэ адказалі: «А навошта нам пісаць заяву ў РАУС?»

У каментарах узгадалі і пра супрацоўнікаў кафэ

Адзін з каментатараў выказаў кафэ прэтэнзіі. Ён заявіў, што ўладальнікі нібыта наймалі людзей без неабходных дакументаў, не заўсёды разлічваліся з супрацоўнікамі, праз што тыя сыходзілі. Таксама карыстальнік сцвярджае, што адзін з уладальнікаў мог парушаць санітарныя нормы падчас працы з наведвальнікамі.

Пры гэтым пацвярджэнняў гэтым заявам у адкрытым доступе няма. Само завядзенне на падобныя абвінавачанні адказала ў каментарах:

«Мы на закрытыя профілі не адказваем. Не пішыце глупстваў. Адкуль вы ўсё гэта ўзялі?».

У Альшанцы зачынілася кафэ Royal: уладальнікі заяўляюць пра ціск і патрабуюць праверак. Установа ўжо выстаўлена на продаж
Кафэ выставілі на продаж. Фота: shoprealty.by

Кафэ прадаюць як гатовы бізнес

Пры гэтым аб’ява пра продаж кафэ з’явілася яшчэ 31 ліпеня — прыкладна за тры тыдні да публікацыі паведамлення пра закрыццё. У аб’яве «Ройал» прапаноўвалі купіць як гатовы актыў разам з усім абсталяваннем і мэбляй.

Кошт складаў 125 тысяч рублёў. Плошча памяшкання — 69 кв. метраў. Указвалася, што кафэ знаходзіцца на першым паверсе асобна стойнага будынка, мае асобную кухню, запасны выхад і ўсе неабходныя камунікацыі.

У аб’яве таксама гаварылася пра дзеючую арэнду ў памеры 2200 рублёў за месяц, пастаянных кліентаў, супрацоўнікаў, пастаўшчыкоў і наладжаную працу дастаўкі.

«Усё арганізавана і працуе: пастаўшчыкі, работнікі, заказы, закупкі. Завядзенне таксама працуе і на дастаўку. Вялікі патэнцыял для далейшага развіцця! Приходи и работай», — гаварылася ў аб’яве.

Паводле ўказанай у ёй інфармацыі, дамова на аказанне рыэлтарскіх паслуг была заключана 31 ліпеня 2026 года.