Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што гатовы адкрыць пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю. Але, верагодна, рух не аднавіцца маментальна. Перашкодзіць можа рамонт, які паўгода таму пачаў беларускі бок у сумежным пункце пропуску «Бераставіца». Маштабныя працы вырашылі правесці, пакуль пераход усё роўна стаіць закрыты, піша «Наша Ніва».
Фатаграфіі з рэканструкцыі «Бераставіцы» апублікаваў 23 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт. На іх відаць, што ўвесь пункт пропуску перакапаны: мяняюць дарожнае палатно, камунікацыі, рамантуюць будынкі і навесы. Завяршыць рэканструкцыю беларускі бок плануе да снежня 2024 года.
Здаецца, адкрыць «Баброўнікі» за пару дзён немагчыма, піша «Наша Ніва». Калі адчыняць мяжу «на працягу некалькіх дзён», як кажа Туск, незразумела, куды паедуць аўтамабілі, разважае выданне.
Як даўно зачыненыя «Баброўнікі» і «Кузніца»
Пункт пропуску «Баброўнікі» закрылі ў лютым 2023 года ў адказ на палітычна матываваны прысуд беларускаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту. Польскія ўлады выразна заяўлялі, што адкрыюць мяжу адразу, як толькі палітвязень будзе вызвалены.
Аднак з цягам часу адкрыць мяжу ўсё гучней пачалі патрабаваць мясцовыя польскія прадпрымальнікі. Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб'яднаны ўсход») заклікала ўлады адкрыць памежныя пераходы, у першую чаргу «Баброўнікі», каб аднавіць паток турыстаў з Беларусі. Паводле падлікаў прадпрымальнікаў, штогод ён прыносіў рэгіянальнаму бізнесу € 124 млн.
Пра тое, што гэты пункт пропуску на мяжы варта адкрыць, у красавіку 2024 г. выказваўся віцэ-спікер польскага Сейма Мацей Жыўна.
Раней, восенню 2021, польскія ўлады закрылі найбліжэйшы да Гродна пункт пропуску «Кузніца». Гэта быў адказ на міграцыйны крызіс, арганізаваны ўладамі Беларусі.
Зараз усе бліжэйшыя да Гродна пункты пропуску на межах закрыты: «Кузніца» і «Баброўнікі» на граніцы з Польшчай і «Райгардас» («Прывалка») на граніцы з Літвой.