Кавярню «Тэмпл» адкрылі 22 траўня на Маставой, 31 у Гродне. Наведвальнікі могуць самі выбраць зерне, напрыклад, з Танзаніі. Таксама ў меню ёсць сняданкі.

Кафэ "Тэмпл" у Гродне. Маставая, 31.
Кавярня «Тэмпл» у Гродне. Крыніца: newgrodno.by

У меню ёсць аўтарскія варыянты напояў: капучына з хатняй карамеллю, ванільны персікавы латэ, раф з гімалайскай соллю або мускатны цытрус. Увечары госці кавярні могуць выпіць не толькі каву, але і папулярныя кактэйлі, аўтарскія напоі, сідр.

«Мы ствараем месца пра каву і эмоцыі. Праз смак, разнастайнасць гатункаў, рэцэптаў і тэхналогій заварвання», — напісалі на старонцы кавярні ў Instagram.

Кававае зерне «Тэмпл» закупляе ў мінскай фірмы «Manufactura», якая займаецца пражаннем кавы з 2014 года.

Ёсць гамак і лежакі

Кафэ знаходзіцца на цокальным паверсе будынка. У гэтым памяшканні раней працаваў бар «Молодость».

Часткова захаваўся інтэр'ер ранейшай установы, але дадаліся жоўтыя колеры. Таксама з’явіліся вялікія люстэркі для сэлфі («як у Pinterest») і «экзатычныя» малюнкі на сценах у стылі «наіўнага мастацтва». На вуліцы ля кавярні ёсць летняя пляцоўка са столікамі, навесам ад сонца, лежакамі, гамаком і нават невялікай каруселлю. Ёсць і другая пляцоўка — ва ўнутраным дворыку.

Час працы кавярні «Тэмпл»:

панядзелак — чацвер, нядзеля — 8.00 — 23.00

пятніца — субота — 8.00 — 00.00

Якія цэны ў кавярні «Тэмпл»?

Цэны на каву пачынаюцца ад 3 рублёў.

  • Капучына:
    • 180 мл — 5 рублёў,
    • 300 мл — 7 рублёў,
  • Латэ:
    • 200 мл — 5 рублёў,
    • 300 мл цэны — 7 рублёў,
  • Фільтр-кава — 6 рублёў,
  • Кедравы капучына — ад 6,5 да 8,5 рублёў,
  • Раф з гімалайскай соллю — 6,5 рублёў.

Таксама ў меню ёсць крафтавая гарбата.

Не толькі выпіць кавы, але і паўнавартасна паесці

У кавярні два меню: першае — з 8.00 да 16.00, другое — з 16.00 да 22.30. Там ёсць стартары, салаты, супы, сняданкі, паста, бургеры, панкейкі і сырнікі. Тартар па-азіяцку з ялавічынай, малінавым лукам і вустрычным соусам каштуе 18 рублёў, панкейкі са слабасалёным ласосем, вяршковым мусам і зелянінай 14 рублёў, міндальныя крэветкі тэмпура з малінавай сальсай 20 рублёў, французскі тост на вяршковай брыёшы з белай рыбай, рукалай, марынаваным агурком, соусам цэзар і тартар 12 руб, а бургер «Джым Бім» з бурбонам, двума ялавічнымі катлетамі, беконам і ананасам 20 рублёў.

Чытайце таксама: Жывая музыка ў Гродне: у якіх барах, кафэ і рэстаранах можна яе пачуць?