Падчас візіту ў Беласток прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што ў найбліжэйшыя дні можа прыняць рашэнне аднавіць працу пункта пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы (з беларускага боку — «Бераставіца»).

«Гэта нібыта разблакавала б значную частку польскага малога і сярэдняга бізнесу, звязанага з прамым тавараабменам „чалавек чалавеку“ паміж беларусамі і палякамі», — заявіў у пятніцу, 24 траўня, Дональд Туск падчас адкрытай сустрэчы ў Беластоку, перадае RMF FM.

«Адразу абмоўлюся, я не прыму гэтае рашэнне, калі ў ваеннага камандавання і пагранічнікаў будзе відавочна негатыўнае меркаванне аб тым, што гэта можа аказаць вялікі негатыўны ўплыў на нашу бяспеку», — дадаў прэм’ер-міністр Польшчы.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сустрэчы ў Беластоку расказаў аб адкрыцці мяжы з Беларуссю
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сустрэчы ў Беластоку. Фота: x.com/RTyszkiewicz

Дональд Туск сказаў, што рашэнне можа быць прынятае на працягу некалькіх дзён. Пры гэтым ён падкрэсліў, што далёкі ад жэстаў у бок беларускага рэжыму і магчымае адкрыццё мяжы не трэба інтэрпрэтаваць такім чынам.

«Я цалкам падтрымліваю гэта! Ізаляваць рэжым, быць адкрытымі для людзей», — напісаў у X (былы Twitter) яго аднапартыец Роберт Тышкевіч, былы дэпутат польскага сейма з Беластока, які ў папярэдніх скліканнях адказваў за тэматыку Беларусі.

«Баброўнікі» зачыненыя ўжо больш за год

Пункт пропуску «Баброўнікі» закрылі ў лютым 2023 года ў адказ на палітычна матываваны прысуд беларускаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту. Пра тое, што гэты пункт пропуску на мяжы варта адкрыць, у красавіку 2024 г. выказваўся віцэ-спікер польскага Сейма Мацей Жыўна.

Адкрыццё мяжы падтрымлівае і польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб'яднаны ўсход»). Яно заклікала ўлады адкрыць памежныя пераходы, у першую чаргу «Баброўнікі», каб аднавіць паток турыстаў з Беларусі. Па падліках прадпрымальнікаў, штогод ён прыносіў рэгіянальнаму бізнесу € 124 млн.