Руслан Красаў жыве ў невялікім польскім горадзе ля мора і марыць адкрыць караоке-таксі. У вымушанай эміграцыі гродзенец апынуўся пасля таго, як у Беларусі сілавікі выбілі яму зубы, а пасля – пасадзілі ў турму. Гісторыю Руслана расказвае «Вясна».
2020 год: збіццё, «суткі» і жывы труп
З ціскам сілавікоў Руслан Красаў сутыкнуўся яшчэ ў 2020. Упершыню мужчыну затрымалі ў жніўні таго года, калі гродзенец у цэнтры горада ішоў да свайго знаёмага. Амапаўцы павалілі Руслана на зямлю і збілі дубінкамі — мужчыне выбілі ўсе верхнія пярэднія зубы.
«Было страшна. Я тады не фатаграфаваў гэтыя сінякі. Мяне затрымалі і змясцілі ў гродзенскае СІЗА, але выпусцілі раней. На тэрыторыі СІЗА былі суддзі, якія мне прызначылі сем сутак арышту», — узгадвае ён.
Руслан прызнаецца: яму было страшна – здавалася, што жыццё скончылася. Мужчыну не кармілі паўтары сутак, праз збіццё ён ляжаў на нарах. Калі гродзенца ўбачыла супрацоўніца СІЗА, то з мацюкамі закрычала: «Вы што робіце? Нам яшчэ адзін труп тут не патрэбен! Хутка накарміце і напаіце яго!» Праз пяць гадзін Руслана накармілі – ён прыйшоў у сябе.
2021 год: звальненне, адмова везці міліцэйскага і калонія
Да вясны 2021 года Руслан працягваў працаваць як вадзіцель пасажырскіх ліній па маршруце Гродна—Гомель. Пасля звольніцца па ўласным жаданні ўсё ж прыйшлося, сцвярджаюць праваабаронцы. Тады гродзенец уладкаваўся ў “Яндэкс.Таксі”.
Падчас выканання аднаго з заказаў машыну Руслана выклікалі ў Кастрычніцкае РУУС Гродна.
«Калі я прыехаў, то ў машыну сеў супрацоўнік у форме. Я сказаў, што супрацоўнікаў МУС не ваджу. Ён спытаў чаму, але я сказаў, што маю права не тлумачыць прычыну. Ён выйшаў з машыны, і я паехаў».
Улетку 2022 года ў кватэру Руслана ўварваліся амапаўцы – сказалі, што затрымліваюць за інцыдэнт з міліцыянтам. У бусе гродзенца збілі, а праўладныя каналы апублікавалі “пакаянае” відэа з удзелам мужчыны.
У выніку прычынай для завядзення крымінальнай справы сталі каментары Руслана, якія ён пакідаў у «Аднакласніках» з 2017 па 2020 год. Усяго мужчына паспеў напісаць больш за 3 тыс. каментароў. Мужчыну ўтрымлівалі ў турме №1 Гродна, пасля яго перавялі ў наваполацкую калонію №1. Руслана асудзілі на тры гады.
“Памятаю, заходжу ўпершыню ў камеру, і кажу: “Вечар у хату!” А мне хлопцы кажуць: “Ты што, фільмаў перагледзеў?” У мяне адразу спыталі які артыкул, на што мне сукамернік адказаў: “Дык ты свой чалавек!” У яго было 2 900 каментароў, а ў мяне больш за тры тысячы», — узгадвае гродзенец.
Умовы зняволення: стаўленне да забойцаў было лепшым, чым да «палітычных»
Па ўспамінах Руслана, асуджаных за забойства або наркотыкі “так не чапалі, як палітычных” – напрыклад, нават забаранялі выпісваць газету “СБ – Беларусь сегодня”.
У турме мужчыне не аказвалі неабходную медыцынскую дапамогу, а спаць дазвалялася толькі на верхніх нарах.
«Я ледзь хадзіў па камеры ад болю. Выклікалі лекара па два-тры разы на дзень, але ён ні разу не прыйшоў. Таблетак або ўколу я так і не дачакаўся. Але пры гэтым з нашай камеры, затрыманага за забойства — спакойна вывозілі ў стаматалогію».
У той жа калоніі адбываў пакаранне Віктар Бабарыка. Сукамернікі папярэджвалі Руслана, каб той не меў зносіны з ім. Мужчына кажа, што хацеў выйсці як мага хутчэй, таму ўвесь тэрмін “сядзеў роўна і не высоўваўся”.
У калоніі Руслан працаваў на чыстцы кабеляў – заробленых грошай хапала на пачак цыгарэт.
«Адзначу, што драўляная мэбля, якая прадаецца ў Беларусі, напрыклад, у “Амі Мэблі”, робіцца зняволенымі. Я здабываў медзь з кабеляў. Працаваў на першай змене. Адразу быў шасцідзённы працоўны тыдзень, а потым зрабілі пяць працоўных дзён. Бо пачалі выходзіць палітвязні і распавядаць пра цяжкія ўмовы ўтрымання ў калоніі».
Выхад з калоніі: “Вы б бачылі, як я бег”
Руслан двойчы пісаў прашэнне аб памілаванні. Першы раз па ўласнай ініцыятыве ў СІЗА Гродна, другі – у калоніі. 20 жніўня 2024 года гродзенца выклікалі з працы і сказалі: «З рэчамі на выхад». Руслан не паверыў – думаў, жартуюць.
«Супрацоўнік кажа: “Ну, калі хочаш, заставайся”. Вы б бачылі, як я бег, каб хутчэй сабраць рэчы і выйсці адтуль. Я не тое, што бег, я ляцеў. Палову рэчаў і прадукты я пакінуў іншым зняволеным. Я схаваў у торбе “жоўтую бірку”, але яе знайшлі і забралі».
Раней за ўстаноўлены тэрмін Руслан вызваліўся па ўказе аб памілаванні. Гродзенцу выдалі грошы на квіток да дому, а таксама сродкі, якія заставаліся на ягоным рахунку ў калоніі. Каля выхаду былых палітвязняў ужо чакалі супрацоўнікі дзяржаўных медыяў. Руслана прымусілі даць інтэрв’ю.
Пасля вызвалення гродзенец пражыў у Беларусі яшчэ паўтара года.
2025 год: вярбоўка КДБ і вымушаная эміграцыя
Восенню 2025 года Руслана выклікалі ў гродзенскае КДБ. Мужчына сцвярджае, што яго хацелі завербаваць.
«Калі я прыйшоў туды, супрацоўнік, які прадставіўся Мікалаем, адразу забраў мой тэлефон і пачаў яго правяраць. У маёй кантактнай кніжцы ён знайшоў польскі нумар — гэта быў тэлефон маёй цёткі, якая шмат гадоў жыве ў Польшчы. Супрацоўнік КДБ сказаў на гэта: “Мы ў тваіх кантактах знайшлі замежны нумар. Руслан Сяргеевіч, трэба, каб вы дапамаглі нам”. Я спытаў, што будзе, калі адмоўлюся. Ён мне пагражаў, што за гэты нумар паеду назад ад 7 да 15 гадоў за “здраду дзяржаве”».
Руслан прызнаецца, што разгубіўся – і падпісаў паперу, што гатовы супрацоўнічаць з КДБ. У рэальнасці мужчына не планаваў супрацоўнічаць і рыхтаваўся да ад’езду.
З Беларусі Руслан выехаў у сакавіку 2025. Ужо знаходзячыся ў Польшчы, атрымліваў паведамленні ад супрацоўнікаў КДБ.
«Са мной зноў звязваўся той кдбшнік, але я яму напісаў, што ўжо знаходжуся ў бяспечным месцы. Ён напісаў мне: “Чакаю вяртання ў Беларусь”».
Жыццё ў мора і мары аб караоке-таксі
Цяпер Руслан жыве ў польскім мястэчку ў мора – пасяліўся непадалёк ад свайго сябра. «Ён мне дапамагае ва ўсім. Тут я таксама планую адкрыць караоке-таксі. Чакаю атрымання міжнароднай абароны – і адразу на працу», – кажа мужчына.
Руслан дадае, што ў Польшчы адчувае сябе бяспечна: сустрэў аднадумцаў і былых палітвязняў, з якімі цяпер падтрымлівае сувязь.
Гродзенцу аказалі медыцынскую, псіхалагічную і матэрыяльную дапамогу. Цяпер Руслан лечыць зубы.
«Калі пачну працаваць, то, думаю, што таксама буду дапамагаць такім жа беларусам», — рэзюміруе ён.
Чытайце таксама: Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь



