Віцэ-спікер Сената Польшчы Мацей Жыўна ўмяшаецца ў пытанне з закрытай мяжой. Ён звернецца ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы для аднаўлення руху хаця б на адным памежным пераходзе з Беларуссю ў Падляскім ваяводстве.
Ён закліча МУС разгледзець «мадэль хаця б частковага аднаўлення пераходаў», каб «хаця б праверыць, як гэта будзе функцыянаваць». Размова ідзе пра закрытыя пераходы, якія знаходзяцца з беларускага боку ў Гродзенскай вобласці («Брузгі» і «Баброўнікі»).
Мацей Жыўна таксама выступіць у Сенаце. Ён падтрымлівае прадпрымальнікаў у гэтым пытанні: у кампаній узнікаюць праблемы, зацягваецца пытанне закрытых пераходаў, а рух ажыццяўляецца ў Люблінскім ваяводстве і праз Літву, прыводзіць яго словы radio.bialystok.pl. Ён лічыць гэтую сітуацыю несправядлівай у адносінах да бізнэсу Падляшскага ваяводства. Мацей Жыўна з Беластока, раней кіраваў Падляшскім ваяводствам і падтрымлівае сваіх выбаршчыкаў.
25 красавіка польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Аб'яднаны ўсход») заклікала ўлады адкрыць памежныя пераходы, у першую чаргу «Баброўнікі», на мяжы з Беларуссю, каб аднавіць плынь турыстаў з Беларусі. Па падліках прадпрымальнікаў штогод ён прыносіў рэгіянальнаму бізнэсу € 124 млн. Як альтэрнатыву аб’яднанне патрабуе працягнуць праграму падтрымкі прыгранічнага бізнесу, каб кампенсаваць страты з-за закрыцця мяжы. З чэрвеня 2023 года прадпрымальнікам ужо выплацілі кампенсацыі на суму больш за € 8,1 млн злотых ($ 2 млн).
Рух у Кузніцы («Брузгі») закрылі на нявызначаны тэрмін у лістападзе 2021 года пасля нападу мігрантаў з боку Беларусі, памежны пераход у Баброўніках («Бераставіца») закрылі ў лютым 2023 года пасля прысуду палітзвяволенаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту. Адкрыты чыгуначныя пераезды, але цягнікі не ходзяць. Адкрытым застаецца толькі пункт пропуску ў Цярэспалі («Брэст» з беларускага боку, Люблінскае ваяводства ў Польшчы).
Чытайце таксама: У Гродне затрымалі групу мігрантаў. Эксперт: «Маўр сваю справу зрабіў, але сыходзіць яму няма куды»