З 07.00 9 лістапада будзе прыпынены памежны рух на аўтамабільным памежным пераходзе ў Кузніцы ў сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы, паведамляюць польскія памежнікі ў Twitter.

Падарожнікам раяць арыентавацца на памежныя пераходы ў Цярэспалі і Баброўніках.

Гэтая пастанова звязаная з адсутнасцю рэакцыі беларусаў на просьбы польскага боку аб прадухіленні незаконнага перасячэння мяжы, паведамілі ў прэс-службе памежнай аховы wiadomosci.onet.pl. Па яе паведамленні, беларускі бок папярэдзілі, што ў выпадку бяздзейнасці пераход будзе зачынены.


Раніцай 8 лістапада вялікая група мігрантаў з рэчамі рушыла ў напрамку памежнага пераходу Брузгі-Кузніца Беластоцкая. Мігранты разбілі палаткі і паляць вогнішчы на мяжы. Па паведамленнях чытача Hrodna.life, траса М6 перакрытая — з боку Гродна легкавым аўтамабілем нельга заехаць на Брузгі.

Чытайце таксама: Калона мігрантаў прайшла ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Іх суправаджалі людзі ў форме і са зброяй