Гродзенцы ўжо адчулі на сабе закрыццё апошняга ў вобласці пункта пропуску на беларуска-польскай мяжы. Кошты квіткоў выраслі амаль на 40%, час у чарзе ў «Привалцы» ў выхадныя вырас да 32 гадзін. Hrodna.life спытаў у эканамісткі Анастасіі Лузгінай і палітолага Валянціна Балюка, якіх эфектаў варта чакаць далей ад памежнага канфлікту Польшчы і Беларусі.

Паўплывае не толькі на Гродзеншчыну

Тое, што закрылі апошні ў Гродзенскай вобласці пагранпераход у Польшчу, негатыўна адаб’ецца не толькі на рэгіёне, але і на сітуацыі ў краіне ў цэлым, лічыць эканамістка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна. На яе думку, у першую чаргу пацерпіць транспартная галіна — груза- і пасажыраперавозкі. Таксама гэта паўплывае на гандаль, сярэдні і дробны бізнэс. А яшчэ на тых, хто стараўся эканоміць «закупамі» за мяжой.

граница мяжа берестовица
Пункт пропуску «Бераставіца». Фота ілюстрацыйнае. Фота: gpk.gov.by

«Складана адсачыць уплыў менавіта на Гродзенскую вобласць, — кажа Лузгіна, — абмежаванне прапускной здольнасці пагранпераходаў за кошт іх скарачэння будзе мець пэўны адмоўны эфект у цэлым для эканомікі краіны. Для людзей, для транспартнікаў, для экспарцёраў і імпарцёраў. Таксама трэба мець на ўвазе, што праз Беларусь ішлі не толькі тавары для ўнутранага рынку. Ішлі грузы, напрыклад, для Расіі і Казахстана. Для гэтых краін закрыццё памежнага пераходу ў Бераставіцы таксама будзе мець негатыўны эфект».

Некаторыя тавары стане немагчыма імпартаваць

Транспартнікі ўжо адчулі прамое ўплыў ад закрыцця «Бераставіцы». Тыя, хто перавозіў пасажыраў, змянілі маршруты і паехалі праз іншыя пераходы. Дарога стала даўжэй, а квіткі падаражэлі.

Для грузаперавозак склалася яшчэ больш складаная сітуацыя. Прагназуюць, што стаяць у чэргах на мяжы прыйдзецца не менш за тыдзень. Праз гэта, на думку Насты Лузгінай, зменіцца і структура тавараў, якія прывозілі ў Беларусь або правозілі праз краіну транзытам: «Некаторыя тавары, якія хутка псуюцца, стане немагчыма імпартаваць».

Пацерпіць малы бізнес і звычайныя спажыўцы

Наступнымі, хто адчуе на сабе эфект закрыцця пераходу, стануць прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, індывідуальныя прадпрымальнікі. «Многія з іх прывозілі з Польшчы тавары і матэрыялы. Зараз гэтая магчымасць звужаецца. Вядома, гэта непрадбачаныя складанасці».

Очередь на въезд в Беларусь в пункте пропуска "Райгардас" ("Привалка") со стороны Литвы. Фото: "Граница BY"
Чарга на ўезд у Беларусь у пункце «Райгардас» («Прывалка») з боку Літвы, 10 лютага 2023. Фота: «Граница BY»

Таксама прыкметна паўплывае сітуацыя з мяжой на тых, хто ездзіў у Польшчу па тавары для асабістага карыстання.

«З Гродна ў той жа Беласток пастаянна ішлі аўтобусы. Людзі ездзілі па больш танныя тавары паўсядзённага карыстання, хатнюю тэхніку, — кажа Лузгіна. — Зараз [у Гродзенскай вобласці] застаўся пераход у Літву, але ў Літве кошты вышэйшыя. Таму ў плане асабістых даходаў і выдаткаў пацерпяць звычайныя спажыўцы».

Чытайце таксама: При въезде в Беларусь придется пройти платную дезинфекцию. На этом заработает провластный бизнес

Ацаніць эканамічны эфект ад закрыцця пагранперахода можна будзе праз некаторы час. Пакуль можна толькі адсочваць прамыя змены — маршруты, кошт транспартных квіткоў, час чакання ў чэргах, падаражанне або знікненне імпартных тавараў.

Беларусь як пагроза бяспецы

Паглядзець на сітуацыю ў больш шырокім кантэксце рэгіянальнай бяспекі прапануе прафесар Валянцін Балюк, палітолаг, дырэктар Цэнтра Усходняй Еўропы ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай. Беларусь, паводле яго слоў, гэта ўдзельнік ваеннага канфлікту ва Украіне на баку агрэсара, яна разам з Расіяй фактычна вядзе вайну супраць усяго Захаду, а беларускія ўлады адказныя за дэстабілізацыю сітуацыі на мяжы з Польшчай; яны ж ужо 18 гадоў праводзяць рэпрэсіі ў дачыненні да Саюза палякаў.

«Я вяду да таго, што дыктатура Лукашэнкі з’яўляецца пагрозай для бяспекі Польшчы. Рэагаванне ў кантэксце падтрымкі польскай меншасці ў Беларусі, патрабаванні ад Лукашэнкі вызваліць Пачобута, або ў кантэксце змены гэтага рэжыму — такія дзеянні, як абмежаванне руху або закрыццё пункта пропуску на мяжы — гэта як раз тыя, якія павінны прывесці да лібералізацыі палітыкі Лукашэнкі», — кажа прафесар Балюк. Пытанне толькі ў тым, ці будуць яны эфектыўныя.

очередь на границе с польшей
Чарга з фураў каля пункта пропуску «Баброўнікі» на польскім баку мяжы. Восень 2021. Тады чарга расцягнулася на амаль 30 км. фота: Wojciech Wojtkielewicz, poranny.pl

Не толькі абурэнне і занепакоенасць, але і рэальныя дзеянні

Эксперт лічыць, што Лукашэнка і яго рэжым павінны атрымаць ясны сігнал, што Польшча будзе рэагаваць не толькі дыпламатычнымі нотамі, але і рэальнымі спробамі аказаць уплыў.

«Па-першае, гэта пытанне бяспекі, па-другое, гэта пытанне абароны правоў чалавека, у тым ліку польскай меншасці ў Беларусі», — тлумачыць Балюк. Пры гэтым ён не ўпэўнены, што спробы паўплываць на Беларусь будуць паспяховымі.

Чытайце таксама: Неабыякавы БРСМ і актывіст кампартыі. Што за грамадзяне пікетавалі пад консульствам Польшчы супраць закрыцця «Бераставіцы»

«Я б не спадзяваўся на хуткае вызваленне Пачобута. Практыка паказвае, што дыктатуры накшталт расійскай ці беларускай заўсёды выкарыстоўваюць палітвязняў як закладнікаў для гандлю з Захадам. Напрыклад, так было ў выпадку Алімпіяды ў Сочы, калі Пуцін вызваліў Хадаркоўскага».

Эканоміка пацерпіць, але прыярытэт у палітычных пытанняў

Валянцін Балюк адзначае, што дзеянні Польшчы павінны быць паспяховыя не толькі ў кантэксце вызвалення аднаго польскага актывіста, але і ў больш важных пытаннях змены рэжыму ў Беларусі і перамогі ў вайне з Расіяй. Пры гэтым палякам варта мець на ўвазе і свой нацыянальны інтарэс, у тым ліку эканамічны.

«Закрыццё аднаго або некалькіх пунктаў пропуску несумненна ўдарыць па нашай эканоміцы. Але пытанні дэмакратызацыі, абароны правоў чалавек і, перш за ўсё, бяспекі Польшчы і Еўропы павінны мець прыярытэт. Я спадзяюся, што ўрад узважыў усе „за“ і „супраць“, і гэтыя дзеянні будуць эфектыўнымі».

Канфлікт не вырашыцца без Масквы?

Ці пойдзе Беларусь на вырашэнне канфлікту? Прафесар Балюк звяртае ўвагу, што суверэнітэт Беларусі ва ўмовах вайны радыкальна абмежаваўся. Ён лічыць, што такія рашэнні будзе прымаць ужо не сам Лукашэнка, а вырашальным можа быць меркаванне Расійскай Федэрацыі.

«Так было ў выпадку мігрантаў і дэстабілізацыі беларуска-польскай мяжы. Тыя крокі, верагодна, былі зроблены пасля кансультацый з Масквой».

Пры гэтым, на думку Балюка, самастойнасць рашэнняў Лукашэнкі абмяжоўвае не толькі залежнасць ад Расіі, але і складаная для яго сітуацыя ў краіне і рэгіёне: у Беларусі вайну падтрымлівае меншасць, у складзе ВСУ ваююць беларускія палкі, а апазіцыя як ніколі раней добра прадстаўленая і ўплывовая на Захадзе. Усё гэта кіраўнік Беларусі павінен будзе ўлічваць, калі захоча развязаць канфлікт з Польшчай.