Гадзіннікавы завод “Луч” выпусціў новую лімітаваную серыю гадзіннікаў “Асоба”. Яна прысвечана кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму.

У калекцыі дзве мадэлі гадзіннікаў. Яны выкананыя з нержавеючай сталі, з раменьчыкам з натуральнай скуры. Механізм хранометраў – кварцавы.

На раменьчыку цясненне нотаў паланэза “Развітанне з Радзімай”, які напісаў Агінскі. Цыферблат выкананы па ўзоры кішэнных гадзіннікаў XVIII-XIX cтагоддзяў. На паверхні гадзінніка – з адваротнага боку – выгравіраваны партрэт кампазітара.

У продаж гадзіннікі паступілі 9 студзеня 2024 года. Усяго завод выпусціў 200 хранометраў – кожны мае выгравіраваны парадкавы нумар. Цана гадзінніка – 419 рублёў.

Не першы лімітаваны гадзіннік ад “Луча”

Раней завод “Луч” выпускаў лімітаваныя калекцыі з Ван Гогам, архітэктурай Мінска і персанажам беларускага тэлебачання пачатку 2000-х гадоў – Пацам-Вацам.

У 2019 годзе на заводзе выпусцілі лімітаваную серыю хранометра – з цыферблатам – паменшанай копіяй гадзінніка з паўночнай вежы Фарнага касцёла ў Гродне. Адметнасць цыферблата ў тым, што замест звычайнай рымскай лічбы «IV» чацвёртая гадзіна пазначана спалучэннем чатырох рысак «ІІІІ».

Чытайце таксама: Дз — ГаДЗіннік. 5 фактаў пра гарадзенскую адметнасць на вежы Фарнага касцёла