Самы стары працоўны у Еўропе. Узвышаецца над горадам на 60-метровай вышыні. Мае свае асаблівасці і цікавості. Усё гэта — гродзенскі гадзіннік на Фарным касцёле.

Дз - ГаДЗіннік. 5 фактаў пра гарадзенскую адметнасць на вежы Фарнага касцёла
Гадзіннік. Малюнак: Ігар Варкулевіч

1. Застаецца самым старым у Еўропе

Гродзенскі гадзіннік зафундавала каралева Бона Сфорца. На думку гісторыкаў, хранометр выраблены ў XVI ст. Але сказаць дакладна, дзе і кім ён быў зроблены, немагчыма. Паводле розных крыніц механізм гадзінніка застаецца самым старым працоўным у Еўропе.

2. На касцёле ўсталявалі не адразу

Спачатку гадзіннік знаходзіўся на гарадской ратушы. Там засядаў магістрат і захоўвалася казна. Пасля аднаго з пажараў драўляны будынак магістрата згарэў, а сам гадзіннік упаў на зямлю. Тады яго перанеслі на вежу езуіцкай калегіі. Калі ў XVIII ст. на Фарным касцёле надбудовалі вежы, то хранометр усталявалі на адной з іх.

3. Гадзіннік не працаваў 70 гадоў

Пасля Першай сусветнай вайны гадзіннік не працаваў 70 год. У міжваенны перыяд механізм хацелі замяніць на больш сучасны, але не паспелі. Лёсам гродзенскай адметнасці зацікавіліся толькі ў другой палове 80-х гадоў ХХ ст. Пасля двухгадовага рамонту ў красавіку 1989 года гадзіннік запрацаваў наноў.

4. Механізм трэба заводзіць раз на тры дні

Механізм курантаў складаецца з трох частак у выглядзе гіраў. Яны адказваюць за адлік секундаў, хвілінаў і гадзінаў. Гадзіннікавы механізм звязаны са званамі спецыяльнай тросавай сістэмай. Кожную чвэрць гадзіны над горадам раздаецца бой гадзінніка. Каб гадзіннік не спыняўся, яго трэба заводзіць раз на тры дні.

5. «Луч» паўтарыў адметнасць цыферблата

Цыферблат гродзенскага хранометра ў 2019 годзе патрапіў на наручныя гадзіннікі. Лімітаваную серыю ў выглядзе паменшанай копіі гадзінніка Фарнага касцёла выпусціў завод «Луч». Адметнасць цыферблата ў тым, што замест звычайнай рымскай лічбы «IV» чацвёртая гадзіна пазначана спалучэннем чатырох рысак «ІІІІ».