Песню «У Гародні дождж» Віктар Шалкевіч напісаў напрыканцы 1990-х. Радкі з яе ведаюць не толькі гродзенцы, але і жыхары іншых гарадоў. Таму ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі» Hrodna.life вырушыў пад травеньскі дождж на шпацыр па мясцінах знакамітай песні.

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Дж - У Гародні дожДЖ. “Гарадзенская азбука” вырушае на шпацыр па радках песні Віктара Шалкевіча
«У Гародні дождж». Малюнак: Ігар Варкулевіч

1.

«Вясновым вечарам анёлы два
На вежах Фарнага касцёла
Зайгралі разам вельмі моцна ноту „фа“,
І дождж наклікалі анёлы»

Пара анёлаў-флюгераў на вежах Фарнага касцёла з’явілася ў 30-х гадах XX ст. Фігуры анёлаў зроблены са звычайнай бляхі. Іх вышыня каля 120 см.
Паводле адной з легенд, калі анёлы павернуцца тварамі адзін да аднаго, надыйдзе канец свету. Але ж павярнуцца такім чынам у флюгераў наўрад ці атрымаецца.

2.

«Яшчэ паспеў схавацца нечаканы госць
У змрочных нетрах „Комплексбанка“»

«Комплексбанк» быў менавіта гродзенскім банкам. Ён месціўся па адрасе вул. Тэльмана, 3. Дзе сёння знаходзіцца упраўленне Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі па Гродзенскай вобласці. Банк паўстаў у самым канцы савецкай эпохі і хутка стаў адным з самых заўважных рэгіянальных банкаў з вялікай сеткай філіялаў. Ён нават паспеў пабыць спонсарам першага прыватнага камерцыйнага радыё ў Гродне — радыё НБК. Але ў 1996 годзе «Комплексбанк» быў праглынуты іншым банкам, які пазней наогул збанкрутаваў.

3.

«Сцяна дажджу няспынна большала,
Нібы крыжацкая навала»

Крыжакі Тэўтонскага ордэна нападалі на Гродна каля 20 разоў. Але толькі пяць разоў у тэўтонцаў атрымалася захапіць Гродна.

Першы захоп адбыўся ў 1284 годзе. Тады горад спалілі і абрабавалі. У 1296 годзе крыжакі двойчы спрабавалі захапіць Гродна. У часы, калі Давыд Гарадзенскі стаў гродзенскім старастам, жыхары атрымалі доўгачаканы перадых у змаганнях з крыжакамі.

У 1328 годзе, пасля трохтыднёвай аблогі, Тэўтонскі ордэн зноў авалодаў горадам. Замак спалілі, а жыхары заплацілі вялікую кантрыбуцыю. Як адзначаў рыцарскі храніст: «Крыжакі бесчалавечна спусташалі ваколіцы горада, забіраючы шмат людзей у няволю».

Таксама рыцары спрабавалі захапіць Гродна ў 1402 годзе, калі вялікі князь Вітаўт быў у Кракаве. Але пацярпелі толькі ваколіцы горада.

4.

«Да ніткі змоклі да апошняе
Ажэшка, Ленін і Купала»

Помнік гродзенскай пісьменніцы Элізе Ажэшцы — найстарэйшы ў горадзе. Яго адкрылі ў гарадскім парку 20 кастрычніка 1929 года. Зараз помнік знаходзіцца недалёка ад дома-музея пісьменніцы.

Бронзавую скульптуру Уладзіміра Леніна вышынёй пяць метраў усталявалі ў кастрычніку 1987 года да 70-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яе аўтарам быў савецкі скульптар Заір Азгур.

Папярэднік помніка быў на ўваходзе ў Парк Жылібера. Той Ленін стаяў спіной да вечнага агню і паказаваў узнятай рукой у бок вуліцы Горкага. У Гродне жартавалі, што ён паказвае накірунак на сытую Прыбалтыку, дзе ёсць кілбаса і сыр.

Помнік Янку Купалу каля ўніверсітэта ўсталявалі ў 1965 годзе ў гонар 75-гадовага юбілею паэта і прысваення яго імя педагагічнаму інстытуту.

Бронзавы бюст вышынёй 1,2 метры ўсталяваны на пяціметровай стэле. На пастаменце замацавана табічка з радкамі верша Купалы «Наша моладзь».

5.

«Батлейка» побач, але хто ж, прабачце,
Гарэлкі помнікам налье?"

Кафэ «Батлейка» ў будынку Тэатра лялек існавала на пачатку 90-х гадоў. Тут бывалі шматлікія дзеячы беларускай культуры, а таксама мясцовыя браткі-бандыты. Заснавальнікі кафэ Мікалай Таранда і Алесь Сураў былі добра знаёмы з акторам і бардам Віктарам Шалкевічам. Ён і прапанаваў выкарыстаць для кафэ адно з памяшканняў тэатра.

Інтэр'ер «Батлейкі» быў вельмі просты. Драўляная мэбля і лялькі, якія раней выкарыстоўваліся ў спектаклях. Музыка грала з магнітафона, які падарылі бандыты. Гарадское кафэ паспела стаць вядомым аб’ектам, але ў 1998 годзе яго зачынілі.

Чытайце таксама:

Віктар Шалкевіч пра Дзень Перамогі: Свята хутчэй гучала мінорна

«Такая доўгая зіма». Слухайце першы за 15 гадоў новы студыйны альбом Віктара Шалкевіча

«Гэта голас Гародні». Гродзенцы расказалі, што для іх значыць Шалкевіч

Шалкевіч на Pradmova і яшчэ трохі Шалкевіча. Слухайце вершы і чытайце пра хуткі канцэрт у Гродне