Міцкевіч на Меркурыі, Гаўрылаў на Месяцы, а Скарына ў касмічнай прасторы. Назвы больш за 20 касмічных целаў звязаныя з Беларуссю. Hrodna.life даведаўся, што гэта за астэроіды і кратары.

Беларускія касмічныя аб’екты: што за яны і чые імёны носяць?
Астэроід. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com

Міжнародны дзень астэроіда святкуюць 30 чэрвеня. Гэтае свята зацвердзілі ў ААН у 2016 годзе з мэтай паведаміць грамадству аб небяспеках, якія могуць несці касмічныя целы. Дату абралі не выпадкова: 30 чэрвеня 1908 года ўпаў Тунгускі метэарыт.

Якія касмічныя целы носяць імёны навукоўцаў

  • Жангловіч — астэроід, які адкрылі ў 1928 годзе. У 1976 годзе яго назвалі ў гонар савецкага астранома Івана Жангловіча, якія нарадзіўся ў Гродне.
  • Каменскі - камету Вольфа І у 1971 годзе назвалі ў гонар астранома Міхаіла Каменскага, які нарадзіўся ў Магілёўскай губерніі.
  • Гаўрылаў - кратар на адваротным баку Месяца. У 1970 годзе яго назвалі імем астранома Ігара Гаўрылава, які нарадзіўся ў мястэчку Рубяжэвічы (Стаўбцоўскі раён).
  • У гонар астранома Гаўрыіла Ціхава, які нарадзіўся ў Смалявічах, названы кратары на Месяцы і Марсе. Таксама малая планета 2251, якую адкрылі ў 1977 годзе ў Крымскай астрафізічнай абсерваторыі.
  • У гонар астранома Сяргея Блажко, які нарадзіўся ў мястэчку Хоцімск (Магілёўская вобласць), названы кратар на Месяцы, а таксама астэроід № 2445.
  • У гонар беларускага астранома Уладзіміра Голубава назвалі астэроід 216 897. Яго ў 2009 годзе адкрылі ў Віцебскай аматарскай астранамічнай абсерваторыі Vitebsk, B42.
  • Алегія — малая планета Сонечнай сістэмы, якую назвалі ў гонар ураджэнца Слаўгарада (Магілёўская вобласць) Алега Каротцава.
  • У гонар астранома, геадэзіста, географа і матэматыка Отта Шмідта, ураджэнца Магілёва, назвалі астэроід 2108.
  • Чыжэўскі - астэроід, які адкрылі ў 1978 годзе. Яго назвалі ў гонар аднаго з заснавальнікаў касмічнага прыродазнаўства і касмічнай экалогіі Аляксандра Чыжэўскага. Ён нарадзіўся ў 1897 годзе ў мястэчку Ціханавец Гродзенскай губерніі (сёння Падляскае ваяводства ў Польшчы).
  • Шчурпакоў - астэроід, які назвалі ў гонар беларускага астранома-аматара Сяргея Шурпакова.
  • Алфёраў - у гонар фізіка Жарэса Алфёрава, які нарадзіўся ў Віцебску, у 1997 годзе назвалі астэроід 3884.
  • Дамейка — у гонар навукоўца і даследніка, удзельніка паўстання 1830−1831 гадоў, а таксама нацыянальнага героя Чылі Іганата Дамейкі ў 1975 годзе назвалі малую планету 2784, якую адкрыў чылійскі астраном Карл Торэс.
  • Астэроід Цэраскія 807 назвалі ў гонар астранома Вітольда Цэраскага, які ў 1849 годзе нарадзіўся ў Слуцку.
  • Дубяга — астэроід, які назвалі ў гонар астраномаў бацькі і сына Дзмітрыя і Аляксандра Дубягаў. Дубяга старэйшы нарадзіўся ў вёсцы Соіна (Магілёўская вобласць).

Касмічныя целы, якія назвалі ў гонар мастакоў і пісьменнікаў

  • У гонар віцебскага мастака Марка Шагала назвалі астэроід 2981, які адкрылі ў 1981 годзе.
  • У гонар першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны назвалі малую планету 3283, якую адкрыў савецкі астраном Мікалай Чорных.
  • У гонар пісьменніка Канстанціна Сіманава назвалі астэроід 2426. Паводле завяшчання Сіманава, пасля смерці яго прах развеялі над Буйніцкім полем пад Магілёвам.
  • У гонар паэта «трох народаў» Адама Міцкевіча на планеце Меркурый назвалі кратар.

Астэроіды, якія носяць назвы беларускіх гарадоў

Астэроід 2170, які ў 1971 годзе адкрылі ў Крымскай абсерваторыі, назвалі ў гонар Беларускай ССР. Астэроіды 3012 і 3232 назвалі ў гонар беларускіх гарадоў Мінск і Брэст. Іх адкрыла сямейная пара астраномаў-аматараў Чарнавых. У 2009 годзе ўраджэнец Віцебска Віталь Неўскі адкрыў астэроід 264 061. Ён назваў яго ў гонар свайго горада.

Астэроід 3482 атрымаў назву «Лясная» — у гонар вёскі ў Магілёўскай вобласці. Побач з гэтай вёскай ў 1708 годзе войскі Пятра І разбілі шведскі корпус пад камандаваннем генерала Лівенгаўпта.

Астэроід «Кугулцінаў 2296» прысвяцілі памяці жыхароў вёскі Хатынь у Мінскай вобласці, а таксама памяці іншых вёскак, якія былі знішчаны падчас Другой сусветнай вайны.

Чытайце таксама:Топ-7 касмічных вуліц Гродна: куды пайсці на шпацыр у Дзень Касманаўтыкі