Жыхары Слоніма хацелі зрабіць свой горад старажытней на 247 гадоў - і прапанавалі змяніць афіцыйна прынятую дату яго заснавання з 1252 на 1005 год. Не атрымалася, бо не пагадзіўся Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А ці былі паспяховыя выпадкі «састарэння» беларускіх гарадоў? І ці можна так зрабіць яшчэ старажытнейшым Гродна?

Якія беларускія гарады паспяхова састарылі

Апошні прыклад падобных зменаў - Слуцк. У 2022 годзе дэпутаты Слуцкага раённага савета змянілі афіцыйную дату заснавання горада з 1116 года на 1005 год. Гэта адбылося на падставе Статутнай граматы аб заснаванні Тураўскай епархіі, дзе ўзгадваецца горад.

У 1994 годзе змянілі дату заснавання Ваўкавыска з 1252 года на 1005 год. А дату заснавання Копыля з 1247 змянілі на 1006 год.

Як вызначаюць, калі быў «заснаваны» горад

Афіцыйныя даты заснавання беларускіх гарадоў - звычайна даты першай узгадкі ў гістарычных крыніцах. Акрэсліць старажытнасць горада можна паводле пісьмовых і археалагічных крыніц.

«Міфы і паданні ўжо не дапамагаюць [выявіць, калі быў заснаваны горад — Hrodna.life], у выпадку старых гарадоў яны — адносны новаствор. Яшчэ тапаніміка. Часам назва дае ключ да разумення першых старонак гісторыі горада», — сказала Hrodna.life гісторык Cвятлана Куль.

Рашэнне пра змену афіцыйна прынятай даты прымаюць мясцовыя ўлады на падставе рашэння спецыялістаў з Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Акрамя гістарычных хронікаў, у якіх узгадваецца дата заснавання горада, патрэбныя і археалагічныя знаходкі, якія пацвярджаюць наяўнасць паселішча ў пэўны гістарычны перыяд.

У выпадку Слоніма навукоўцы з НАН палічылі, што прапанаваныя спасылкі пра існаванне Слоніма ў 1005 годзе — непераканаўчыя. А археалагічныя матэрыялы, маўляў, не даюць магчымасці сцвярджваць, што на месцы Слоніма ў канцы X — пачатку XI стагоддзяў існавала паселішча.

Якія ёсць альтэрнатывы для Гродна

Стаянку каменнага веку на ўсходняй ускраіне вёскі Солы ў 1972 годзе адшукаў археолаг Міхась Чарняўскі. На гэтым месцы адшукалі крамянёвыя прылады працы, а таксама фрагменты ляпных гаршчкоў. Падобныя рэчы археолагі знаходзілі і на дзядзінцы Старога замка. Такія знаходкі сведчаць пра тое, што горад узнік у канцы X стагоддзя.

«Паселішча тут было з неаліту [10 тыс. — 2,2 тыс. гадоў да н.э — Hrodna.life]», — пацвердзіла Святлана Куль.

1005 год

У 1005 годзе ва «Устаўной грамаце вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаслававіча аб заснаванні Тураўскай епархіі» узгадваецца сярод іншых беларускіх гарадоў і Гродна.

«Се аз, князь великий киевскии Василии, нарицаемыи Владимер, умыслих со своею княгинею Анною и з детьми своими: с сыном Изяславом и Мьстиславом, Ярославом и Всеволодом, Борисом и Глебом, и со всеми детми, и з боляры своими третие б[о]гомол[и]е епископию постави (х) в Турове в лето 6513 [1005 г.]. И придах к неи городы с погосты в послушание и священие и благословение держати себе Туровскои епископии: Пинск, Новгород, Городен, Слоним, Берестеи, Волковыеск, Здитов, Небле, Степан, Дубровица, Высочко, Случеск, Копыл, Ляхов, Городок, Смедян. И поставих перваго епискупа Фому. И придах села, винограды, земли бортные, волости со всеми придатки, озера, реки, тако и в мыте, и на торгу, и на перевозах десятую неделю, десятыи пеняз и от жита десятая копа святому Спасу и святеи богородицы…»

1116 год

Ёсць пісьмовыя крыніцы, якія дазваляюць лічыць, што Гродна ўпершыню ўзгадваецца ў 1116 годзе. Там зафіксавана, што ў гэты год пабраліся шлюбам князь Усевалад (першы гродзенскі князь) і княгіня Агафья.

Але дакладна невядома, ці быў ужо ў той час Усевалад гродзенскім князем. Таксама дакладна невядома, дзе адбылося вяселле. Таму абапірацца на гэты факт не зусім карэктна.

Такога ж меркавання прытрымліваецца Святлана Куль: «1116 нельга [лічыць датай заснавання горада — Hrodna.life], бо Гродна не згадваецца». З яе словаў, князь пасля шлюбу быў пасланы пільнаваць бурштынавы шлях — умацаваць факторыю на Нёмане. «Атрымаў тлусты кус, бо сеў на адгалінаванне шляху з варагаў у грэкі», — тлумачыць той момант гісторыі Святлана Куль. Але згадкі пра наш горад у 1116 не было.

1127 год

Паводле гродзенскага краязнаўцы Алеся Госцева, Гродна ўзгадваецца ў трох летапісах.

  • Радзівілаўскі (Кёнігсбергскі) — самая старажытная крыніца,
  • Іпацьеўскі,
  • Лаўрэнцьеўскі.

У кожным летапісе ўзгадваецца адна і тая ж падзея: як князь Мсціслаў сабраў войска і сярод удзельнікаў пахода быў і «Усеваладка з Городна». У Радзівілаўскім і Лаўрэнцьеўскім летапісах пазначаны 6635 год (1127 год), а ў Іпацьеўскім летапісе — 6636 год (1128 год).

Дык чаму адлік пачынаецца ад 1128 года?

На думку Госцева, блытаніна пачалася з-за гісторыка Яўстафія Арлоўскага, які ў сваёй кнізе «Гродненская старина» даследчык абапіраўся на самы малады летапіс — Іпацьеўскі. Але і зрабіў у тэксце зноску, што паводле дзвюх іншых крыніц — дата можа быць з розніцай у год.

Калі ў 1978 годзе адзначалі 850-годдзе горада, то на старонках газет адбылася дыскусія наконт даты заснавання горада. У савецкія часы абапіраліся на Іпацьеўскі летапіс, бо ў ім першая ўзгадка пра Маскву была ў 1147 годзе — самае ранейшае ўзгадванне горада ў параўнанні з іншымі дакументамі, лічыць Госцеў.

Калі гарадам лепш святкаваць гадавіны?

На думку Святланы Куль, для многіх гарадоў важна быць як мага больш старадаўнім, бо гэта «традыцыя і гонар». Але варыянты, як і калі святкаваць могуць быць рознымі.

«Калі святкаваць — хай кожны горад сам вызначае. Традыцыі ў кожнага свае. Гродна горад магдэбургскі і ўніверсітэцкі. Адпаведна і імпрэзы пра самакіраванне, навуку і культуру», — лічыць гісторык.

Некаторыя гарады, сапраўды, адзначаюць гадавіны атрымання магдэбургскага права, а не найстарэйшага ўзгадвання. Напрыклад, Кракаў вельмі урачыста святкаваў 750-годдзе надання самакіравання ў 2007 годзе — бо атрымаў магдэбургскае права ў 1257. Хаця, вядома, горад значна старэйшы.

Чытайце таксама: «Как узнал историю нашего герба — все изменилось». Краевед Алесь Гостев о том, когда в Гродно лучше отмечать День города