У Гродне прынялі рашэнне аб завяршэнні ацяпляльнага сезона для грамадскіх, адміністрацыйных і прамысловых будынкаў. Пра гэта паведамілі ў Гродзенскім гарадскім выканаўчым камітэце.
Ацяпленне ў арганізацыях пачалі адключаць з 16 красавіка. Да гэтага часу ўсталявалася станоўчая сярэднясутачная тэмпература паветра, ёсць спрыяльны прагноз надвор’я.
Калі плануюць адключаць ацяпленне ў кватэрах, пакуль не ўдакладнілі.
Паводле правіл, ацяпленне адключаюць, калі сярэднясутачная тэмпература будзе +8 і вышэй на працягу пяці дзён. Спачатку адключаюць у адміністрацыйных будынках, потым — у жылым фондзе, і толькі пасля — у сацыяльных аб’ектах.
Сіноптыкі ў бліжэйшыя дні ў Беларусі абяцаюць цёплае надвор’е. У пятніцу, 17 красавіка, уначы +3…+7°C, удзень ад +13°C па Віцебскай вобласці і да +20°C па Гомельскай. Магчымыя кароткачасовыя дажджы і туман раніцай. У Гродне ўдзень будзе да +13°C.
У выхадныя захаваецца камфортнае надвор’е. У суботу ўначы +5…+11°C, удзень ад +10°C на ўсходзе да +17°C на захадзе. У нядзелю ўначы +6…+11°C, удзень ад +14°C на паўночным усходзе да +19°C на захадзе, ападкі малаверагодныя.



