Навіны

Слонімская сінагога XVI ст. зноў патаннела ўдвая. У папярэдняй пакупніцы будынак забралі

Сінагогу ў Слоніме прадаюць з 2020 года. Зараз за яе хочуць 64,5 тыс. рублёў ($ 19,8 тыс.) — палову ад пачатковага кошту. Сінагогу ўжо паспелі прадаць, але забралі ў пакупніцы, бо тая не змагла знайсці грошы на рэканструкцыю.

Сінагога XVI ст. знаходзіцца ў Слоніме на вул. Савецкай, 1. Разам з асноўным будынкам прадаюць дзве прыбудовы і веранду. Дах пакрыты металадахоўкай.

Агульная плошча сінагогі - 673,3 кв. м. Зямлю, на якой стаіць будынак, пакупнік атрымае ў бязвыплатную арэнду на 50 гадоў.

Якія ўмовы?

Будынак дазволена рэканструяваць пад аб’ект культавага прызначэння, музейны комплекс, грамадскае харчаванне або гандаль, ён можа атрымаць культурна-відовішчнае ці забаўляльнае прызначэнне.

Сінагога мае статус помніка гісторыка-культурнай спадчыны. Пакупнік абавязаны будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства. Пры рэканструкцыі ці капітальным рамонце прыйдзецца захаваць мастацкія, стылістычныя і канструктыўныя асаблівасці будынка сінагогі. На распрацоўку перадпраектнай і праектнай дакументацыі і экспертызы даецца два гады з моманту заключэння дамовы куплі-продажу. Увесці будынак у эксплуатацыю трэба не пазней, чым праз пяць гадоў з моманту пакупкі. Калі гэтага не зрабіць, прадавец забярэ будынак назад без пакрыцця пакупніку выдаткаў. Цяпер сінагога належыць Слонімскаму райвыканкаму.

Таргі пройдуць 12 кастрычніка на пляцоўцы Беларускай таварнай біржы.

У чым каштоўнасць будынка

Слонімская сінагога — помнік барочнай архітэктуры — была пабудавана ў 1642 годзе. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічала да 1940 года. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся склад і гандлёвыя памяшканні.

Унутры захавалася частка барэльефаў і роспісаў. Будынак пустуе з 1990-х гадоў.

Сінагога ў Слоніме. Фота: meridian28.com

Чытайце таксама: Ацаніць інтэр'ер слонімскай сінагогі ў XVII стагоддзі праз VR-шлем. У Беларусі стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка

Папярэдняя пакупніца не пацягнула рамонт

У 2018 годзе выкупіць слонімскую сінагогу планаваў брытанскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Прадстаўнікі арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.

Першы раз улады выставілі сінагогу на аўкцыён у пачатку лета 2020 года. Помнік архітэктуры 1642 года першапачаткова ацанілі ў 137 тыс. рублёў ($ 50 тыс.). З траўня па снежань аб аўкцыёнах аб’яўлялася тройчы, але пакупнікоў усё не было. У выніку, да апошніх таргоў сінагога патаннела да 27 тыс. рублёў.

У канцы 2020 года слонімскую сінагогу купіла дзіцячая пісьменніца Іаана Рыўз (Ілона Караваева) за 30 тыс. рублёў. Для гэтага яна прадала кватэру ў Мінску. Для пошуку сродкаў яна стварыла фонд «Ратуючы спадчыну». На рэканструкцыю спатрэбілася 164 тыс. рублёў - такіх грошай жанчына сабраць не змагла. У чэрвені 2022 года Караваева ліквідавала фонд. Аднаўленню сінагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ва Украіне. Інвестараў або дзяржаўных праграм для падтрымкі праекта таксама не знайшлося. Слонімскі райвыканкам забраў сінагогу назад.

Будынак зноў спрабавалі прадаць у траўні 2023 года за 129 тыс. рублёў (€ 40 тыс.). Ахвотных купіць не знайшлося.

Чытайце таксама: «Навошта гэта інвестару?». Бізнесмены не купляюць гістарычныя будынкі ў рэгіёне — і вось чаму

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024