Слонімскую сінагогу XVII стагоддзя купіла пісьменніца Іаана Рыўз, піша «Газета Слонімская». Аўкцыён прайшоў у канцы 2020 года, цана будынка склала каля 30 тысяч рублёў.

На першым аўкцыёне, у чэрвені 2020, сінагогу намагаліся прадаць за 137 тыс. рублёў, але пакупнікоў не знайшлося. На аўкцыёне 19 кастрычніка кошт знізілі ўдвая. Пры трэцяй спробе прадаць будынак 29 снежня пачатковую цану ўсталявалі 27 400 рублёў.

Іаана Рыўз (сапраўднае імя Ілона Караваева) — пісьменніца з Мінска, член Саюза музычных дзеячаў Беларусі і Еўразійскай творчай гільдыі (Лондан), аўтарка дзіцячай кнігі «Казкі закінутага лесу» на англійскай і рускай мовах, удзельніца і лаўрэатка міжнародных літаратурных конкурсаў у Лондане і Празе ў 2018 годзе.

Сінагогу XVII стагоддзя ў Слоніме купіла пісьменніца
Ілона Караваева

Згодна з умовамі продажу, пакупнік павінен распрацаваць праектную дакументацыю на правядзенне рэканструкцыі або капітальнага рамонту аб’екта ў працягу 2 гадоў з дня заключэння дагавора куплі-продажу. Рэканструкцыя ці капітальны рамонт павінен быць праведзены з захаваннем мастацкіх, стылістычных і канструктыўных асаблівасцяў будынка. Аб’ект трэба ўвесці ў эксплуатацыю не пазней за 5 гадоў з дня заключэння дагавора куплі-продажу.

Выкупіць сінагогу планаваў лонданскі Фонд габрэйскай спадчыны. Раней прадстаўнікі гэтай арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў габрэйскага сусветнага спадчыны, якім патрэбна дапамога.

Сінагогу XVII стагоддзя ў Слоніме купіла пісьменніца
Сінагога ў Слоніме, інтэр'ер

Слонімская сінагога — помнік барочнай архітэктуры — была пабудавана ў 1642 годзе. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраванні гараджан. Дзейнічаў да 1940 года. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчаўся склад і гандлёвыя памяшканні. Унутры захавалася частка барэльефаў і роспісаў. Будынак пустуе з 1990-х гадоў.